Уберагчы моладзь ад наркотыкаў
Нумар - №68-69 Рубрыка - Прамая лінія
12.04.2011
Няма нічога больш трывожнага, чым статыстыка па наркаманіі сярод падлеткаў і маладых людзей. Улічваючы актуальнасць гэтай з'явы, урачом-наколагам райбальніцы Сяргеем Карэліным была праведзена прамая лінія, у ходзе якой былі закрануты многія аспекты наркаманіі.
Што такое наркотыкі?
Сяргей Карэлін:
- Гэта рэчывы, здольныя выклікаць стан радаснага ап'янення - эйфарыю, а пры сістэмным прымяненні - прывыканне і жорсткую залежнасць.
Якія бываюць наркотыкі?
- Наркотыкі бываюць прыроднага паходжання, такія як марыхуана, гашыш, опіум, каноплі, і сінтэтычныя, здабытыя хімічным шляхам. У якасці наркотыкаў выкарыстоўваюцца і лекавыя рэчывы псіхатропнай групы.
Што такое наркаманія?
- Гэта стан хранічнага атручэння арганізма, калі чалавек адчувае непераадольную цягу да наркотыкаў.
Якое ўздзеянне на чалавека аказвае наркотык?
- Чалавек у стане наркатычнага ап'янення перастае адчуваць душэўны і фізічны боль, з'яўляецца адчуванне лёгкасці, камфорту. Гэта прыводзіць да страты кантролю над сабой і пачуцця рэальнасці. Бываюць выпадкі, калі чалавеку пачынае здавацца, што ён можа выскачыць з акна і паляцець па паветры.
Што такое таксікаманія?
- Гэта разнавіднасць наркаманіі, пры якой у якасці наркотыку выкарыстоўваюць яды, што ўздзейнічаюць на нервовую сістэму, мозг. Звычайна, гэта арганічныя растваральнікі: клей, лакі, бензін.
Што такое "наркатычная ломка"?
- Праз некаторы час рэгулярнага ўжывання наркотыкаў эйфарыя змяняецца жорсткай фізічнай залежнасцю - крайне цяжкім і хваравітым станам. Калі спыніць прыём наркотыку, узнікаюць непакой, бяссонніца, дэпрэсія, ламота і ціск у суставах, вельмі непрыемныя, цяжкія адчуванні ў мышцах, могуць быць сутаргі ў канечнасцях. У такім стане чалавек гатовы на любы ўчынак, каб толькі здабыць грошы яшчэ на адну партыю наркатычнага рэчыва. Не кожны здольны вытрымаць ломку, і наркаманы з-за гэтага ўчыняюць нямала злачынстваў.
Ці праўда, што існуюць наркотыкі мяккія, "бяспечныя"?
- Існуюць наркотыкі, ад якіх наркаманія развіваецца пазней. Аднак гэта не значыць, што наркаманія не можа развіцца. Амаль усе, хто стаў наркаманам, пачыналі з марыхуаны, канопляў.
Чаму лічыцца, што накротыкі - у асноўным праблема моладзі?
- Сапраўды, большасць з тых, хто прымае наркотыкі, - моладзь. Гэтаму ёсць вельмі простае тлумачэнне: наркаманы вельмі часта паміраюць і не дажываюць да больш позняга ўзросту. Моладзь мае свае праблемы, у прыватнасці, узрост 13-19 гадоў - крытычны, крызісны, калі падлетак найбольш неабаронены псіхічна. Моладзь наогул схільная да пошукаў новага, да пераймання пры пераацэнцы сваіх магчымасцей. Сучасная моладзь знаходзіцца ў асабліва цяжкіх умовах, калі ўзрастае зло і збядняецца любоў. Пры адсутнасці духоўнай накіраванасці гэта прыводзіць да неўратызацыі.
Якую шкоду, акрамя залежнасці, яшчэ прыносяць наркотыкі арганізму?
- Усе без выключэння наркотыкі з'яўляюцца ядам па сваёй прыродзе. Яны паражаюць органы і тканкі, але асабліва - нервовую, палавую сістэмы, мозг, печань і ныркі. Нават людзі з самым моцным здароўем пры рэгулярным ужыванні наркотыкаў жывуць не больш за 10 гадоў. З-за таго, што наркаманы карыстаюцца не стэрыльнымі шпрыцамі, сярод іх распаўсюджаны многія небяспечныя хваробы, такія як СНІД, гепатыт і іншыя.
Чаму наркаманія дрэнна лечыцца?
- Таму што наркаманія мае сацыяльныя, духоўныя, маральныя прычыны. Лячэнне любога захворваня пачынаецца з ліквідацыі прычын. Урач не можа зрабіць чалавека больш маральным, гэта не ў яго кампетэнцыі. Наркаманія - гэта не толькі хвароба цела, але і хвароба душы. Грэх мае ў сваёй прыродзе духоўныя прычыны, якія не лечацца лекамі.
Як трэба весці сябе, каб не стаць наркаманам?
- Патрэбна пазбягаць дрэнных кампаній, ніколі не мець зносін з тымі, хто ўжо ўжывае наркотыкі. Асабліва трэба пазбягаць тых людзей, якія прапаноўваюць паспрабаваць наркатычныя рэчывы бясплатна. Ні ў якім разе нельга спрабаваць наркотыкі хоць бы адзін раз. Схільнасць да наркотыкаў можа ўзнікнуць нават пасля аднаго ўкола! Сучасная рок-музыка можа садзейнічаць цягаценню да наркотыкаў.
Ці існуюць методыкі лячэння наркаманіі?
- Усе методыкі маюць неабходную ўмову лячэння: моцнае жаданне самога хворага. Не саромцеся звяртацца па дапамогу да кампетэнтных людзей, урачоў, свяшчэннікаў.






