мобильная версия
Прамень

Пушча абуджаецца вясною

Нумар - №55-57    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

28.03.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Пад нагамі скрыпіць снег. У засені стромкіх соснаў і ялін аж да сталага вясновага цяпла будзе трымацца белае покрыва. Мірыядамі іскрынак асляпляе яно на паляне, адкрытай шчодраму сакавіцкаму сонцу. І цішыня, нямая, бясконцая, адвечная. Ды вось парушае яе клёкат птушынага кліну. Вяртаюцца з адлёту, пушча абуджаецца з вясною.

Не заўсёды мы задумваемся, які неацэнны скарб маем. Налібацкая пушча -  па плошчы самы вялікі лясны масіў у Беларусі, ды, відаць, і ва ўсёй Усходняй Еўропе роўных яму цяжка знайсці. Можна сказаць, цэлая лясная краіна.

Падзелімся багаццем - пушча раскінулася на абшарах не толькі нашага раёна, а і суседніх -Валожынскага, Навагрудскага, Іўеўскага. Але ж назву займела ад нашага старадаўняга паселішча. Як і збег адметных гістарычных падзей, што вяршыліся на нашай зямлі.

Гісторыя сведчыць аб вялікай ролі налібацкага краю ў станаўленні і развіцці нашай Айчыны, якую сёння завём роднай Беларуссю. Па паўднёвай і ўсходняй ускраіне пушчы з даўніх часоў праходзіла мяжа Літвы і Расіі. І Мінск узнік як пагранічная крэпасць на краі непраходнага тады лесу, што так далёка распасціраў свае абшары. У сярэдзіне трынаццатага стагоддзя няўдала закончыліся спробы Залатой Арды адолець пушчу з поўдня і падпарадкаваць сабе Вялікае княства Літоўскае, якое толькі што ўзнікла. Бяскрайні лясны прастор, шматлікія рэкі, непраходныя балоты стрымалі конніцу татара-мангольскага нашэсця.

Тэрыторыя сучаснай Беларусі ў старадаўнія часы была суцэльным лясным краем. Чалавек адваёўваў зямлю ў лясоў для свайго існавання: высякаў дрэвы, карчаваў і выпальваў пні. Лясы захаваліся, і сёння гэта таксама наша вялікае багацце. А вось захаванню такіх неабсяжных лясных масіваў побач з густанаселенымі раёнамі спрыялі пэўныя абставіны. Па-першае, забалочанасць, дый апрацаваная зямля давала мізэрныя ўраджаі. Такім чынам, земляробства развівалася там, дзе глебы больш урадлівыя. Там жа ўзнікалі і развіваліся паселішчы. Асваенне ж налібацкага краю ішло ў іншым накірунку.

Зразумела, вялася лесанарыхтоўка. Каштоўная драўніна ішла не толькі для мясцовых патрэб, але і пастаўлялася ў іншыя землі. Прадпрымальны немец князь Вітгеншэйн, які стаў уладальнікам пушчанскіх зямель у пачатку ХІХ стагоддзя, паклапаціўся аб зручных "водных дарогах". Былі выкапаны Шубіна-Нёманскі і Жоўта-Нёманскі каналы, па якіх лес сплаўляўся да вялікай ракі. А там -  шлях "у Прусы. Куды не трапяць беларусы?" Значыць, у Германію, Польшчу, Францыю, дый па ўсёй Еўропе.

Вядомымі ў тагачасным цывілізаваным свеце былі і прамысловыя вырабы налібацкіх майстроў. Паступова з дробных саматужных майстэрняў - ганчарных, кузняў, гуд, рудняў -  фарміраваліся даволі значныя прамысловыя прадпрыемствы. Вырабы шкляна-люстранай мануфактуры, заснаванай Ганнай Радзівіл, - шклянкі, чаркі, графіны, кубкі, бутэлькі, лямпы, сталовыя наборы - паступалі на продаж у гарады і мястэчкі Рэчы Паспалітай, Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі, іншых еўрапейскіх краін.

На Налібацкім чыгунным і жалезаліцейным заводзе ў 1850-х гадах працавала да 500 рабочых, дзейнічалі тры доменныя печы, чатыры ліцейкі, пракатны стан. Штогод выплаўлялася з балотнай руды  да 500 тысяч пудоў чыгуну.

Чаму ж эканоміка краю прыйшла ў заняпад? На думку гісторыкаў, яна не вытрымала канкурэнцыі з бурным ростам прамысловасці Урала, Данбаса, іншых рэгіёнаў, з якімі нашым продкам суджана было жыць у адзінай Расійскай імперыі.

Такая ўжо перспектыва, што чарговы гістарычны віток можа даць новы імпульс развіццю буйной прамысловасці ў нашым родным куце. І скажам, традыцыйна, калі ўсё ж здзейсніцца, стане явай асваенне жалезарудных запасаў Аколаўскага радовішча. Багатая наша Стаўбцоўшчына і прыроднымі дарамі, і таленавітымі людзьмі.

Вікенцій Дунін-Марцінкевіч і Язэп Фарботка, Фелікс Дзяржынскі і Збігнеў Бжэзінскі, Генрых Далідовіч і Казімір Камейша. Можна прадоўжыць пералік імён і гістарычных асоб, і нашых сучаснікаў, вядомых далёка за межамі рэспублікі, чыя радзіма - пушчанскі край, або чые бацькі адсюль родам.

Вятры падзей праносіліся над Налібаччынай. У гады ваенных ліхалеццяў пушча ахоўвала, давала прытулак змагарам, якія збіралі сілы, каб бараніць Айчыну. У пушчанскай засені базіраваўся Баранавіцкі падпольны абкам партыі на чале з В. Я. Чарнышовым. Партызанскае злучэнне Стаўбцоўскай зоны ўзначальваў У. З. Царук. Адсюль накіроўваліся партызанскія брыгады, атрады і групы на баявыя аперацыі. Працаваў партызанскі аэрадром, выпускаліся газеты. Да лета 1944-га года партызаны сталі фактычна гаспадарамі не толькі ў вёсках Налібацкай пушчы, але і амаль ва   ўсім  рэгіёне.

Важны і менш даследаваны факт -  размяшчэнне ў гады Вялікай Айчыннай вайны на абшарах Налібацкай пушчы змагароў іншых фарміраванняў. Гэта і падпольная Армія Краёва, і яўрэйскія партызанскія атрады,  якія падпарадкаваліся савецкаму камандаванню. Са зброяй у руках з ненавісным ворагам змагаліся і сотні ўцекачоў з гета Баранавічаў, Навагрудка, Мінска, Міра…  Увогуле ж указваецца на знаходжанне ў партызанскіх атрадах у Налібацкай пушчы звыш 20 тысяч партызан. Грозная пушча, подзвіг яе герояў увасоблены і будзе ўвасабляцца ў помніках і мемарыялах. Няхай жа будзе яна мірнай і добрай.

Пушча - гэта адзіны прыродна-ландшафтны комплекс, куды ўваходзяць і вялікія лясныя масівы, і рэкі, і лугі, і балоты. З улікам відавога багацця і разнастайнасці флоры і фаўны Налібацкая пушча ўваходзіць у Еўрапейскую сетку ключавых батанічных тэрыторый з рэкамендацыяй асаблівай аховы і зберажэння яе багаццяў.

На тэрыторыі пушчы, можна сказаць, царуе хвоя, пашыраны елка, вольха, клён, граб, ліпа. У падлеску - крушына, вярба, рабіна, ляшчына і іншае кустоўе. Усё ж наўрад ці можна гаварыць сёння пра поўнасцю натуральнае лесааднаўленне. Трэба ўлічыць, што лесанарыхтоўкі вядуцца даўно і не трэба спадзявацца сустрэць тут цэлыя кварталы карабельных соснаў, шматвяковых дрэў, значнае месца займае лясны маладняк. Усё ж ахоўваемы характар вядзення лясной гаспадаркі адчувальны - шмат такіх лясных мясцін, што ад вышыні і моцы дрэў-старажылаў захоплівае дух. Здзівіць наведвальніка і багацце траў, амаль чвэрць якіх лекавыя. Купальнік горны, луннік ажываючы і некаторыя іншыя віды раслін, якія тут сустракаюцца, занесены ў Чырвоную кнігу прыроды Беларусі.

Гаспадарамі пачуваюць сябе тут шматлікія звяры. Ласі, алені, казулі, дзікі, лісы, куніцы, барсукі, бабры, гарнастаі, выдры, норкі - ці ж усіх пералічыш. А на гнёздах -  дзясяткі відаў птушак, сярод якіх і рэдкія: чорны бусел, шэры журавель, пустэльга. Дарэчы, асвойвае прасторы пушчы і старадаўні яе былы жыхар - магутны зубр. Дзікія паляванні літоўскай і польскай шляхты, пазней - царскіх магнатаў практычна паставілі папуляцыю гэтых  гордых волатаў на мяжу вымірання. Выратавалі, аднавілі пагалоўе. І завезлі з Белавежскай пушчы ў іншыя лясныя рэгіёны. Засялілі зуброў у Валожынскім лясніцтве, а ў пушчы ж межаў няма.

Нельга не згадаць пра возера Кромань - жамчужыну Налібацкай пушчы. Гэта сапраўды адзін з унікальных прыродных аб'ектаў. Параўноўваюць яго і са Свіцяззю, і нават з Байкалам са спасылкай на рэліктавае паходжанне і адпаведна асаблівую чысціню азёрнай вады.

Падлічана, што плошча воднай паверхні складае 92 гектары, максімальная глыбіня - 26 метраў. Размешчана возера ў паўднёвай частцы пушчы, дзе захаваўся глухі некрануты лес, нібы куток сярэднееўрапейскай тайгі. Налічваецца тут да 20 відаў рыбы…

Уражвае сам выгляд возера. Цікавыя і легенды, што гавораць пра яго паходжанне. Адну з іх запісаў ад жыхароў вёскі Пруды. Маўляў, правіў у гэтых мясцінах люты князь. Спаганяючы даніну з падуладных яму паселішчаў, абіраў усіх дачыста. Нарэшце дабраўся і да вёскі ў лясной глушы. Ад злосці, што пушчанцы, якія не ведалі да гэтага ўціску, жылі даволі заможна, дзейнічаў тут асабліва жорстка.  Яго  войска грэбла ўсё ў кожнай хаціне, і з хлявоў, гумнаў. Хлопцаў забіралі ў палон, здзекаваліся з дзяўчат. Людзі ад яго набегаў хаваліся ў лесе. Аднак кожную нядзелю збіраліся ў царкве. Вось і вырашыў гэты кат падпаліць тую царкву, калі акурат ішло служэнне. І  наляцеў…

"Каб ты кроманем праваліўся!" - клялі людзі. І адбылося: праваліліся і царква, і ўся вёска, а разам з імі князь са сваім войскам у "чортава вока". На гэтым месцы ўтварылася возера. Часам, кажуць, калі прыслухацца: з глыбіні чутны гукі званоў, нібы ад  царквы, дзе душы тых, хто загінуў, моляцца за адпушчэнне вялікіх грахоў людскіх.

Хаця бліжэйшы, калі не лічыць хутароў,  населены пункт - вёска Несцеравічы - за добры дзясятак кіламетраў, кроманьскія мясціны даўно ўжо не глухі лясны куток. З гістарычных фактаў: сам правіцель Польшчы Пілсудскі ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя меў тут сваю рэзідэнцыю. Сёння ж на беразе возера месціцца турыстычны комплекс.

Бясспрэчна, возера Кромань, іншыя запаветныя мясціны Налібацкай пушчы, усяго гэтага краю маюць добрыя перспектывы ў развіцці агратурызму. Турыстаў здалёку, здаецца, зацікавіла б шмат што і ў плане ўнікальнасці прыроды, і адметнасці гістарычных падзей. Толькі б развіваць інфраструктуру. А самае галоўнае - захаваць для нашчадкаў такое неацэннае багацце.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Фёдар БАНДАРОВІЧ