мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №36-38    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

26.02.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 13 шлюбаў, зроблена 9 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шаснаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Арыне Кулакоўскай, Настассі Княжэвіч, Софіі Лявонцьевай, Вадзіму Пазднякову, Мілане Татарыцкай, Мацвею Саскевічу, Лізавеце Лукашэвіч, Карыне Клімовіч, Лаліце Пяткевіч, Уладзіміру Юхноўскаму, Вользе Карневіч, Паліне Наско, Дар'і Турко, Макару Шчэцьку, Алісе Колбінай і Ганне Андрэевай.

Зямны шлях закончыўся для 32-х чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Куль. На сядзібе вяскоўца агонь знішчыў дашчаную надворную пабудову. Папярэдняя прычына пажару - парушэнне правіл эксплуатацыі электрапрыбораў.

  Міліцыяй узбуджана 9 крымінальных спраў. Невядомы выкраў на 270-м км аўтадарогі Брэст -Мінск - мяжа РФ 80 м2 загараджальнай сеткі, чым нанёс матэрыяльныя страты філіялу ДЭУ-4. З салона аўтамабіля, прыпаркаванага паблізу дома па вул. Нясвіжскай у Новым Свержані, зніклі грошы. З дома ў вёсцы Слабодка (Цеснаўскі сельсавет) зламыснік выкраў і грошы, і прадукты харчавання. У вёсцы з такой жа назвай, але ў Залужскім сельсавеце, вясковец не далічыўся металічных труб, секцый радыятараў і іншых матэрыялаў. У гардэробе аднаго з прадпрыемстваў раёна ўчынены крадзеж кашалька, у якім былі грошы і пластыкавая картка. У Стоўбцах на вуліцы Цэнтральнай зламыснік пакінуў нецвярозага прахожага без залатога ланцужка.

Пракуратурай раёна праводзяцца праверкі па факту нявыплаты заработнай платы, а таксама ўнясення наўмысна фальшывых звестак службовымі асобамі аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна; па факту пажару ў вёсцы Вялікая Гуменаўшчына, дзе быў знойдзены труп жанчыны 1934 года нараджэння; па факту гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару ў адносінах да непаўналетняй з в. Падлесейкі Брэсцкай вобласці. Разгледжаны 3 звароты. У суд раёна накіраваны 11 крымінальных спраў у адносінах да 15 асоб.

  Суд прызначыў 2 мільёны 450 тысяч рублёў штрафу 45-гадоваму стаўбчаніну: пасля сумеснага распіцця спіртнога ў кафэ "Маліна" мужчына паквапіўся на кашалёк таварыша. 49-гадовы жыхар Залужжа паўторна на працягу года кіраваў мапедам у нецвярозым стане, за што атрымаў пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ тэрмінам на 1,5 года і пазбаўленне права кіравання на 5 гадоў. 25-гадовы стаўбчанін выкраў ноччу на аб'екце ПМК-233 "Жыллёва-будаўнічы кааператыў "Стаўбчанка", дзе, дарэчы, сам працуе цесляром, 170 штук будаўнічых скобаў і быў аштрафаваны судом на 350 тысяч рублёў.

   ДАІ выявіла 168 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод правапарушальнікаў - 8 бяспраўных і 6 нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх - механізатар СВК "Шашкі", за выпуск яго на лінію прыцягнуты да адказнасці галоўны інжынер гаспадаркі), 19 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 15 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. 

"Хуткая" выязджала да хворых 432 разы, у тым ліку 17 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Моцныя маразы выклікалі 2 факты адмаражэнняў канечнасцей. Пацярпелыя былі падабраны на вуліцах горада.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ