мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №60-62    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

01.04.2011

ЗАГСам раёна зарэгістраваны 1 шлюб. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены пяцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Анастасіі Ярашук, Марыі Ждановіч, Кірылу Івашкевічу, Руслану Касякову і Кірылу Станкевічу.

Зямны шлях закончыўся для 19-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі тры выезды на тушэнне сухой травы. Факты яе выпальвання зафіксаваны ў Стоўбцах, Задвор'і і Канкаловічах. Нагадаем, што за падобныя дзеянні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць -  штраф у памеры да 1 мільёна 400 тысяч рублёў.

Міліцыяй узбуджана 7 крымінальных спраў. У вёсцы Русаковічы грамадзянін спрабаваў учыніць падпал у доме, у Русаках - запаліць драўляны хлеў. Невядомы трапіў у падсобнае памяшканне магазіна ў вёсцы Баханы і выкраў матэрыяльныя каштоўнасці. Злодзей абрабаваў пограб у жыхароў вёсак Новы Свержань і Дружная. У магазіне ў Стоўбцах грамадзянін адкрыта схапіў бутэльку гарэлкі з прылаўка.

Пракуратурай праводзіцца праверка па факту пажару, у выніку якога загінуў жыхар вёскі Заямнае. Разгледжана 5 зваротаў. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачанне па 6-ці крымінальных справах, па кожнай з іх пастаноўлены абвінаваўчыя прыгаворы. У суд накіраваны 3 крымінальныя справы ў адносінах да трох асоб.

Суд асудзіў да 1,5 года выпраўленчых работ 53-гадовага жыхара вёскі Тонава: будучы на лячэнні ў хірургічным аддзяленні бальніцы, ён выкраў у суседа па палаце, інваліда па зроку, 100 тысяч рублёў, а на ўкрадзенае набыў гарэлку і закуску. Да 8 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 48-гадовы жыхар Мешычаў: ён ударыў суседа сваёй маці, які спрабаваў выкрасці ў яе каструлю, так, што "самасуд" закончыўся смерцю пацярпелага. 24-гадовы жыхар Фаніпаля, які кіраваў  аўтамабілем у нецвярозым стане паўторна на працягу года, аштрафаваны на 6 мільёнаў 650 тысяч рублёў, а таксама пазбаўлены права кіравання  транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Крадзеж 80 кг зерня кукурузы каштаваў  29-гадоваму вадзіцелю ААТ "Каганец" 350 тысяч  рублёў штрафу. 50-гадовы жыхар Дзераўной за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап'янення пакараны штрафам на суму  35 тысяч рублёў. Жыхар Наваколасава паведаміў у дзяжурную часць міліцыі фальшывую інфармацыю (нібыта ў яго ўкралі куртку), за што яму прыйдзецца заплаціць 140 тысяч рублёў штрафу.

 ДАІ падводзіць вынікі прафілактычнай акцыі "Цвярозы вадзіцель", якая прайшла ў раёне з 24 па 28 сакавіка. Нецвярозыя вадзіцелі ўчыняюць дарожныя аварыі з цяжкімі наступствамі, у якіх пазбаўляюць жыцця іншых або робяць іх інвалідамі. Летась супрацоўнікамі ДАІ Мінскай вобласці выяўлена каля 10 000 вадзіцеляў у стане алкагольнага ап'янення. Усе яны пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі і аштрафаваны на максімальную суму, а пры паўторным факце на працягу года - прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Справіцца з гэтай праблемай можна агульнымі намаганнямі. Калі вы сталі сведкам таго, што  нецвярозы вадзіцель садзіцца за руль, паведамляйце па тэл. 5-19-15 або 102.

  "Хуткая" выязджала да хворых 212 разоў, у прыватнасці 5 сігналаў паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ