Сітуацыі надзвычайныя, рэжым службы – рабочы
Нумар - №60-62 Рубрыка - Прамая лінія
01.04.2011

Адбылася прамая тэлефонная лінія з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыем ІЛЮШЫНЫМ.
Пра паводку і кастры
Галоўная трывога ў тых, хто жыве побач з Нёманам, - веснавая паводка. Што чакаецца, якія прагнозы?
- Сітуацыя кантралюецца. Узровень вады ў рацэ знаходзіцца ў межах нормы. Рэзкага павышэння ўзроўню не назіраецца і, думаю, сёлета не будзе. Але мы набылі 8-месную маторную лодку з прычэпам для правядзення супрацьпаводкавых мерапрыемстваў і выратавальных работ. Калі штосьці будзе мяняцца, мы абавязкова паведамім.
Раю тым, у каго будынкі падтапляюць грунтовыя воды, падняць вышэй агародніну, перавесці ў бяспечнае месца жывёлу. І, думаю, трэба загадзя паклапаціцца пра добраахвотнае страхаванне сваёй маёмасці ад няшчасных выпадкаў у Белдзяржстраху.
Стаўбчане цікавіліся: "Ці можна спальваць смецце на сваім прысядзібным участку?"
- Парадак на сваіх участках наводзіць трэба, але спальваць смецце на ўчастку забаронена, як і ўстройваць на палях падпальванне рэштаў травы. Яны небяспечныя пажарамі для пабудоў, лесу, тарфянікаў. З надыходам цяпла пачынаецца пажаранебяспечны перыяд. Штогод план падрыхтоўкі да яго разглядаецца ў райвыканкаме, прымаюцца адпаведныя рашэнні. Будуць праводзіцца рэйды. За парушэнні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У мінулым годзе, напрыклад, з вінаватага грамадзяніна, які выпальваў траву на прыдарожнай паласе дарогі Стоўбцы - Дзераўная ў раёне вёсак Семенчыцы, Тулёнка, было спагнана праз суд 875 тысяч рублёў штрафу.
Дачніца пацікавілася: "Да каго звяртацца, каб парамантаваць печ?"
- Рамонт печаў, электраправодкі - вельмі важныя пытанні пажарнай бяспекі. Звяртайцеся ў Стаўбцоўскі ўчастак рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Нясвіжская пажарна-выратавальная справа", аграпрамэнерга ці іншыя арганізацыі, якія маюць ліцэнзію на правядзенне такіх работ.
Дачка пажылой жанчыны пыталася, як устанавіць у доме матулі, якая пражывае адна, аўтаномны пажарны апавяшчальнік?
- Вы прынялі правільнае рашэнне. Кошт прыбора невысокі, набываецца ў гандлёвай сетцы, а ўстанавіць яго можна і самім, нічога складанага няма. Іншая справа, што для большай бяспечнасці вашай маці, якая жыве адна, можна вывесці сігнал у дом суседзяў або на фасад будынка. Гэта ўжо робяць спецыялісты. Звяртайцеся да нас або ў аб'яднанне "Нясвіжская пажарна-выратавальная справа". З гэтай арганізацыяй мы асвоілі сёлета 18,5 мільёна рублёў, выдаткаваных аблвыканкамам, на ўстаноўку АПІ больш чым у 30 дамах маламаёмасных грамадзян. Работа працягваецца.
Пасля зімы не забудзьцеся перагледзець у доме маці стаякі (іх трэба атынкаваць, пабяліць), на электраправодку таксама звярніце ўвагу.
Жыхары шматпавярховага мікрараёна Стоўбцаў скардзяцца: "Двары застаўлены машынамі, некаторыя ставяць свае аўто прама пад вокнамі. А калі раптам нешта загарыцца? Пад'езд для пажарнага аўтамабіля адсутнічае".
- Па пытаннях паркоўкі на зялёнай зоне вам неабходна звярнуцца непасрэдна ў ДАІ. Што датычыць нашай службы, то, згодна з Законам "Аб статусе выратавальніка", органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях і іх работнікі маюць права вызваляць праезд для пажарнага аўтамабіля і пры гэтым не нясуць адказнасці за шкоду, нанесеную ў выніку абгрунтаваных дзеянняў у ходзе ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі або пажару.
Жыхары сельскай мясцовасці пыталіся, якая адлегласць павінна быць ад лясных масіваў да прысядзібных участкаў.
- Для сельскай мясцовасці дапускаецца адлегласць ад граніцы забудовы да граніцы ляснога масіву 25 метраў, калі ён хваёвы або змешаны, і 15 метраў - калі лясны масіў лісцевы. Для больш канкрэтнай кансультацыі адносна супрацьпажарных разрываў звяртайцеся ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
Аб платных паслугах
Прыходзіць вясна, і ў падвале стаіць вада. Ці можа ваша служба адкачаць ваду? Ці можа праверыць вентканалы?
- Мы аказваем жыхарам раёна гэтыя і іншыя запатрабаваныя паслугі на платнай аснове, таму што яны не з'яўляюцца надзвычайнай сітуацыяй. Тарыфы дзяржаўныя, без уліку падатку на дабаўленую вартасць, даступныя для насельніцтва.
З сельвыканкама цікавіліся, ці могуць выратавальнікі аказаць паслугу па зносу пустых аварыйных дамоў?
- Так, на платнай аснове мы гэта робім пастаянна. Цяпер актыўна працуем на тэрыторыі былога садавіна-агародніннага завода. У Мінску нашы работнікі ў складзе зводнага атрада працуюць на зносе старых будынкаў Белдзяржцырка, а таксама жылога дома па вул. Маякоўскага.
У мінулым годзе для ліквідацыі надзвычайных сітуацый і аказання платных паслуг закупілі 20-тонны самазвал на шасі МАЗа, пагрузчык "Амкадор", пад'ёмны кран грузападымальнасцю 14 тон.
Аб прафесіі
- Мой сын вучыцца ў 9 класе і жадае стаць пажарным. Дзе можна атрымаць такую адукацыю і куды нам трэба звяртацца?
- На базе 9 класаў можна паступаць у Мінскі абласны ліцэй. Ён дае магчымасць падрыхтоўкі і далейшага паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь - Камандна-інжынерны інстытут у Мінску і Гомельскі інжынерны інстытут. У гэтым годзе ўжо пачалася ўступная кампанія ў названыя ВНУ. Ёсць 12 жадаючых выпускнікоў школ раёна. Сярэдні бал атэстата павінен быць не менш за 7,5 бала. Летась паступілі ў ВНУ МНС Рэспублікі Беларусь трое выпускнікоў гімназіі № 1.
Звяртацца вам трэба ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, тэл. 5-24-01, 8-044-728-00-45.
Карыстаючыся выпадкам, Валерый Ілюшын выказаў удзячнасць дырэктарам гімназіі № 1, школ горада №№ 2 і 3, Старасвержанскай, Навасвержанскай, Дзераўнянскай, Мікалаеўшчынскай, Заямнаўскай і Шашкоўскай за арганізацыю заняткаў і факультатываў асновы бяспекі жыццядзейнасці, за якасную падрыхтоўку выпускнікоў да выбару прафесіі і паступлення ў профільныя ВНУ.
- У нас у горадзе праблема са спартыўнымі збудаваннямі. Чым зацікавіць сына-падлетка, каб адцягнуць яго ад уплыву вуліцы?
- Запішыце яго ў наш клуб юных выратавальнікаў-пажарных. Яны дзейнічаюць ва ўсіх школах раёна і ў нас, на базе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Гэтыя дзеці малююць, пішуць вершы і ўдзельнічаюць у творчых конкурсах, фестывалях, займаюцца ў школе бяспекі, спаборнічаюць на брэйн-рынгах і ў спаборніцтвах па пажарна-прыкладным спорце. Паверце, ёсць на каго раўняцца. Работнікі ПАСЧ-1 Андрэй Арлоўскі, Аляксандр Крамко, Вадзім Уставіч выступаюць у складзе каманды абласнога ўпраўлення МНС. Летам каманда дзяцей будзе выступаць у абласным палявым лагеры. Сёлета плануем правесці раённы злёт юных выратавальнікаў-пажарных. Такіх спартыўных, падцягнутых рабят мы і на работу да сябе з задавальненнем бяром.
- Ці можна ўладкавацца на работу ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях?
- Сёння нам патрэбны кваліфікаваныя вадзіцелі, з вопытам работы па катэгорыі "С" 1,5 года і больш, а таксама пажарныя. Для пажарных пажадана служба ва Узброеных Сілах, узрост ад 18 да 30 гадоў, наяўнасць спартыўных разрадаў. Аплата працы дастойная, пры неабходнасці прадастаўляем інтэрнат. Пасля аднаго года службы ёсць магчымасць паступіць на завочнае аддзяленне ВНУ МНС. А калі ёсць вышэйшая адукацыя, то можна прайсці перападрыхтоўку ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі. У далейшым пры наяўнасці вакантных месцаў гэта дае магчымасць займаць афіцэрскія пасады як у нашым раёне, так і ў іншых гарнізонах Мінскай вобласці. Сёлета ў нас плануюцца такія назначэнні. Летам чакаем прыезду трох выпускнікоў Гомельскага інжынернага інстытута, усе яны - ураджэнцы Стаўбцоўшчыны. Важна і тое, што падчас службы можна бязвыплатна для работніка атрымаць сумежныя спецыяльнасці - стропальшчыка, вальшчыка лесу, кранаўшчыка і інш.
Хачу звярнуцца да старастаў вёсак, да старшыняў сельвыканкамаў, усіх грамадзян. З надыходам пажаранебяспечнага перыяду кантралюйце абстаноўку на могілках, звалках, таму што нярэдка людзі пакідаюць там пасля ўборкі кастры. Наводзьце парадак вакол пакінутых сядзібаў. Звяртайце ўвагу на людзей, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця. Паведамляйце інфармацыю нам, у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, у міліцыю, а мы будзем рэагаваць на яе.
Абстаноўка з пажарамі ў раёне застаецца трывожнай. У сакавіку быў аб'яўлены месячнік пажарнай бяспекі. У гэтым годзе ў нас ужо трое загінуўшых на пажары. Летась на даны момант іх не было. Дзве ахвяры з трох былі ў стане алкагольнага ап'янення. Адбылося 18 пажараў.






