мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №55-57    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

28.03.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 2 шлюбы, зроблена 8 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шасцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Аляксандру Касцюку, Настассі Анфалавай, Ганне Лосік, Аляксандры Сямашка, Аляксею Калініну і Мацвею Малочку.

Зямны шлях закончыўся для 14 чалавек.

У пажарнай часці згадалі 6 вогненных здарэнняў. У жыхара вёскі Зеневічы агонь знішчыў жылы дом. Прычына высвятляецца. Моцна пашкоджаны дом і ў пенсіянеркі з вёскі Тулёнка, бяда якой выклікана кароткім замыканнем электраправодкі халадзільніка. У вёсцы Літва ўспыхнуў хлеў вялікіх памераў, з жыўнасцю. Апошнюю ўдалося выратаваць, прычына здарэння ўстанаўліваецца. У выніку неасцярожнага абыходжання з агнём у стаўбчаніна пашкоджаны  хлеў. Жыхар Тонава застаўся без кармакухні: з парушэннямі эксплуатаваўся кацёл, пакінуты ў рабочым стане без нагляду.

 Міліцыяй узбуджана 5 крымінальных спраў. Злачынец выкраў маёмасць з дачнага дома ў Дзераўной. У вёсцы Русаковічы грамадзянін спрабаваў учыніць падпал дома, але свае злачынныя планы не мог давесці да канца. Жыхар Шашкоў незаконна захоўваў у сваёй кватэры патроны.

Пракуратура раёна разгледзела 3 звароты. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачанне па 10 крымінальных справах, па ўсіх  пастаноўлены абвінаваўчыя прыгаворы. У суд накіраваны 4 крымінальныя справы ў адносінах да 5 асоб. Па прадстаўленні, вынесеным райспажыўтаварыству аб ухіленні парушэнняў пажарнай бяспекі ў інтэрнаце камбіната кааператыўнай прамысловасці, былі выкананы ўсе неабходныя ўмовы. Службовыя асобы, адказныя за выкананне правіл пажарнай бяспекі, праінфармаваны аб недапушчэнні парушэнняў. На даны момант узмоцнены кантроль за захаваннем правіл пажарнай бяспекі на ўсіх аб'ектах райспажыўтаварыства.

  Стаўбцоўская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрымала за незаконнае паляванне жыхара вёскі Жукаў Барок, які на матацыкле высочваў звера, маючы пры сабе незарэгістраваную паляўнічую зброю. Пры затрыманні ён спрабаваў уцячы. Даны грамадзянін ужо прыцягваўся за незаконнае паляванне да адміністрацыйнай адказнасці. На гэты раз у сувязі з прымяненнем наземнага механічнага транспартнага сродку яму пагражае пазбаўленне волі.

Суд аштрафаваў на 1 мільён 400 тысяч рублёў і пазбавіў права займаць матэрыяльна адказныя пасады тэрмінам на 2 гады былога прадаўца райспажыўтаварыства: яна прысвоіла з касы грашовыя сродкі ў суме 4 мільёны 400 тысяч рублёў. 25-гадовы жыхар Грабёнаўшчыны абмежаваны ў волі на 1,5 года за ўхіленне ад уплаты аліментаў на дваіх дзяцей. 21-гадовая жыхарка Заямнага, якая забрала без дазволу пашпарт сваёй сястры (за нявернуты доўг), аштрафавана за самаўпраўства на 70 тысяч рублёў.

ДАІ выявіла 197 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод правапарушальнікаў -  4 нецвярозых і 7 бяспраўных вадзіцеляў, 21 недысцыплінаваны пешаход і інш. Здарылася 12 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.  

"Хуткая" выязджала да хворых 175 разоў, у тым ліку 4 сігналы паступілі наконт асоб з алкагольным ап'яненнем. Адзін зварот у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ