Бесправадны тэлефон – хоць сёння
Нумар - №48-49 Рубрыка - Прамая лінія
14.03.2011

Адбылася прамая тэлефонная лінія з начальнікам раённага вузла электрычнай сувязі Міхаілам Іванавічам КАСАБУЦКІМ.
Відавочна, што колькасць паступіўшых пытанняў у параўнанні з ранейшымі прамымі лініямі, наладжанымі з сувязістамі, зменшылася, але актуальнасць іх не знікае па-ранейшаму.
І. І. Крупец , в. Скамарошкі: "Дамашні тэлефон слабавата звоніць. Ці нельга пераключыць яго з бесправоднай лініі на кабельную?"
- Кабель да вас пракладзены і свабодныя тэлефонныя нумары на АТС Залужжа яшчэ ёсць. Вывучым пытанне аб пераключэнні.
М. А. Віцько, в. Аталезь: "Да новых "прэзідэнцкіх" домікаў не пракладзены тэлефонны кабель. Калі ў нас будзе тэлефон?"
- Выйсце - у бесправадной абаненцкай лініі. Паглядзім, што можна зрабіць і па пракладцы кабелю да вашых дамоў. На станцыі Аталезь свабодныя 40 нумароў, чарга пакуль толькі 13 чалавек.
Званок з вёскі Любкаўшчына, вуліца Новая: "Колькі трэба стаяць на чарзе, каб устанавіць тэлефон?"
- Цяпер гадамі стаяць на чарзе не трэба. У нас заставаўся "незакрытым" 2010 год. Усе 355 чалавек, якія стаяць на чарзе (30 - у горадзе, 325 - на сяле), станавіліся на чаргу ў мінулым годзе. Але рух адзначаецца вялікі - сёлета з пачатку года ўжо сталі на чаргу больш за 100 чалавек. Летась задаволілі 1181 заяву. Хаця і будаўніцтва вядзецца, попыт застаецца.
Для тэлефанізацыі вам павінны былі прапанаваць бесправадную тэхналогію WLL. Па ёй мы можам устанавіць тэлефон хоць зараз. Такіх тэлефонаў працуе ў раёне ўжо 1,5 тысячы. Сувязь нармальная, устойлівая. Калі граматна карыстацца ёю, я маю на ўвазе выключаць падчас навальніцы, - то ўвогуле няма ніякіх праблем. У Любкаўшчыне плануем у гэтым годзе дадаткова і кабель пракладваць. З узвядзеннем "прэзідэнцкіх" домікаў у вас з'явіўся новы мікрараён. Калі мы будавалі сваю станцыю, яго не было. Сёння на станцыі застаюцца свабоднымі толькі 11 нумароў. На чарзе стаяць 12 чалавек: 10 сталі ў 2010 годзе і 2 - у 2011-м.
Ад імя І. П. Салея з в. Судзевічы патэлефанаваў яго сын з в. Дзераўная: "Бацька даўно стаіць на чарзе на ўстаноўку тэлефона. Адзін у хаце застаўся, хата яго сярод нежылых дамоў..."
- Разумею, што на хутары яму вельмі патрэбен тэлефон. Летась мы высылалі яму паведамленне, каб з'явіўся ў вузел сувязі для афармлення ўстаноўкі тэлефона. На жаль, ніхто не з'явіўся. Можам прапанаваць яму тэрмінал, бо пракладваць кабель нявыгадна (ад Куля - далекавата і ад Дзенісоў - таксама). Падтрымлівайце сувязь з начальнікам участка ў Дзераўной, вырашым ваша пытанне.
Жыхары дома жыллёва-будаўнічага кааператыва "Свяржанка" з Новага Свержаня: "Да нашага дома падведзены тэлефонны кабель, але нам прапаноўваюць бесправадныя тэлефоны. Чаму?"
- Для кабельнай тэлефанізацыі ў Новым Свержані няма на станцыі ніводнага свабоднага нумара. Разам з тым, на сетцы перадачы даных ёсць свабодныя парты. Гэта значыць, што паслугі інтэрнэта, інтэрактыўнага тэлебачання і іншыя мы зможам прадастаўляць вам і без тэлефона. Па-другое, не існуе ніякіх праблем для пераключэння ў далейшым. Мы самі вам прапануем, як з'явяцца свабодныя нумары. І плаціць за пераключэнне не трэба.
У апошні час актыўна будуюцца пляцоўкі сеткі перадачы даных паўсюдна па раёне, і ў сельскіх жыхароў ёсць такі ж аб'ём і пералік паслуг, як і ў гарадскіх. Пляцоўкі сеткі перадачы даных абсталяваны таксама ў Дзераўной, Налібаках, Цеснавой, Шашках, Рубяжэвічах, Засуллі-Зарэччы, Заямным, Аталезі, Слабадзе, Яблынаўцы, Коласаве, Мікалаеўшчыне, Любкаўшчыне, Вішняўцы. Нядаўна ўведзена ў строй пляцоўка ў Апечках.
Грамадзянін Грыб з Задвор'я: "Калі будзе заменены блакіратар?"
- Сусед ваш не згодны на паралельны тэлефон? Пакуль іншых варыянтаў няма, бо адсутнічаюць свабодныя пары. У нас ёсць планы пераключыць Задвор'е на новую, чацвёртую ў горадзе тэлефонную станцыю. Пададзена заяўка на абсталяванне, каб дабавіць на гэтай станцыі абаненцкай ёмістасці. Калі абласное ўпраўленне ўключыць нас у план, тады будзем працягваць да вас і кабель. Не атрымаецца названы варыянт, то ёсць яшчэ адзін. А іменна, можна арганізаваць тэлекамунікацыйную сувязь па-іншаму. Для гэтага трэба ўстанавіць шафу - гэта тое самае, што пляцоўка сеткі перадачы даных і АТС (усё ў адным), толькі размешчаная не ў памяшканні, а на вуліцы. Нешта падобнае мы ўжо паспрабавалі ўстанавіць у раёне лясгаса і ў "Царскім сяле". Калі прыжывуцца такія шафы, не будзе скаргаў ад абанентаў, будзем укараняць гэты новы накірунак. На наступны год мы прапанавалі замяніць станцыі ў Хатаве і Ячонцы з магчымасцю ўстаноўкі шафы перадачы даных. У абодвух выпадках нас не задавальняюць памяшканні (былыя дзіцячы садок і школа). Не здымаецца з павесткі дня пытанне аб пераводзе каардынатнай станцыі ў Стоўбцах ёмістасцю 3400 нумароў на электронную. Нашы прапановы пакуль аналізуюцца Мінскім філіялам.
Жыхарка Старыны паскардзілася на дрэнную сувязь.
- Разбяромся з вашым нумарам. Збоі магчымы. Праблема можа быць у кабелі, у канцавым прыстасаванні з-за перападаў тэмпературы і інш.
М. Ю. Янская, в. Жыгалкі: "У нас не працуе радыёкропка".
- Зрабіць не зможам у бліжэйшы час, таму што трэба падвешваць правады на апоры лініі электраперадачы. А яны не надзейныя. Паспрабуем засілкаваць правадное радыёвяшчанне з другога боку, па іншай схеме.
Ветэран вайны М. С. Багданкевіч з в. Новы Свержань расказаў пра сваю праблему: "Трапіў у бальніцу, нечакана зламаў нагу, і не змог да 25-га чысла заплаціць за тэлефон. Яго адразу адключылі. Няўжо варта было прымяняць такія рэпрэсіўныя меры?"
- Прашу прабачэння ў вас за гэту сітуацыю, але ў тым не наша віна. 25-га чысла роўна ў 24.00 падводзіцца рыса пад плацяжамі і да 08.00 26-га чысла тэлефоны, за якія не паступіла аплата, адключаюцца. Гэта закладзена ў праграмным забеспячэнні. З нашага боку, свой графік работы мы змянілі і зрабілі больш зручным для кліентаў. Цяпер пункт калектыўнага карыстання працуе ў будныя дні з 8 да 19 гадзін, у суботу - з 9 да 13 гадзін. Зразумейце, хаця мы і так прадастаўляем свае паслугі ў крэдыт (абаненты плацяць за іх у наступным месяцы), даўжнікоў у нас пакуль не на адзін мільён рублёў. У кожнага сёння ёсць магчымасць заплаціць за паслугі электрасувязі наперад - на месяц або два, тры... Дачнікі так і робяць. Ажыццяўляць плацяжы можна праз інфакіёск, банкамат у любы час сутак.
Жыхары Скамарошак: "Калі ў нас будзе інтэрактыўнае тэлебачанне?"
- У гэтым годзе. Ужо завезена асноўнае абсталяванне. Абслужым не толькі Скамарошкі, а і Стары Свержань, Залужжа. Калі з'явіцца магчымасць падключэння, паведамім пра гэта ў сельскі Савет, вывесім аб'явы ў людных месцах, ды і абзвонім вяскоўцаў.






