З пытаннямі – да пракурора
Нумар - №53-54 Рубрыка - Прамая лінія
26.03.2011
На прамую лінію да пракурора раёна У. І. Ягадзінскага звярталіся, зразумела, з пытаннямі прававога характару. На найбольш характэрныя з іх Уладзімір Іосіфавіч дае адказ і праз газету.
Жыхарка в. Налібакі Т. М. Гумарава ўказала, што пасля пажару, які адбыўся ў доме, дзе яна пражывае з сям'ёй з двума малалетнімі дзецьмі, дэфарміраваліся вокны ў кухні і памяшканні, дзе праводзіўся апал. Таму ў доме было холадна. Аднак кіраўніцтва ААТ "Аграбудфірма "ПМК-74 - Налібакі", якому належыць гэты службовы дом, не прымала мер да рамонту, спасылаючыся на тое, што жыльцы вінаваты ў загаранні і рамонт павінны рабіць за свой кошт.
Па данаму пытанню пракуратурай праведзена праверка з выездам па месцы пражывання заяўніка. Устаноўлена, што гэты дом прадастаўлены рабочаму аграбудфірмы Б. К. Ліпніцкаму з сям'ёй на падставе дагавора найму службовага жылога памяшкання ад 11 снежня 2006 г. Наймальнік разам з іншымі абавязкамі павінен выконваць правілы пажарнай бяспекі.
Праверкай устаноўлена, што загаранне адбылося ў памяшканні апалу. Там наймальнікі самавольна паблізу катла зрабілі перагародку з гаручых матэрыялаў і дапусцілі складзіраванне дроў побач з топкай катла, што і паслужыла прычынай пажару. Жылыя памяшканні не пацярпелі. Але пашкоджаны рамы двух вокнаў - у топачнай і часткова ў кухні, закопчаны сцены і столь. Урон ацэнены ў памеры 1 970 000 рублёў. Ён належыць кампенсацыі вінаватымі, г.зн. самімі наймальнікамі. Аднак улічваючы матэрыяльнае становішча сям'і, якая выхоўвае малалетніх дзяцей, кіраўніцтвам аграбудфірмы "ПМК-74 - Налібакі" прапанавана гаспадарам сваімі сіламі правесці афарбоўку сцен і столі ў пашкоджаных памяшканнях, а вокны ў тыднёвы тэрмін будуць устаноўлены наймальнікам з наступным утрыманнем іх кошту з заработнай платы Б. К. Ліпніцкага.
З такім парадкам вырашэння спрэчнай сітуацыі згадзіліся і сям'я Ліпніцкіх, і адміністрацыя прадпрыемства. Ён адпавядае патрабаванням жыллёвага і грамадзянскага заканадаўства. Як паведамілі з аграбудфірмы, вокны пацярпелым ад загарання ўстаноўлены.
Да пракурора звярнуўся А. Б. Адамцэвіч з в. Кляцішча, які хацеў высветліць, ці можа быць ён вызвалены як інвалід першай групы ад уплаты аліментаў на ўтрыманне свайго непаўналетняга дзіцяці на карысць былой жонкі, і калі можа, то ці будзе кампенсавана наступнае за гэтым змяншэнне паступлення грашовых сродкаў на дзіця за кошт налічэння дапамогі з бюджэту.
Было растлумачана, што ў адпаведнасці з арт. 92 Кодэкса аб шлюбе і сям'і Рэспублікі Беларусь памер аліментаў можа быць зменшаны судом, калі ў бацькоў, абавязаных плаціць аліменты, ёсць іншыя непаўналетнія дзеці, якія пры спагнанні аліментаў ва ўстаноўленым даным артыкулам памеры сталі б менш забяспечанымі матэрыяльна, чым дзеці, якія атрымліваюць аліменты. А таксама ў выпадках, калі бацька, з якога спаганяюцца аліменты, з'яўляецца інвалідам І ці ІІ групы. У выключных выпадках суд можа вызваліць бацьку, які мае першую ці другую групу інваліднасці, ад уплаты аліментаў, а таксама зменшыць мінімальны памер аліментаў, што спаганяюцца з працаздольнага бацькі, які па аб'ектыўных прычынах не можа іх уплачваць ва ўстаноўленых памерах.
Пытанне налічэння дапамогі на дзіця на карысць маці, якая яго выхоўвае, павінна вырашацца адпаведнай службай упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама. Пры гэтым абавязкова будзе ўлічвацца памер даходу сям'і, якая выхоўвае дзіця, з разліку на кожнага яе члена. Для канчатковага вырашэння данай сітуацыі заяўніку дадзены кантактныя тэлефоны ўпраўлення.
А. І. Дубаву, пенсіянерку, жыхарку г. Стоўбцы, цікавіла пытанне: ці належыць пераразліку з улікам дзеючага на даны момант курсу валют грашовая сума, пералічаная на яе асабовы рахунак у банку ў 2008 годзе па здзелцы куплі-продажу дома. Заяўніца ўказала, што па той здзелцы пакупнік хаця і пералічыў ёй грошы ў беларускіх рублях, аднак у дагаворы была агаворана сума, эквівалентная пэўнай колькасці долараў ЗША. Пры гэтым банкаўскія работнікі (са слоў заяўніцы) не растлумачылі ёй, што выдача грошай будзе ажыццяўляцца толькі ў беларускіх рублях. За мінулы час змяніўся курс валют, і прымяняльна да долара ЗША даная сума зменшылася.
Алене Іосіфаўне дадзены тлумачэнні ў тым, што сума ў беларускіх рублях, якая паступіла на яе банкаўскі рахунак па здзелцы куплі-продажу дома, па яе распараджэнню магла быць атрымана наяўнымі грашыма або па яе жаданню размешчана на ўкладны рахунак з атрыманнем працэнтаў, у тым ліку і валютны. Аднак данае пытанне належыць вырашэнню шляхам звароту ў банкаўскую ўстанову, дзейнасць якой рэгламентавана асобнай галіной закона - банкаўскім заканадаўствам. У выпадку, калі заяўніца не згадзіцца з прапановамі і тлумачэннямі банка, то спрэчная сітуацыя належыць вырашэнню ў судзе.






