мобильная версия
Прамень

Імша ў гонар 100-гадовай Марыі Мінцель

Нумар - №41-44    Рубрыка - Сям’я

10.03.2011

"Не верыцца - хіба нашай мамачцы ўжо 100 гадоў?!" - дзівіцца дачка Марыі Антонаўны Мінцель, яе ж першая памочніца Гертруда Янушэвіч.

Так, у сярэдзіне лютага мінула сто бабуліных вёснаў і зімаў! Гэта рэдкая падзея для пушчанскага наваколля. Марыя Мінцель - адзіная стогадовая жыхарка на ўвесь Налібацкі сельсавет.

У гонар шаноўнай бабулі Марыі з вёскі Кляцішча ксёндз Мар'ян Шэршань прызначыў імшу. "Прыходзьце на дом да Гертруды, - наказваў ён вяскоўцам, - будзем разам маліцца за здароўе нашай Марыі".

Бабуля-імянінніца сама ўжо да каплічкі не дойдзе, таму ёй, безумоўна, прыемна такая павага да сябе. Душа яе соладка шчыміць яшчэ і ад таго, што ў гэтым веку яна мае магчымасць… акунуцца ў сваё далёкае дзяцінства. Ёй запомнілася, як некалі, калі храмаў не было, ксёндз ездзіў па дамах. Дамашняя малітва была асаблівай… Хоць бабуля Марыя даўно не чытае кніжак (вочы слабеюць), але працягвае маліцца па ружанцу.

Другі год, як яна перасялілася да дачкі Гертруды. Ехаць са сваёй вёскі нікуды не прыйшлося, бо і яе хата таксама стаіць у Кляцішчы, зусім недалёка. Калі была крыху дужэйшай, то ўсе прапановы пераезду ўспрымала ў "штыкі": "Я са сваёй хаты нікуды не паеду! Не хачу вам дакучаць і сябе мучыць". Гертруда Пятроўна таксама не маладая, ёй 73-ці год, і яна таксама ўдава. Дзвюм пажылым кабетам было б няпроста самастойна ўпраўляцца ў звычайнай вясковай хаце без выгодаў, калі б не мужчынская падтрымка. Побач з імі малодшы сын гаспадыні - Аляксандр, адзін з 16-ці ўнукаў бабулі Марыі. Ён пакуль нежанаты, робіць цяпер у лясніцтве. У Аляксандра 20-гадовы вопыт работы кранаўшчыком, але дзеля адзінокіх матулі і бабулі ён вярнуўся ў Кляцішча. Дроў нарыхтаваць, накалоць, вады прынесці - работы гэтай і іншай Аляксандр не баіцца.      

А з 15 лютага, стогадовага дня нараджэння бабулі Марыі, распачалося ў іх хаце свята.

- Мамулька, прыйдуць да цябе госці, - сказала Гертруда Пятроўна сваёй маці з раніцы. - Стол накрылі. Бабуліна дачка Стася, мая сястра, прыехала з Дзяржынска. Сын Іван, каторы тут, у Кляцішчы, прыйшоў з сям'ёю. Усе цалавалі бабулю, падарункі прынеслі. Яна давольная!.. Унукі з сем'ямі будуць ехаць яшчэ цэлы месяц, у каго калі атрымаецца...

Сям'я ў бабулі Марыі сапраўды вялікая і разрастаецца год ад году. Некалі яна нарадзіла дзесяцярых дзяцей. Выжылі ў той час шасцёра. Усіх вывела ў людзі. Дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі раскіданыя па ўсім свеце, у кожнага - свой лёс. Двух сыноў, на жаль, ужо няма ў жывых.

Бабулю Марыю лёс не цешыў падарункамі з самага дзяцінства. Нарадзілася ў сям'і, дзе было чацвёра дзяцей - яна, дзве сястры і брат. З узыходам сонца і да цёмнага ўсе працавалі на гаспадарцы. Рана не стала маці. Гадаваліся з мачыхай. Помніцца вайна, голад і холад... Былі спалены і вывезены немцамі са сваёй роднай вёскі Сівіца Валожынскага раёна ў Івянец, у гета. Пражыла бабуля нялёгкае жыццё, а тут  і старасць у дзверы пастукала.  

Але жыццё, зменлівае і вялікае, дае ёй сілы жыць далей, не падаць духам і, галоўнае, - любіць. Сёння дачка ва ўсім дапамагае бабулі, падае ёй ежу. На ноч, каб лепш спалася, накапае валяр'янкі або пустырніка. У спальні спецыяльна вісіць "начнічок". "Калі трэба, то я і ноччу падхвачуся", - гаворыць Гертруда Пятроўна, якая і ноччу побач з маці, на суседнім ложку. "От, узялі сабе бяду на галаву", - у гэтым "варкаванні" бабуля нязменна застаецца сама сабой. Як жа - яна прывыкла па жыцці быць самастойнай, дапамагаць іншым, а не каб яе абслугоўвалі.  

Любіць бабуля звычайную вясковую ежу, каля яе заўсёды вазачка з цукеркамі. "Пенсія ў яе невялікая, - тлумачыць дачка. - Пасля дабавак паднялася да 313 тысяч рублёў. Дзетак было многа і працавала некалі за "палачкі". Але дзякуй Богу за такія гады".

...Сярод пушчанскіх прастораў размяняла другое стагоддзе бабуля Марыя - простая беларуская жанчына са светлай душой і працавітым характарам. Яна дала пачатак вялікаму роду, які, безумоўна, будзе працягвацца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ