Быць любімымі – вось і шчасце
Нумар - №41-44 Рубрыка - Сям’я
10.03.2011

У сям'і Сідорыкаў са Слабады да свята 8 Сакавіка сапраўдны падарунак. Яшчэ большы шанцунак у жыцці ў пяцігадовага хлопчыка Вадзіма Бейшара з дзіцячага сацыяльнага прытулку - ён пераехаў у сям'ю. Як расказвае мама Вольга Леанідаўна, іх сын Данііл не мог дачакацца гэтага дня, калі ў яго з'явіцца сябар. Трэба ж, у іх і ўзрост аднолькавы, у адзін дзіцячы сад будуць хадзіць.
У сям'і Валерыя Леанідавіча і Вольгі Леанідаўны Сідорык гэта ўжо другое прыёмнае дзіця. У мінулым годзе яны ўзялі да сябе дзевяцігадовую Ульяну. І толькі дзякуючы добраму сэрцу гэтых людзей і Вадзім Бейшар не адпраўлены ў інтэрнатную ўстанову, яго дзяцінства будзе праходзіць пад пакровам сямейнага ачага, у любові, клопаце, ласцы.
На пытанне аб прафесіі Вольга Леанідаўна сумелася - яна мама. Муж яе працуе ў ААТ "Лясная кампанія". І, канешне ж, большую частку часу з пяцярымі дзецьмі праводзіць Вольга Леанідаўна. І клопаты ў яе не толькі накарміць іх, сабраць у школу, даць навыкі па дамашняй гаспадарцы. Вольга Леанідаўна жыве іх жыццём. Прыёмная дзяўчынка Ульяна за паўгода павысіла паспяховасць у сярэднім на два балы. Канешне, Вользе Леанідаўне прыйшлося ўдзяліць ёй больш часу пры падрыхтоўцы ўрокаў, чым іншым, аднак які вынік старанняў і Ульяны і мамы. Іх Лізавета ходзіць ў Коласаўскую ДАСШ, Ульяна - таксама, Паліна - у стаўбцоўскую гімназію № 1, сын Данііл - у дзіцячы яслі/сад № 1 г. Стоўбцы. Хтосьці вучыцца ў першую змену, хтосьці - у другую. Цэлы дзень Вольга Леанідаўна за рулём. Адвозіць дзяцей, прывозіць. Больш таго, усе чацвёра - Лізавета, Паліна, Ульяна і Данііл - займаюцца ў Стаўбцоўскай школе мастацтваў - іграюць на баяне. І невыпадкова выбраны гэты музычны інструмент. У сям'і Вольгі Сідорык дзед быў адмысловым баяністам, і дзядзька таксама. Так што сямейныя традыцыі жывуць у пакаленнях.
З Вольгай Леанідаўнай, маладой жанчынай 30 гадоў, вельмі прыемна мець зносіны. Яна спакойная, вочы свецяцца дабрынёю, міласэрная, з такой любоўю расказвае пра дзяцей. Радуецца, што Ульяна мае ўжо навыкі смачна прыгатаваць, у яе проста талент на гэта, з ахвотай накрывае на стол, усё ў яе атрымліваецца. Дзяўчынка адчувае сябе шчаслівай у акружэнні сваёй новай сям'і. Верыш, што сіроты сталі Сідорыкам роднымі. Канешне ж, мы задаём Вользе Леанідаўне пытанне, што падштурхнула іх з мужам стварыць прыёмную сям'ю. Вольга Леанідаўна расказвае, што яны доўгі час сябруюць са Сняжанай Савіла з Зарэчча, якая з'яўляецца прыёмнай маці. Яны назіралі, якое шчасце яна прыносіць дваім дзецям-сіротам, забяспечваючы ім радаснае дзяцінства, што абавязкова павінна быць у кожнага дзіцяці. Ідэя ўзяць у сям'ю прыёмнае дзіця адразу прыйшла Вользе Леанідаўне, муж яе падтрымаў. І цяпер у іх пяць дзяцей - кожны са сваім характарам, са сваімі звычкамі, здольнасцямі, радасцямі. І кожны - асоба, толькі трэба ўбачыць гэту індывідуальнасць і бацькоўскай мудрасцю дапамагчы ім раскрыцца ва ўсёй паўнаце.
Метадыст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Алена Калошыч дзеліцца сваёй радасцю. У нас у раёне прыжылася такая форма ўладкавання дзяцей, як стварэнне прыёмнай сям'і. Для жанчын, якія засталіся без работы, гэта магчымасць працаваць, атрымліваць заработную плату, назапашваць стаж для атрымання пенсіі і адначасова рабіць такую богаўгодную справу - выхоўваць сірату.
Сёння ў нас у раёне 19 прыёмных сем'яў, дзе выхоўваецца 32 дзіцяці. У сектар аховы дзяцінства аддзела адукацыі звярнуліся яшчэ дзве маладыя сям'і з жаданнем узяць на выхаванне дзяцей-сірот.






