мобильная версия
Прамень

Брама неўміручасці

Нумар - №48-49    Рубрыка - Памяць

14.03.2011

Споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы. Народны пісьменнік Беларусі, неперасягнуты байкапісец, драматург, доктар філалагічных навук, ён прадстаўлены і ў кнізе "Памяць. Стаўбцоўскі раён" у раздзеле "Звязаны лёсам".

Мясціны, адкуль бярэ свой пачатак Нёман, слаўныя талентамі. Як і наша Мікалаеўшчына, далёка за межамі Беларусі знакаміты ўздзенскі Нізок. Паўлюк Трус, Лідзія Арабей, Алесь Якімовіч - усё гэта вядомыя ў літаратуры імёны. А Кандрату Крапіве, пэўна ж, адведзена асаблівае месца ў пантэоне вялікіх творцаў - побач з Коласам, Купалам, Багдановічам, Кузьмой Чорным.

У кожнага, для каго нацыянальныя літаратура і культура сапраўды родныя, запаветныя, ёсць сваё адкрыццё і бачанне асобы і творчасці волатаў духоўнай сяўбы. Маё адкрыццё Крапівы пачыналася ў дзяцінстве. Мама на памяць расказвала пра Ціта, які "там, дзе гара была, як бубен", пасеяў лубін, і "ці ж веры вы дасце, як чарот, жытцо расце". І яшчэ сатырычна-з'едлівае пра пляткарак, п'яніц. Гэта было нібы падгледжана з навакольнага вясковага жыцця, побыту - трапна, вобразна, запамінальна. Са школьнай праграмы задавальненнем было завучваць цікавыя, "лёгкія" байкі пра махальніка Іванова, саву, асла ды сонца, дыпламаванага барана…

Ужо падчас вучобы ва ўніверсітэце даведаўся, што славутая камедыя "Хто смяецца апошнім" прэм'ерным паказам у Маскве спадабалася самому Сталіну. А гэта ж быў крок стваральніка па вастрыі ляза. Трагічныя лёсы інтэлігенцыі канца трыццатых гадоў - пакуты за кратамі Гулагаў, расстрэлы… Як адгукнецца, як трапіць пад настрой усемагутным крамлёўскім вырашальнікам лёсаў вострая сатыра? Пранесла, пашанцавала, выпаў не "ордэр, а ордэн". Такіх драматычных момантаў у жыцці вялікага творцы было шмат. Як і пройдзеных дарог, наведаных краін.

Кандрат Крапіва і Стаўбцоўшчына - тэма, калі знойдзецца зацікаўлены даследчык, даволі цікавая і шырокая. Як згадвае ў сваіх артыкулах Сяргей Галоўка, у Стоўбцах ці бліжэйшых прынёманскіх вёсках будучы творца, пэўна ж, бываў разам з бацькамі яшчэ ў малалецтве, калі тыя наведвалі мясціны недалёкія ад яго роднага Нізка. А дакладны біяграфічны факт, на які ўказвае сам Крапіва, - вучоба ў Стоўбцах, падзея акурат стогадовай даўніны. На фасадзе цяперашняй гарадской гімназіі № 1 замацавана шыльда, што засвядчае вучобу тут у 1909-1911 гадах народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, Героя Сацыялістычнай Працы Кандрата Кандратавіча Крапівы (К. К. Атраховіча).

Потым юнак працягваў вучобу ў Койданаве, куды прывабіла багацейшая школьная бібліятэка. Як прыгадвае ў біяграфічным нарысе сам пісьменнік, падчас вучобы ён блізка пазнаёміўся з творчасцю Коласа, што зрабіла ўплыў і на яго літаратурнае пачаткоўства. Сапраўды, і ў гумарыстычных ранніх апавяданнях Якуба Коласа, і ў яго вершаваных байках, той жа стрыжань народнай і мовы, і характараў, як і ў Кандрата Крапівы. Цікава, што з уздзенскім Атраховічам у Стоўбцах разам вучыўся і малодшы брат Коласа Іосіф Міцкевіч, знакаміты нам дзядзька Юзік.

Жыццёвыя дарогі неаднойчы прыводзілі народнага пісьменніка на Стаўбцоўшчыну. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР па акругах, размешчаных на тэрыторыі нашага раёна. І мне таксама пашчасціла сустрэцца з гэтым славутым чалавекам.

Падчас працы ў рэдакцыі мне як журналісту даручылі падрыхтаваць матэрыял аб сустрэчы кандыдата ў дэпутаты парламента Кандрата Крапівы ў Новым Свержані. Так выпала, што на наступную сустрэчу ў Стоўбцы ехалі ў кабіне аднаго легкавіка. Здзівіў суровы, амаль непранікнёны твар славутага байкапісца і аўтара камедый. Шукаючы потым паралелі, прыгадаў Салтыкова-Шчадрына, які зазначаў, што жорсткая праўда жыцця прымушала сатырыка смяяцца толькі на паперы. І Гогаль пісаў пра смех скрозь слёзы.

А ў той недалёкай паездцы пісьменнік задаваў і пытанні, прынамсі, аб здабытках раёна. Тут было чым хваліцца - Стаўбцоўшчына за поспехі ў сацыяльна-эканамічным развіцці адзначалася пераходнымі Чырвонымі сцягамі і дыпломамі ЦК КПСС і іншых уладных устаноў. Пра гэта гаварыў, зразумела, сакратар райкама, які сядзеў побач з пісьменнікам. Мне ж належала іншая адказная місія - быць адным з выступоўцаў на сустрэчы ў райцэнтры.

Пасля кароткага, але яркага, вобразнага выступлення кандыдата, дзе ён акрэсліў пункты сваёй праграмы, накіраванай на паляпшэнне жыцця людзей і развіццё рэгіёна, вытурванне сацыяльных заганаў і балячак, слова мелі стаўбчане. Калі назвалі і маё прозвішча, спачатку крыху разгубіўся, але, падзякаваўшы аўтару за яго выдатныя творы, выказаў асаблівую ўдзячнасць ад журналістаў за рэдактарскае яго шчыраванне па выданню руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў. Пад яго фундатарствам у Акадэміі навук Беларусі былі падрыхтаваны пяцітомны тлумачальны слоўнік і Дыякталагічны атлас беларускай мовы. Фундаментальныя, патрэбныя ўсім выданні, над якімі працаваў гэты творчы, незвычайны чалавек.

На мяжы свайго васьмідзесяцігоддзя Кандрат Крапіва напісаў драматычную камедыю "Брама неўміручасці". Твор шматзначны, асноўная ідэя якога - чалавеку не суджана жыць вечна, ды створанае ім сапраўды можа застацца на вякі. Як і творчасць народнага пісьменніка, якога мы таксама называем сваім земляком.

Фёдар БАНДАРОВІЧ