У форме змястоўнага дыялогу
Нумар - №58-59 Рубрыка - Прамая лінія
29.03.2011
Прайшла прамая лінія з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Ільёй Шацько. Вяскоўцы скарысталі магчымасць задаць свае пытанні і атрымалі на іх канкрэтныя адказы.
- Мы пражываем у вёсцы, і мой сын хоча паступаць вучыцца ў сельскагаспадарчы ўніверсітэт. Куды нам звярнуцца, каб узяць мэтавае накіраванне на вучобу?
- Пахвальна, што ёсць такое жаданне, бо сёння ў нашым раёне ў большасці сельскагаспадарчых таварыстваў ёсць патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах, пераважна жывёлагадоўчай галіны. Па мэтавае накіраванне вам неабходна звярнуцца да вядучага юрысконсульта ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Тут вам дадуць і неабходную кансультацыю адносна правілаў паступлення па дагаворы мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў і тэрмінах адпрацоўкі пасля заканчэння вучобы. Мы выдаём мэтавыя накіраванні ўсім, хто прыняў рашэнне звязаць свой лёс з працай на зямлі.
- Мы ўжо на пенсіі, раней працавалі ў калгасе і сёлета хочам пасеяць на сваім прысядзібным участку збожжавыя культуры, але не маем насення. Падкажыце, дзе яго можна набыць?
- Пенсіянеры, якія пражываюць на тэрыторыі канкрэтнага сельсавета, могуць звярнуцца да кіраўніцтва мясцовага сельгаставарыства з просьбай выпісаць ім патрэбную колькасць насення. Пры неабходнасці можна напісаць заяву і на правядзенне работ па догляду пасеваў, а таксама папрасіць і тэхніку для ўборкі вырашчанага ўраджаю. Зразумела, за паслугу прыйдзецца заплаціць (у кожнай гаспадарцы вызначана свая цана), але думаю, што сума будзе цалкам прымальнай.
- Даведаліся, што ў нашым раёне плануецца пабудаваць тры новыя малочнатаварныя фермы, а ў якіх гаспадарках?
- Згодна з распрацаванай праграмай далейшай інтэнсіфікацыі малочнай жывёлагадоўлі на бягучую пяцігодку, новыя сучасныя малочнатаварныя фермы з даільнымі заламі будуць пабудаваны ў ААТ "Агранёманскі" (в. Дразды, на тысячу галоў), "Каганец" (в. Засулле, на 600 галоў) і "Дзераўное" (в. Дзераўная, на 600 галоў). Акрамя гэтага будуць рэканструяваны наяўныя жывёлагадоўчыя памяшканні, з пабудовай даільных залаў, дзе будзе зманціравана даільнае абсталяванне сумеснай беларуска-італьянскай фірмы "Унібокс", на малочнатаварных фермах ААТ "Рочавічы", "Рубяжэвічы" і "Шашкі". На гэтыя мэты дзяржавай выдзелены крэдыт. Падрыхтавана ўся неабходная дакументацыя, і ў хуткім часе гаспадаркі прыступяць да будаўніцтва. Ажыццявіць усё вышэйнамечанае плануецца на працягу двух бліжэйшых гадоў.
- Ці можаце давесці інфармацыю аб тым, як перазімавалі пасевы азімых?
- На мінулым тыдні спецыялісты нашага ўпраўлення разам з вучонымі РУП НПЦ НАН Беларусі па земляробстве, з мэтай абследавання стану пасеваў азімых збожжавых культур, пабывалі на палетках пераважнай большасці сельскагаспадарчых таварыстваў. Было адзначана, што перазі-мавалі пасевы ў цэлым няблага і стан іх сёння не выклікае ніякай трывогі. А гэта значыць, што восеньская пасяўная была праведзена ў вызначаныя тэрміны і без парушэнняў тэхналогіі. Аднак без гібелі не абышлося, найбольш пацярпелі азімыя ў ААТ "Агранёманскі" і ПП "Профі-аграцэнтр".
Вытрымаў зімовае ваганне тэмператур і азімы рапс. Калі летась пасевы гэтай культуры прапалі практычна на ўсёй плошчы, то сёлета з 375 гектараў перасяваць прыйдзецца толькі каля 40 гектараў. Лепш за іншых выглядаюць пасевы у ААТ "Радзіма Якуба Коласа", "Жацерава", "Каганец", "Аталезь-агра" і "Рубяжэвічы".
- На якіх умовах можна здаць цяля ў сельскагаспадарчае таварыства?
- У кожнай гаспадарцы распрацаваны свае ўмовы, згодна з якімі праводзіцца разлік з грамадзянамі за здадзенае цяля і занатоўваюцца ў дагаворы кантрактацыі. Калі з вамі не быў заключаны такі дагавор, то вы звяртаецеся ў таварыства або ў сельскі Савет, дзе вам дапамогуць гэта зрабіць. Плата за адзін кілаграм жывой вагі цяляці ў грашовай форме вагаецца ад 10 да 13 тысяч рублёў. Натуральная плата за кілаграм жывой вагі - ад 15 да 20 кілаграмаў збожжа. У адным і другім выпадку дадаткова выдзяляецца сена і саломы, на ўмовах, якія ўказаны ў дагаворы. Дарэчы, сёлета па раёне заключана 827 дагавораў, што на 177 менш, чым летась. Ужо закуплена каля 200 цялят. Зразумела, што кожны гаспадар можа выбіраць, каму і на якіх умовах прадаць цяля. Але хацелася б звярнуцца да грамадзян з просьбай: здавайце цялят у сельгаспадарчыя таварыствы па месцы жыхарства. Гэтым вы дапаможаце гаспадаркам і раёну ў цэлым выканаць пастаўленыя сёлета перад працаўнікамі вёскі задачы па вытворчасці малака і мяса.
- Не зразумела, чаму апошнім часам старыя сады ў гаспадарках высякаюцца, а на іх месцы не садзяцца новыя?
- Гэта не зусім так. Нагадаю, што тэрмін плоданашэння яблыневага саду вымяраецца пятнаццаццю гадамі, а сады ў нашых гаспадарках ужо перавысілі яго ўдвая і не даюць належнай аддачы, таму далейшае іх утрыманне немэтазгоднае. Летась выкарчавана 88 гектараў, сёлета гэта работа будзе працягвацца. Ды і ўвогуле, для таго каб атрымліваць якасную і канкурэнтаздольную прадукцыю, садам трэба займацца мэтанакіравана, як гэта робіцца ў ААТ "Вішнявецкі". Зазначу, што агульная плошча пад садамі ў раёне з-за выкарчоўвання старых не зменшыцца. На 60-і гектарах пасадзіць сад ААТ "БелНатурПрадукт". Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.12.2010 зацверджана Дзяржаўная комплексная праграма развіцця пладаводства на 2011-2015 гады, згодна з якой таварыству будзе аказана падтрымка на набыццё пасадачнага матэрыялу, выдзелены сродкі і вішняўчанам. Расшыраюць плошчы пад садамі і фермеры, у прыватнасці, такія фермерскія гаспадаркі "Пульва Сад", "Ільга" і "Іванушка".
- Прыняты ў сельскагаспадарчае таварыства на часовую работу, а ці маю права на выхадную дапамогу пры звальненні і ў якім памеры?
- У адпаведнасці з арт. 295 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь часовым работнікам выхадная дапамога выплачваецца толькі ў двух выпадках. Пры звальненні ў сувязі з прыпыненнем работы на тэрмін больш аднаго тыдня па прычыне вытворчага характару або скарачэння аб'ёму работы ў наймальніка - у памеры тыднёвага сярэдняга заробку; пры звальненні ў сувязі з прызывам або паступленнем на воінскую службу - у памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку.






