мобильная версия
Прамень

Год прадпрымальнасці

Нумар - №48-49    Рубрыка - Да дня інфармавання

14.03.2011

Тэма дня інфармавання насельніцтва 17 сакавіка г.г. "2011 год -  Год прадпрымальнасці". Даная публікацыя - па матэрыяле для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

За папярэднія гады суверэнітэту Беларусь дасягнула значных поспехаў у справе пабудовы незалежнай дзяржавы, свайго дынамічнага сацыяльна-эканамічнага развіцця і павышэння дабрабыту народа. На працягу бягучай пяцігодкі належыць не толькі замацаваць гэтыя дасягненні, але і, па сутнасці, выйсці на якасна новыя параметры.

Фактычна 2011 год знамянуе пачатак новага этапу ў развіцці краіны, для якога характэрны задачы не столькі адраджэння і захавання эканамічнага патэнцыялу, колькі рашучага рыўка ва ўсіх галінах і сферах дзейнасці з мэтай стварэння новага вобліку эканомікі, выхаду на ўзровень перадавых еўрапейскіх дзяржаў. Здзейсніць такі рывок у эканамічным і сацыяльным плане без актывізацыі прадпрымальніцкіх здольнасцей нашых грамадзян нерэальна. Прадпрымальнасць, актыўнасць і дзелавая ініцыятыва  - важкія фактары поспеху пры пераходзе да інавацыйнай мадэлі развіцця эканомікі і краіны ў цэлым. Менавіта па гэтай прычыне сярод важнейшых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы на бягучую пяцігодку, вызначаных ІV Усебеларускім народным сходам, упершыню названы такі як прадпрымальніцтва і ініцыятыва.

Бягучы год - гэта год рэалізацыі Дырэктывы № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", падпісанай Прэзідэнтам краіны 31 снежня 2010 г. Прыняцце гэтага дакумента  яшчэ раз пацвярджае рэальную зацікаўленасць дзяржавы ў станаўленні і развіцці маштабнага канкурэнтаздольнага прадпрымальніцкага сектара эканомікі шляхам правядзення паглыбленых рэформ, накіраваных на стымуляванне і ўсебаковую падтрымку прадпрымальніцкай ініцыятывы.

Задача дзяржавы ў гэтых умовах -  стварыць спрыяльныя магчымасці для развіцця прадпрымальніцкага сектара эканомікі. Выступаючы на ІV Усебеларускім народным сходзе, кіраўнік дзяржавы А. Р. Лукашэнка адзначаў: "Кожны грамадзянін нашай краіны павінен мець магчымасць адкрыць сваю справу. Тым самым будзе пашырана прастора для дзелавой актыўнасці і ініцыятывы людзей, створаны новыя матывацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, што забяспечыць дадатковы рост нашай эканомікі".

Поспех пяцігодкі ў многім вызначаецца таксама тым, наколькі паспяховым будзе стартавы год - 2011-ы. Дадатковы імпульс дынамічнаму развіццю дзяржавы ў бягучым годзе закліканы даць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2011 г. № 43, у адпаведнасці з якім 2011 год аб'яўлены Годам прадпрымальнасці. Прыняцце гэтага дакумента поўнасцю адпавядае задачам, якія стаяць перад краінай у бягучай пяцігодцы, і сведчыць аб тым, што дзяржава ўдзяляе асаблівую ўвагу рэалізацыі такога прыярытэта сацыяльна-эканамічнага развіцця як прадпрымальніцтва і ініцыятыва, робіць стаўку на выслабленне працоўнай, творчай і прадпрымальніцкай энергіі грамадзян.

За апошнія гады была праведзена значная работа па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, ухіленню лішняга ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, неабгрунтаваных адміністрацыйных бар'ераў для развіцця бізнесу. З боку дзяржавы суб'ектам малога і сярэдняга бізнесу прадугледжана аказанне інфармацыйнай, маёмаснай і іншых відаў падтрымкі. Важную ролю ў вырашэнні гэтай задачы адыгралі Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 2009 г. № 255 "Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва" і Закон РБ "Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва", падпісаны кіраўніком дзяржавы 1 ліпеня 2010 г. Прыняты таксама цэлы рад заканадаўчых актаў, накіраваных на прадстаўленне шырокамаштабных ільгот суб'ектам прадпрымальніцтва, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сельскіх населеных пунктах, малых і сярэдніх гарадскіх пасяленнях. У рэспубліцы прынята Дзяржаўная праграма падтрымкі малога прадпрымальніцтва на 2010-2012 гг. У 2011 г. на рэалізацыю Праграмы прадугледжваецца выдзеліць каля 45 мільярдаў рублёў.

Да цяперашняга часу ў рэспубліцы створана і дзейнічае сетка аб'ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. На пачатак лютага 2011 г. у Беларусі дзейнічалі 54 цэнтры падтрымкі і 11 інкубатараў прадпрымальніцтва. Цэнтры аказваюць суб'ектам прадпрымальніцтва, грамадзянам, якія жадаюць пачаць сваю справу, інфармацыйныя і кансультацыйныя паслугі па арганізацыі і вядзенню прадпрымальніцкай дзейнасці, садзейнічаюць  атрыманню фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, удзелу ў выстаўках, кірмашах, наладжванню дзелавых кантактаў, прасоўванню прадукцыі на ўнутраны і знешнія рынкі, падрыхтоўцы кадраў, праводзяць маркетынгавыя даследаванні і інш. На стварэнне ўмоў для росту і развіцця суб'ектаў малога прадпрымальніцтва накіравана дзейнасць інкубатараў. Малым прадпрыемствам, прадпрымальнікам прадастаўляюцца ў арэнду памяшканні, офіснае абсталяванне і іншая маёмасць, аказваюцца інфармацыйныя, кансультацыйныя паслугі, садзейнічанне ў пошуку партнёраў, атрыманні фінансавых рэсурсаў, укараненні ў вытворчасць сучасных тэхналогій і інш.

Дзяржава ў рамках  Праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва стварае неабходныя ўмовы і магчымасці беспрацоўным для раскрыцця прадпрымальніцкіх здольнасцей. Многія цяперашнія прадпрымальнікі, пакуль былі  беспрацоўнымі, прайшлі перанавучанне ў цэнтрах занятасці, атрымалі субсідыі, пазыкі, выкарысталі ў якасці першапачатковага капіталу льготныя дзяржаўныя крэдыты. З мэтай прафесіяналізму,  стваральнага іміджу прадпрымальнікаў і стымулявання дзелавой актыўнасці насельніцтва ў рэспубліцы штогод, пачынаючы з 1997 года, праводзіцца рэспубліканскі конкурс "Лепшы прадпрымальнік года".

Беларусь, як вядома, узяла курс на ўваходжанне ў трыццатку краін з найлепшым дзелавым кліматам. У справаздачы-даследаванні "Вядзенне бізнесу - 2011", прадстаўленай грамадскасці Сусветным банкам і Міжнароднай фінансавай карпарацыяй, прыведзены рэйтынгі 183 краін па нацыянальных умовах вядзення бізнесу.  Па выніках указанай справаздачы Беларусь заняла 68-ю пазіцыю (у 2008 годзе -115-ю). У той жа час Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы сярод дзяржаў свету, якія дабіліся буйнейшых поспехаў у стварэнні больш спрыяльнага дзелавога клімату для айчынных прадпрымальнікаў за апошнія пяць гадоў. Такім чынам, з пункту гледжання тэмпаў пераўтварэнняў у галіне бізнес-асяроддзя рэспубліка выйшла на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце.

Асаблівая роля ў паляпшэнні   ўмоў вядзення бізнесу, разняволення дзелавой ініцыятывы і развіцці прадпрымальнасці адводзіцца Дырэктыве № 4. Даны дакумент праграмны. У ім прадугледжаны комплекс мер па ўхіленню наяўных праблем на шляху развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці і стварэнню па сутнасці безбар'ернага дзелавога асяроддзя. Да такіх прыярытэтных напрамкаў удасканалення дзелавога асяроддзя адносяцца наступныя. Гэта развіццё добрасумленнай канкурэнцыі незалежна ад форм уласнасці. Галоўная мэта тут - лібералізацыя цэнаўтварэння. На рэалізацыю гэтай мэты і накіраваны Указ Прэзідэнта краіны "Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь, падпісаны 25 лютага г.г. Ім прадугледжваецца захоўванне дзяржаўнага рэгулявання цэн і тарыфаў на асобныя тавары, работы і паслугі, якія маюць найбольш важнае значэнне для забеспячэння эканамічнай бяспекі краіны, на прадукцыю арганізацый-манапалістаў, а таксама на сацыяльна значныя тавары і паслугі. Цэны, што не ўвайшлі ў пералік рэгулюемых, будуць фарміравацца суб'ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці самастойна з улікам кан'юнктуры рынку.

Дырэктывай  прадугледжана гарантаваць добрасумленным набывальнікам маёмасці захаванне правоў уласнасці і карыстання маёмасцю. У прыватнасці, будзе выключана прыняцце нарматыўных  прававых актаў, якія прадугледжваюць магчымасць канфіскацыі маёмасці пры ўчыненні адміністрацыйных правапарушэнняў, калі яны не звязаны з незаконным абаротам такой маёмасці. А таксама гарантаваць незваротнасць прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці пры ўмове захавання суб'ектам прыватызацыі патрабаванняў заканадаўства. Прадугледжана спрашчэнне парадку прадастаўлення зямельных участкаў суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці. Сярод такіх мер і забеспячэнне па прапановах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў адчужэння інвестарам пры рэалізацыі імі інвестыцыйных праектаў за адну базавую велічыню аб'ектаў нерухомасці, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці і не выкарыстоўваюцца больш за два гады, не завершаных будаўніцтвам аб'ектаў.

Будуць ліквідоўвацца лішнія адміністрацыйныя бар'еры пры ўзаемадзеянні паміж дзяржаўнымі органамі і юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі. Галоўным напрамкам вырашэння данай задачы стане значнае скарачэнне адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца ў адносінах да суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам рэалізацыі прынцыпу "адно акно". Пры гэтым плануецца максімальнае пашырэнне сферы прымянення электроннага дакументаабароту, стварэння адзінага інтэрнэт-рэсурсу адміністрацыйных працэдур, якія здзяйсняюцца ў адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Дырэктыва № 4 прадугледжвае гарманізацыю падатковай сістэмы з дзеючымі ў еўрапейскіх краінах. Кантрольнай дзейнасці будзе нададзены папераджальны характар, у прыватнасці, правядзенне планавых праверак добрасумленных суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці не часцей аднаго разу ў пяць гадоў, зніжэнне памераў штрафу за адміністрацыйныя парушэнні ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Рэалізацыя палажэнняў Дырэктывы № 4 дазволіць стварыць стабільнае прававое поле, забяспечыць роўныя ўмовы для дзяржаўных і прыватных арганізацый. Дынамічнае развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы будзе садзейнічаць фарміраванню развітога канкурэнтнага асяроддзя, укараненню новых вытворчых і ўпраўленчых тэхналогій, актывізацыі інавацыйнай дзейнасці, стварэнню новых рабочых месцаў, насычэнню рынку таварамі і паслугамі, павелічэнню падатковых паступленняў у бюджэт. А значыць і павышэнню дабрабыту, якасці жыцця грамадзян, устойліваму развіццю беларускага грамадства.

А. Р. Лукашэнка, выступаючы ў Парламенце пры прадстаўленні кандыдатуры М. В. Мясніковіча на пасаду Прэм'ер-міністра краіны, звярнуў увагу на тое, што ўсе меры па рэалізацыі Дырэктывы № 4 "павінны даць чалавеку свабодна працаваць дзеля свайго дабрабыту, сваёй сям'і, сваіх работнікаў і краіны, атрымліваць дастойныя дывідэнды і прыносіць карысць дзяржаве". Стварыўшы для бізнесу спрыяльныя ўмовы, дзяржава чакае ад яго сустрэчнага руху: захавання законаў, сумленнай і прадукцыйнай работы, поўнай выплаты падаткаў, росту сацыяльнай актыўнасці. Менавіта пры такім падыходзе на справе будзе эфектыўна рэалізоўвацца дзяржаўна-прыватнае партнёрства, якое будзе садзейнічаць росту дабрабыту насельніцтва і дынамічнаму развіццю краіны.

Пр