мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №65-67    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

10.04.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 2 шлюбы і зроблена адна адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены адзінаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Валерыі Шалькевіч, Софіі Хвалей, Ульяне Салей, Паліне Грыгарцэвіч, Назару Кульшу, Софіі Ціцянок, Дзіяне Ланкевіч, Махамеду Маршэдыю Аміру Асаму, Ксеніі Карнілавай, Арыне Шах і Даніілу Валатоўскаму.

Зямны шлях закончыўся для 17-ці чалавек.   

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Лапкі (Аталезскі сельсавет), дзе агонь знішчыў хлеў вяскоўца. Прычына пажару высвятляецца. Пажарным раёна давялося выязджаць 4 разы на тушэнне сухой травы. Нагадваем, што ў сувязі з пажаранебяспечным перыядам вясеннія палы забаронены, за гэта караюць штрафам.

Міліцыяй узбуджана 7 крымінальных спраў, усе - крадзяжы. У кватэры па вул. Цэнтральнай у Стоўбцах знік мабільны тэлефон. Двое зламыснікаў абрабавалі дом жыхара вёскі Ператокі. У гэтай жа вёсцы злачынец трапіў у вытворчы цэх ТАА "Борлеспрам" і вынес вадзяныя радыятары.  Невядомы паквапіўся на 23 металічныя рашоткі водапрыёмнага жолаба, якія знаходзіліся на тэрыторыі, прылеглай да фірменнага магазіна РУП "Мінск Крышталь" у райцэнтры. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь  у раёне вёскі Зуберава зафіксаваны факт незаконнага палявання без адпаведнага дазволу на дзікага кабана. Мяса дзіка знойдзена ў хаце мясцовага жыхара. Падчас агляду гаспадарчых пабудоў выяўлены незарэгістраваная паляўнічая зброя, петлі з троса  і  дроту.  Разглядаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Пракуратурай разгледжаны 2 звароты. Падтрымлівалася абвінавачванне па 10 крымінальных справах. У суд раёна накіраваны 6 крымінальных спраў. Праводзіцца праверка па факту няшчаснага выпадку, які здарыўся з аператарам машыннага даення ААТ "Агранёманскі", а таксама на  выкананне Залужскім сельвыканкамам заканадаўства аб утрыманні могілак і патрабаванняў законаў "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў" і "Аб удзеле грамадзян у ахове грамадскага парадку" (па іх выніках вынесены прадпісанне і прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў).

 Суд асудзіў да 1,5 года абмежавання волі 51-гадовага беспрацоўнага новасвяржаніна: ён выкраў у суседзяў 206 тысяч рублёў разам з прадуктамі харчавання. Да 1 года выпраўленчых работ з утрыманнем з заробку 20 працэнтаў прыгавораны 32-гадовы жыхар Крамца: мужчына пагражаў забойствам сваёй сужыцельцы. 41-гадовы жыхар Дзераўной прыхапіў з прылаўка мясцовага магазіна мясныя паўфабрыкаты коштам амаль 15 тысяч рублёў, за што аштрафаваны на 350 тысяч. 

ДАІ выявіла 151 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 10 бяспраўных і 5 нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх - вадзіцель-міжнароднік, грамадзянін Польшчы), 7 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарыліся 4 дробныя аварыі, у іх абышлося без пацярпелых.

"Хуткая" выязджала да хворых 207 разоў. На здзіўленне медыкаў, на мінулым тыдні не было ніводнага сігнала аб аказанні экстраннай дапамогі асобам з алкагольным ап'яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ