Падзеі і здарэнні
Нумар - №50-52 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
19.03.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне ўсяго 1 шлюб. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены васьмярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Аляксею Васіленку, Яўгену Кажушку, Арцёму Міцкевічу, Цімафею Гурневічу, Яўгену Капуру і аж тром дзяўчынкам-цёзкам Софіям - Грыцкевіч, Грыгаровіч і Чарнавус.
Зямны шлях закончыўся для 15 чалавек.
У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна.
Міліцыяй узбуджана 7 крымінальных спраў, усё - крадзяжы. У жыхара вёскі Дзераўная злодзей падчысціў дамашнія закаткі. З кватэры па вул. Цэнтральнай у Стоўбцах грамадзянін выкраў мабільны тэлефон. Невядомы паквапіўся ў адным з кабінетаў камерцыйнага прадпрыемства на партаманет з грашыма. Гаспадары дома ў Мікалаеўшчыне засталіся без газавага катла. З аб'екта, які будуецца ў Стоўбцах, прапала металічная арматура. Бензапілу ўкралі ў жыхара вёскі Ячнае.
Пракуратурай раёна праводзіцца праверка па факту смерці двух жыхароў Наваколасава ў выніку пажару, а таксама па факту хуліганскіх дзеянняў у памяшканні цэнтральнай раённай бальніцы. Разгледжаны адзін зварот, па якім заяўніку дадзена тлумачэнне. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па 12 крымінальных справах, па кожнай з іх пастаноўлены абвінаваўчыя прыгаворы. У суд накіравана крымінальная справа ў адносінах да дзвюх асоб.
Суд прыгаварыў да 5 месяцаў арышту 35-гадовага жыхара г. Бяроза: у цягніку мужчына выкраў у дзвюх пасажырак 1 150 долараў. Чарговы раз на 2 гады і 1 месяц адпраўлены за краты 44-гадовы мужчына без пэўнага месца жыхарства: вяртаючыся з турэмнага зняволення, у Стоўбцах ён выйшаў з электрычкі і недалёка ад вакзала абрабаваў дом. 20-гадовы жыхар Сцяцкоў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі. Ён, сумесна з групай зламыснікаў, выкраў барабан з электрычным провадам, што належаў прадпрыемству "Захадэлектрасеткасэрвіс" і каштаваў 12 мільёнаў рублёў. На 210 тысяч рублёў аштрафаваны стаўбчанін, які захоўваў ва ўласнай кватэры самагонны апарат ды 120 літраў брагі ("паўфабрыкат" канфіскаваны). За слуханне ў кватэры гучнай музыкі пакараны штрафам у 70 тысяч рублёў 34-гадовы "меламан" з Наваколасава.
ДАІ выявіла 139 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - трое п'яных і пяцёра бяспраўных вадзіцеляў, 24 недысцыплінаваныя пешаходы і інш. Здарылася 10 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Нагадваем, што да 20 сакавіка працягваецца дэкаднік "Дзяржтэхагляд", прызваны не дапусціць да эксплуатацыі транспартныя сродкі з няспраўнасцямі, пры якіх эксплуатацыя забаронена, а таксама якія не прайшлі дзяржтэхагляд. З пачатку года на тэрыторыі раёна выкрыта 188 фактаў кіравання транспартнымі сродкамі, што не прайшлі тэхагляд, 7 службовых асобаў з прадпрыемстваў і арганізацый раёна прыцягнуты за гэта да адміністрацыйнай адказнасці. Памятайце, што магчымыя санкцыі за няпройдзены тэхагляд - штраф да 2-х базавых велічынь.
"Хуткая" выязджала да хворых 270 разоў, у прыватнасці 3 сігналы паступілі наконт асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.






