мобильная версия
Прамень

Нашы меншыя браты

Нумар - №50-52    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

19.03.2011

Фотография 1

Агульны загаловак артыкула навеяны радкамі Ясеніна, якія сталі крылатым выразам. Жывёльны свет, звяры - яны жывуць побач з чалавекам. З садаўскіх гадоў дзеці суперажываюць героям казак, захапляюцца сілай мядзведзя і спрытам зайца, але смяюцца з няўклюднасці першага і палахлівасці другога. Так ці інакш персанажы мультфільмаў, п'есак, якія разыгрываюць у садку дзеткі разам з выхавацелямі, хоць у якой ступені ды садзейнічаюць станаўленню іх характараў. Потым успрымаюцца ўрокі экалогіі, прыходзіць усведамленне адзінай экасістэмы, неабходнасці захавання прыродных багаццяў, што дадзены нам спрадвеку.

"Зязюлю без лесу і лес без зязюлі" называе сумнай праявай другі паэт, беларускі. Задумаемся: 44 працэнты тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна займаюць лясы, гэта больш за плошчу ворыўных зямель. І такая вялізная тэрыторыя - родны дом для зайцаў і лісаў, ласёў і казуль, аленяў і дзікоў. На ваўкоў глядзім, як на ворагаў. Шкада, што перавяліся мядзведзі. Затое ў нашы абшары наведваюцца волаты-зубры. Аднаўленню папуляцыі гэтых магутных жывёлін, якія былі ўжо на мяжы знікнення, садзейнічала рассяленне іх з Белавежскай пушчы ў іншыя лясныя   рэгіёны - найперш у пушчу Налібоцкую. Завезлі зуброў на Валожыншчыну, а паміж ляснымі ўгоддзямі раёнаў межаў жа няма.

Лесараспрацоўкі, масавае, прытым матарызаванае наведванне лясных сховаў аматарамі збору ягад і грыбоў парушаюць звычайны распарадак жыцця насельнікаў бароў і гаёў. Вядома, што ўжо толькі шум прымушае звяроў хавацца ў самую гушчу, асабліва аберагаць патомства. А самае найгоршая бяда - браканьерства.

Тэма незаконнага палявання і прыклады каральных санкцый у адносінах да тых, хто, як гаворыцца, папаўся, асаблівая. Яна асвятляецца і будзе шырока асвятляцца ў газеце. Тут жа прывядзём толькі некалькі лічбаў. Колькасць выяўленых парушэнняў правілаў палявання і вядзення паляўнічай гаспадаркі, згодна з данымі Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету, летась у параўнанні з 2009 годам вырасла на 10 працэнтаў, на 12 працэнтаў больш канфіскавана нелегальнай паляўнічай зброі. У 2009 годзе ў браканьераў адабраны былі 21 пастка і лоўчая пятля, летась іх заўважылі і пазбавілі гэтых незаконных сродкаў палявання ўжо 91 адзінку.

Не толькі паляўнічае шчасце

Барацьбу з браканьерствам актыўна вядзе дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У веданні інспекцыі - каардынацыя ў гэтым напрамку дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.

У зоне адказнасці Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі, якую ўзначальвае Уладзімір Лойка, 6 паляўнічых гаспадарак. Дзейнічае раённая арганізацыйная структура Рэспубліканскага дзяржаўнага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў", у саставе якой дзясяткі людзей са стрэльбамі. Ахову арандуемых тэрыторый ажыццяўляюць 15 егераў. Сіла, як бачна, значная. Ды не на тое ж яна, каб дрыжэлі бедныя зайчыкі. Сапраўды, адным з пунктаў дагавору арандатара паляўнічай гаспадаркі значыцца: "ажыццяўляць кантроль за захаваннем нормаў "изъятия" паляўнічых жывёлін". Зразумела, гэта права весці здабычу ў вызначаныя тэрміны і ў колькасці, адзначанай у  паляўнічых ліцэнзіях. Але ёсць і адказныя абавязкі. Карыстальнікі паляўнічых угоддзяў абавязаны штогод планаваць і ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ахову паляўнічых жывёлін. Гэта, па-першае, разнастайныя біятэхнічныя мерапрыемствы. Неабходна сачыць і выяўляць выпадкі парушэнняў правілаў палявання і іншых актаў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету. Важным абавязкам выдзелена падтрыманне жыццядзейнасці дзікіх жывёлін у цяжкія перыяды года. Маецца на ўвазе падкормка насельнікаў лясоў пры недахопе ці недаступнасці натуральных кармоў. А таксама прафілактыка і лячэнне захворванняў дзікай жывёлы. Такім чынам, паляўнічае шчасце вымагае і канкрэтных заходаў па ахове нашых лясных меншых братоў.

Лесапаляўнічыя гаспадаркі маюць свой транспарт, домікі для паляўнічых. Закупляйце, нарыхтоўвайце кармы і развозьце бесперабойна па лясных сталовых. Так яно ў асноўным і робіцца. Лесапаляўнічая гаспадарка Стаўбцоўскага доследнага лясгаса мае 4,6 га кармавых палёў, нарыхтавана было на зіму 25 тон кармоў. 10 гектараў кармавых палёў значыцца за ТАА "БелОхотТур". Гэта паляўнічае таварыства дае справаздачу аб нарыхтаваных 15 тонах сакавітых кармоў, 25 тонах - канцэнтраваных, 1 тоне - грубых. Яшчэ больш важкія лічбы ў справаздачнасці ТАА "Рудзьмянская гаспадарка". Значыцца наяўнасць на пачатак зімы 24 тон кармоў сакавітых і 60 тон - канцэнтраваных. Зразумела, трэба было своечасова выкладвацца, каб звяры з апетытам ласаваліся шчодрым дарункам чалавека.

А як гэта робіцца? Міжраённая інспекцыя пастаянна праводзіць рэйдавыя праверкі па вывучэнню стану выканання арандатарамі паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў дагаворных абавязацельстваў. Так, у канцы лютага зроблена была дэталёвая праверка на ўгоддзях ТАА "БелОхотТур". Адносна стану і запаўнення адкормачных пляцовак у лясных кварталах паблізу вёсак Беліца, Несцеравічы Налібацкага лясніцтва, ва ўрочышчах "Дуброва", "Падзера", паблізу хутара Уса, вёскі Рудня Пільнянская Прудскога  лясніцтва, у ваколіцах вёсак Крачаты, Пільніца, ва ўрочышчы "Лаўжы" Хатаўскога лясніцтва, каля хутара "Алішкавец"  Кульскога лясніцтва асабліва вялікіх заўваг няма. Кармы выкладзены, відаць сляды жывёлін, дзе іх больш,  дзе - менш…

А вось акт кантролю за ажыццяўленнем падкормкі паляўнічай жывёлы ў зімовы перыяд на тэрыторыі  156 га паляўнічай гаспадаркі ВГУП "Военохот". Устаноўлена, што тут адсутнічаюць біятэхнічныя збудаванні - пляцоўкі, кармушкі, саланцы. Па словах егера, у канцы студзеня  была праведзена выкладка кармоў,  прывезеных на МАЗе, у трох месцах паабапал лясной дарогі. Сапраўды, дзікі і казулі, як відаць было па слядах на снезе, падыходзілі туды, дзе іх аднойчы пакармілі. Ды пуста ўжо там, а голад - не цётка…

Чаго дзікі выходзяць на дарогу

Каму даводзілася хадзіць ляснымі дарогамі і сцежкамі, не мог не заўважыць слядоў дзікоў, а можа нават і сустрэцца з гэтымі жывёлінамі. Вядома, страшна.  Але ж пужаецца чалавека і звер, чаго ж ён выходзіць на дарогу?

У тых, хто ведае звычкі жывёлы, адказ дакладны: шукаюць солі. Паліжуць каменьчыкі, пап'юць з лужыны, можа, хоць крыху здаволяцца. Між тым, кожная паляўнічая гаспадарка, якая арандуе лясныя ўгоддзі, павінна на падкормачных пляцоўках мець саланцы. Соль насыпаецца, ды, відаць, не ўсюды.

Важнае пытанне - аб якасці кармоў, якія прапануюцца жывёле. Ці ж будзе той самы дзік уплятаць цвілы сілас, ці здаволіцца такімі ж зернеадыходамі. Хутчэй, пойдзе да фермы, да буртоў. А зайцы скіруюць да садоў, абгрызаць маладыя саджанцы. Не будзем дакараць зайчыка, скажам і для яго апраўдальнае слова. Забыліся ў паляўнічых гаспадарках, што і гэту жывёлінку трэба падкормліваць. А курапаткі, птушкі, якіх у свой час назвалі актыўнымі барацьбітамі з каларадскім жуком? Кажуць, былі колісь, ды звяліся шалашыкі для іх падкормкі.

Выхад звяроў на дарогу - далёка не бяскрыўдная з'ява, найперш для іх саміх. Не адзінкавы выпадак, калі дзікі, казулі, ласі гінулі пад коламі аўтамабіляў. Небяспечна гэта і для транспарту, вадзіцеляў. На магістральных шляхах устанаўліваюцца папераджальныя знакі аб магчымым выхадзе жывёлы. Ды хіба ж прадугледзіш усе ўчасткі, дзе на дарогу можа выскачыць звер. Дарэчы, неабходных інфармацыйных указальнікаў аб паляўнічых угоддзях і зонах таксама ў нас няшмат, а тыя, што ёсць, не заўсёды адпавядаюць нарматывам.

Дзікую жывёлу ў лесе не агародзіш, але ж і поўная вольніца да дабра не давядзе. Між тым, арандатары лясной гаспадаркі абавязаны кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, і ўрон, прычынены ў выніку знішчэння ці пашкоджання сельскагаспадарчых і лясных культур паляўнічымі жывёлінамі.

Даглядаць, карміць, ахоўваць… І з браканьерствам змагацца. Ды, як  сведчаць у міжрайінспекцыі, ахова з боку егераў зводзіцца ў асноўным да сумесных з прыродаахоўнымі структурамі рэйдаў, звычайна па ініцыятыве апошніх. Самі работнікі паляўнічых гаспадарак парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства не выяўляюць, адміністратыўных матэрыялаў не афармляюць. Усё гэта пры неабходнасці трэба рабіць. Як і сачыць, каб кармавыя дзялянкі не зараслі пустазеллем, нарыхтоўваць дый не шкадаваць сродкаў на закупку спажыўнага корму, каб жывёла не пакутавала ад голаду.

На гэтыя і іншыя аспекты была звернута ўвага на нядаўняй нарадзе прадстаўнікоў паляўнічых гаспадарак, якую вёў старшыня райвыканкама У. Т. Місько. Важнасць праблемы відавочная, да яе вырашэння трэба ставіцца з усёй сур'ёзнасцю. Нельга дапусціць, каб нашы лясы абяднелі. Маеш задавальненне дый прыбытак хадзіць са стрэльбай - даглядай жывёлу. Урэшце рэшт нядбайныя гаспадары могуць "здаць вахту" сапраўдным рупліўцам.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Фёдар БАНДАРОВІЧ