мобильная версия
Прамень

Гармонію трэба стварыць

Нумар - №41-44    Рубрыка - Сям’я

10.03.2011

Фотография 1

Каб сустрэцца раз і назаўсёды, ім патрэбна было паехаць на Палессе. Пазней толькі яны даведаліся, што абое родам з Нясвіжскага раёна. Пасля заканчэння педвучылішча Іван Іванавіч быў накіраваны на працу настаўнікам пачатковых класаў ў Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці. А пяюха і выдатны арганізатар Ларыса разам з сяброўкай паехала паступаць у культпрасветвучылішча ў Гродна. Ларыса паступіла, а сяброўка атрымала двойку па дыктанту. Вясковай дзяўчыне так страшна было заставацца адной у незнаёмым горадзе, што яна таксама забрала дакументы і прыехала дамоў.

Дваюрадны брат Валянцін Бруй, пазней - дырэктар Нясвіжскага педвучылішча, у той час працаваў у райкаме камсамола Жыткавіцкага раёна і забраў да сябе Ларысу. Ёй прапанавалі работу піянерважатай у Мілевічах, у той жа школе, дзе працаваў малады спецыяліст Іван Корсак. Ад Жыткавіч дабрацца туды за 60 кіламетраў па складанай лясной дарозе можна было толькі на грузавой папутцы. У гэты дзень Іван Корсак прыехаў сустракаць на вакзал сваю паненку, настаўніцу рускай мовы, а Ларысу чакала на вакзале дырэктар школы.

Назаўтра яны сустрэліся ў школе. Ларыса не магла не звярнуць увагі на прыгожага спартыўнага хлопца з тэніснай ракеткай у руках - ён выкладаў у школе і фізкультуру. Сімпатыі адзін да аднаго ўзніклі адразу, і спатрэбіўся няпоўны год, каб Іван і Ларыса прынялі рашэнне аб шлюбе. Ларысе было 18, Івану - 21. Хутка Івана прызвалі на тэрміновую службу. Маладая сям'я чакала першынца, і Ларысе прыйшлося нарадзіць яго і спраўляцца адной. Да гэтага часу ёй ужо далі весці заняткі ў пачатковай школе: у палескай глыбінцы не хапала кадраў. Сама Ларыса Адамаўна гаворыць, што хоць у яе не было тады педагагічнай адукацыі, аднак тадышны намеснік дырэктара Яўгенія Сабалеўская, светлай памяці, дала ёй больш за ўсе ўніверсітэты. І Іван Іванавіч, і Ларыса Адамаўна захоўваюць аб гэтым педагогу добрую памяць. Аднак, перш чым атрымаць педагагічную адукацыю, Ларыса ўсё ж ажыццявіла сваю дзявочую мару: працуючы ў школе, яна паступіла ў культпрасветвучылішча. І гэтая навука ёй у жыцці спатрэбілася. Настаўнік пачатковых класаў павінен быць здатны да музыкі і спеваў. Свае вакальныя даныя Ларыса Адамаўна рэалізоўвала потым у хоры. З нараджэннем сына ў яе прыбавілася клопатаў, аднак яна паспела закончыць вучылішча і ў гэты ж год паступіць у Магілёўскі педінстытут на завочнае аддзяленне.

Пасля службы ў арміі Іван Іванавіч паспяхова здаў уступныя экзамены ў БДУ на гістарычны факультэт і закончыў яго з чырвоным дыпломам. 8 гадоў звязвала іх работа з Жыткавіцкім раёнам. Затым пераехалі ў Ляхавіцкі. Зноў жылі на кватэры. Тут у іх нарадзіўся другі сын Яўген, а перад самым ад'ездам з Ляхавіцкага раёна - дачка Таццяна. Ларыса Адамаўна працавала ў школьным інтэрнаце, і сям'і педагогаў прадаставілі тут пакой. Ларыса Адамаўна з дабром успамінае гэтыя гады, калі дзяцей яна магла пакінуць на калег, а то і на старшакласнікаў.

У Стоўбцы Корсакі трапілі выпадкова, хоць нічога выпадковага ў жыцці не бывае. Яны вырашылі на сямейным савеце, што хопіць туляцца па кватэрах, трэба вызначацца з жыллём, абсталявацца на адным месцы. Іван Іванавіч паехаў ва ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама. Месца працы, якое яму прапанавалі бліз сталіцы, не падышло па розных аб'ектыўных прычынах. І яму параілі паехаць самому у бліжэйшыя раённыя цэнтры і паспрабаваць уладкавацца на працу. Па дарозе былі Негарэлае, Дзяржынск. У Стоўбцы Іван Корсак прыехаў упершыню. Ішоў па незнаёмым горадзе і трэба ж... сустрэў аднакурсніка па Пінскім педвучылішчы. Іван Шыбко падказаў, што патрэбен старшыня спорткамітэта. Кіраўніцтва раёна навяло даведкі ў тых раёнах, дзе працавалі Корсакі, ацэнка ім была дадзена такая: "Мы губляем добрых спецыялістаў, а вы іх знаходзіце".

На пасадзе старшыні спорткамітэта Іван Корсак адпрацаваў 11 гадоў. Гэта былі гады ініцыятыўнай, творчай, цікавай работы. Клапаціўся пра стварэнне належнай матэрыяльнай базы, быў адбудаваны стадыён "Юнацтва" з такім выдатным пакрыццём, што ў нас праводзілася нават першынство Беларусі па лёгкаатлетычных дысцыплінах і футболу. Іван Іванавіч быў асабіста зацікаўлены ў развіцці спорту, сам ён з'яўляецца заслужаным трэнерам Беларусі, кандыдатам у майстры спорту па шахматах. Ён заснавальнік шахматнай школы ў раёне, аддае гэтай справе свой талент і свой час. На працягу многіх гадоў Іван Іванавіч падбіраў каманду, вазіў дзяцей на рэспубліканскія спаборніцтвы, ніколі не лічыўся са сваімі выхаднымі днямі. Заўсёды цярпела і зміралася з гэтым Ларыса Адамаўна. Хоць ёй, канешне ж, хацелася, каб у выхадны дзень сям'я была ў зборы.

І толькі больш чым праз дзясятак гадоў Іван Іванавіч стаў працаваць па атрыманай у БДУ спецыяльнасці. Паспеў ён сцвердзіцца і як выдатны гісторык. Працаваў настаўнікам гісторыі ў СШ № 2 г. Стоўбцы. І адначасова ў пачатковых класах вёў шахматы як асобны прадмет. З гэтай школы ён і пайшоў на пенсію. Аднак яго педагагічны талент па-ранейшаму запатрабаваны. Іван Корсак вядзе шахматы ў Школе юных інтэлектуалаў, праводзіць турніры, актыўна працуе з моладдзю.

Ларыса Адамаўна працавала нейкі час у Доме піянераў, а потым 25 гадоў - настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 1 г. Стоўбцы. Калі яна была ўжо на заслужаным адпачынку, яе неяк запрасілі падмяніць настаўніка ў СШ № 3. Так і пайшло - падмяняла і падмяняла яна дэкрэтныя водпускі. І цяпер яшчэ працуе. Сумесны педагагічны стаж у Ларысы Адамаўны і Івана Іванавіча складае 106 (!) гадоў.

Яны выгадавалі і паставілі на ногі траіх дзяцей. Сын Сяргей - кандыдат медыцынскіх навук, урач і нявестка. Яўген - будаўнік, узначальвае стаўбцоўскую ПМК-233. Яго жонка - таксама будаўнік. Таццяна - галоўны спецыяліст Цэнтра банкаўскіх паслуг, зяць - вадзіцель міжнародных рэйсаў. 6 унукаў таксама радуюць Івана Іванавіча і Ларысу Адамаўну сваімі поспехамі. Галіна атрымала дзве вышэйшыя адукацыі - у БДУ і медуніверсітэце, цяпер пацвярджае сваю кваліфікацыю ў Германіі. Хтосьці з унукаў - студэнт, хтосьці - вучань адукацыйнай школы. Аднак усе ўнаследавалі ад Івана Іванавіча цягу да ведаў, амаль усе закончылі школу з залатым медалём. Іван Іванавіч і Ларыса Адамаўна без астатку аддаюць свой прафесіяналізм, розум, талент і сваім унукам, і вучням, з якімі працуюць.

Канешне ж, мы не абмінулі гаворку і пра іх сумеснае жыццё. У Корсакаў бездакорная маральная рэпутацыя ў нашым невялікім горадзе, дзе ўсе - навідавоку. Ларысе Адамаўне цяжка прыпомніць выпадак, калі б у іх сям'і ўзніклі сур'ёзныя непаразуменні. А тым больш - разборкі. І тыя выпадкі, якія ўспамінае, выклікаюць добрую ўсмешку і ў тых, хто яе слухае, і ў яе самой.

Іван Іванавіч да пытання аб іх узаемнасці падыходзіць больш сур'ёзна, як і да ўсяго ў сваім жыцці. Ён лічыць, што ўсё ў сям'і павінна трымацца на аўтарытэце галавы сям'і, яго адказнасці. Адносіць сябе да катэгорыі адналюбаў, і ўкладвае ў гэта глыбокі сэнс. Да сябе ў яго заўсёды былі павышаныя патрабаванні. Станаўленне яго як асобы праходзіла ў няпростых жыццёвых умовах. Яму быў адзін месяц, калі рэпрэсіравалі бацьку, простага селяніна, які быў вінаваты перад уладай толькі ў тым, што адмыслова, па-гаспадарску працаваў на сваім кавалку зямлі. Маці засталася з трыма дзецьмі на руках, да таго ж сям'я была саслана ў Казахстан. Бацька, калі пакідаў дом перад арыштам, узяў на рукі сына, даў яму сваё імя - Іван, не разлічваючы, што калі-небудзь вернецца дамоў са ссылкі. Іван першы раз убачыў бацьку ўжо ў 15 гадоў. Кранальна слухаць гэтыя ўспаміны. Сам Іван Іванавіч без слёз не можа пра гэта гаварыць. Івану Корсаку-старэйшаму прыйшлося прайсці ўсе жахі Гулага. Вярнуўся ён дамоў чалавекам з глыбокай жыццёвай мудрасцю. І для Івана Корсака-малодшага зносіны з бацькам далі намнога больш, чым яго далейшыя ўніверсітэты і сотні прачытаных кніг. Ён даў сыну галоўнае, заклаў той падмурак, на якім адбылося станаўленне яго асобы. Ад бацькі  ён унаследаваў галоўную навуку - як трэба адносіцца да сябе, да справы, якую робіш, да людзей. І ніколі не ішоў на кампраміс са сваім сумленнем. Такая ж пазіцыя была ў яго і ў адносінах да сваёй сям'і.

Прыгожыя сваімі адносінамі адзін да аднаго Корсакі гавораць, што жыццё праляцела, як адно імгненне. Было ў ім нямала цяжкасцей - 16 гадоў пражылі на прыватных кватэрах. Аднак з усімі гаспадарамі ў іх засталіся выдатныя адносіны. Успамінаюць, як прыняла іх сям'я Мялешкаў у Стоўбцах. Гаспадар, кравец, рамантаваў абутак іх дзяцей. Ларыса Адамаўна шкадуе, што не навучылася ў Зінаіды Афанасьеўны Мялешка, выдатнай майстрыхі, швейнай справе. Корсакі і цяпер з ёй падтрымліваюць добрыя  адносіны.

Гледзячы на бездакорна падцягнутага, спартыўнага для свайго ўзросту Івана Іванавіча, хіба хто здагадаецца, што ён заўсёды трымае пры сабе балончык з лекавым прэпаратам, каб не дапусціць астматычнага прыступу. І гэту сваю цяжкую хваробу ён нясе без наракання, у гэтай сітуацыі, як і ва ўсіх іншых, заўсёды трымаецца дастойна, чым заслужыў вялікую павагу і аўтарытэт у нашым горадзе.

Канешне ж, як і многія людзі, здольныя думаць, аналізаваць, даваць ацэнку пройдзенаму, Корсакі таксама, як фотаплёнку, прагортваюць пражытыя гады. І гавораць, калі можна было б вярнуць час назад, то яны прайшлі б свой шлях так жа. Аднак вельмі шкадуюць аб тым, што, надаючы такую вялікую ўвагу адукацыі сваіх дзяцей (усе яны закончылі школу з залатымі медалямі), яны аддалі б прыярытэт цяпер духоўнаму іх выхаванню. Менавіта гэта фарміруе галоўныя каштоўнасці чалавека.

Залатое вяселле - унікальная з'ява ў асабістым жыцці людзей і ў грамадстве таксама. Такія сем'і - брыльянты нацыі. Нездарма ў нашым горадзе і ў сельскай мясцовасці выканаўчыя ўлады ўшаноўваюць такіх юбіляраў. Найлепшы сродак выхавання - гэта добры прыклад. Сямейнае свята Корсакаў пакіне незабыўнае ўражанне ў дзяцей Івана Іванавіча і Ларысы Адамаўны. Аўтарытэт бацькоў - выдатны падмурак і для станаўлення іх уласных сем'яў.

А Івану Іванавічу і Ларысе Адамаўне пажадаем і надалей маладосці і гармоніі, якія так прыгожа вызначаюць гэту сямейную пару.

Святлана ЖЫБУЛЬ