Падзеі і здарэнні
Нумар - №45-47 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
11.03.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 15 шлюбаў, зроблена 5 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены чатырнаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Станіславу Казлоўскаму, Дар'і Яўсейчык, Кацярыне Маліноўскай, Уладзіславу Каробку, Мікіту Ішчуку, Бажэне Халай, Паліне Шчэцька, Арсенію Кавалёву, Ганне Грыб, Івану Аляшкевічу, Арыне Грэкавай, Мацвею Шпакоўскаму, Аляксандру Камейшу і Аляксею Грамыку.
Зямны шлях закончыўся для 44 чалавек.
У пажарнай часці згадалі 5 вогненных здарэнняў. Ноччу 6-га сакавіка адбылася трагедыя ў Наваколасаве. У кватэры загінулі двое мясцовых жыхароў - муж і жонка 1949 і 1951 гадоў нараджэння адпаведна. Папярэдняя прычына, якая прывяла да няшчасця, - неасцярожнае абыходжанне з агнём. Агнём, прычына якога высвятляецца, пашкоджаны будынак "ленінскага пакоя" на ферме "Пагарэлае" ААТ "Радзіма Якуба Коласа". У Церабейным парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення прывяло да знішчэння летняй кухні вяскоўца. У 82-гадовай жыхаркі Янкавічаў агонь не пакінуў нічога ад склепа. Пажар зафіксаваны і ў жылым доме ў Новым Свержані, дзе адзначана парушэнне правіл эксплуатацыі катла. У гэты час дома якраз нікога не было, пажар своечасова заўважылі, таму абышлося з найменшымі стратамі.
Пракуратурай раёна праводзяцца праверкі па 4 фактах смерці грамадзян, а таксама па захаванні заканадаўства ў сферы гандлю. За сістэматычныя парушэнні пры рэалізацыі алкагольнай прадукцыі непаўналетнім вынесена прадстаўленне старшыні райспажыўтаварыства, а дырэктару ТАА "Лана-торг" і ТДА "Зіма плюс" - афіцыйныя папярэджанні. Сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях праведзена праверка захавання заканадаўства ў сферы пажарнай бяспекі ў інтэрнаце АСП "Камбінат кааператыўнай прамысловасці", па выніках якой вынесена прадстаўленне старшыні праўлення райспажыўтаварыства. Пры правядзенні праверкі захавання парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы вынесены прадстаўленні кіраўніцтву ААТ "Аталезь-агра" і ПГУП "Фэнсі вок". Разгледжана 10 зваротаў, з іх 4 - аб спагнанні запазычанасці на карысць дзяржаўных устаноў, усе яны задаволены.
Суд асудзіў да 1,5 года абмежавання волі, а таксама да прымусовага лячэння ад алкагольнай залежнасці і таксікаманіі 17-гадовага жыхара Мікалаеўшчыны: у суседа хлопец спрабаваў угнаць аўтамабіль. Да 1 года выпраўленчых работ прыгавораны 52-гадовы жыхар Мархачоўшчыны: падчас скандалу з сужыцелькай ён пагражаў ёй фізічнай расправай. 22-гадовы жыхар Заямнага, ужо двойчы судзімы за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане, арыштаваны на 4 месяцы за такое ж новае злачынства. Абавязаная асоба з вёскі Канкаловічы, якая не кампенсуе выдаткаў на ўтрыманне сваіх непаўналетніх сына і дачкі ў дзяржаўнай установе, на 1,5 года абмежавана ў волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову.
ДАІ выявіла 126 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 4 бяспраўныя і 3 п'яныя вадзіцелі (адзін з іх - вадзіцель ААТ "Рубяжэвічы"), 18 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 10 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.
"Хуткая" выязджала да хворых 513 разоў, у прыватнасці, 14 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Тры выклікі медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.






