мобильная версия
Прамень

Пакорлівы лёсу

Нумар - №65-67    Рубрыка - Памяць

10.04.2011

Фотография 1

Гісторыя не ведала больш страшнага знішчэння людзей розных нацыянальнасцей. Увесь свет жахаецца, успамінаючы тысячы канцлагераў, праз якія прайшлі мільёны людзей, дзе былі закатаваны сотні тысяч нявінных. У ліку іх былі і малалетнія вязні, якія перанеслі нечалавечыя пакуты. Да гэтых людзей цяпер асаблівая ўвага, іх запрашаюць на сустрэчы з мэтай патрыятычнага выхавання маладога пакалення, дзе яны дзеляцца ўспамінамі аб жахах Другой сусветнай вайны, даносяць сутнасць фашызму і разуменне яго небяспекі ў мірны час. Абавязак і наш -  сабраць матэрыял аб такіх людзях, запісаць іх успаміны, назваць  імёны. Проста ўспомніць аб іх.

З гэтай мэтай наша паездка ў Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы і інвалідаў. Ужо больш за 10 гадоў тут жыве Сцяпан Іванавіч Назаранка. Чалавек спакойны, мірны. Пакідаў яго лёс па жыцці. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Брагінскі раён быў эвакуіраваны. Сцяпан Іванавіч там нарадзіўся, там прайшлі многія гады жыцця. Зразумела, расставацца з усім родным, блізкім сэрцу было псіхалагічна  няпроста. І ні для кога з перасяленцаў гэта не прайшло бясследна. Сцяпан Іванавіч, на той час ужо ўдавец, абсталяваўся з сынам у Капыльскім раёне. Адтуль і прыехаў на схіле веку жыць у Мікалеўшчынскі дом-інтэрнат. Аднак самымі цяжкімі, пакутнымі ён лічыць гады, праведзеныя ў час вайны ў фашысцкім працоўным лагеры. Іх вёска Сцяжарнае трапіла пад акупацыю. Ворагі паўсюдна збіралі моладзь і вывозілі ў Германію. У ліку вязняў аказаўся і сямнаццацігадовы Сцяпан Назаранка, які не паспеў схавацца ў лесе, як некаторыя з яго равеснікаў.

Ён трапіў на работу на ваенны завод у Францыі, непадалёку ад нямецкай мяжы. Працаваў пазменна ў ліцейным цэху. Самым страшным была не гэта цяжкая работа, а голад. Жылі ў бараках, пастаяннае недаяданне аслабіла іх сілы. Аднак па-ранейшаму даводзілася любою цаною выконваць зменныя нормы. Сёння Сцяпану Іванавічу больш за 90 гадоў, ён прызнаецца, што мала ўжо што памятае. І мы не просім яго напружвацца, каб у храналагічным парадку расказаць аб усім. Гэта страшнае адчуванне голаду ў Сцяпана Іванавіча выцесніла іншыя ўражанні. Вызвалілі іх лагер амерыканцы. Тры гады Сцяпан Назаранка быў у лагеры. Калі вярнуўся дамоў, даведаўся, што бацькі памерлі, адзін з братоў загінуў на фронце. Брат Ігнат трапіў у нямецкі палон і таксама прайшоў фашысцкі лагер.

Большая частка жыцця Сцяпана Іванавіча прайшла на роднай брагінскай зямлі. Ён узначальваў трактарную брыгаду. Здарылася з ім на рабоце такая бяда - адарвала кісці рук на сіласным камбайне. З таго часу ён - інвалід І групы.

Пакорлівы лёсу, нешматслоўны Сцяпан Іванавіч спакойна расказвае аб усім. Двое яго дзяцей жывуць за мяжою - сын на Украіне, дачка - у Карэліі. З дзецьмі і ўнукамі не бачыўся ўжо каля 20 гадоў. Гэтыя і іншыя  няпростыя абставіны ў  жыцці не зламалі яго, не зрабілі жорсткім: паглядзіш у яго вочы - і сагрэешся.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Лана СВЯТЛІЦКАЯ