Мінская трагедыя
Нумар - №70-72 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
17.04.2011
Усіх усхвалявала жудасная вестка. 11 красавіка г.г. у 17.55 на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінску адбыўся падрыў выбуховага прыстасавання, які выклікаў чалавечыя ахвяры.
На 03.30 12 красавіка колькасць загінуўшых дасягнула 12 чалавек, 149 звярнуліся ва ўстановы аховы здароўя па медыцынскую дапамогу (з іх 22 у цяжкім стане, 30 - з траўмамі сярэдняй ступені цяжкасці).
Паводле слоў Міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова, поезд рухаўся з боку плошчы Перамогі ў бок плошчы Незалежнасці. Як мяркуецца, выбуховае прыстасаванне знаходзілася пад лаўкай на платформе насупраць другога вагона. У выніку выбуху ўтварылася варонка дыяметрам амаль 80 см. Магутнасць выбуху ў тратылавым эквіваленце склала ад 5 да 7 кг. Выбуховае ўстройства было начынена металічнымі шарыкамі. На момант выбуху ў гэтым месцы знаходзіліся прыкладна 300 чалавек. У гэты ж час у процілеглым напрамку рухаўся другі састаў, які вымушаны быў праехаць без прыпынку.
Адразу ж пасля выбуху сітуацыя была даложана Прэзідэнту. Кіраўнік дзяржавы неадкладна прыбыў на станцыю метро "Кастрычніцкая", спусціўся на платформу і агледзеў месца трагедыі.
Вярнуўшыся з месца здарэння, Прэзідэнт правёў экстранную нараду. Сілавікам, ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта, Мінгарвыканкаму дадзены канкрэтныя даручэнні па дапамозе пацярпелым, узмацненні мер бяспекі на транспарце, у месцах масавага скопішча людзей і расследаванні злачынства.
У сувязі з учыненнем выбуху ў Мінскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 года і гібеллю людзей, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў грамадзянам Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Тэрарызм".
Органы следства адразу ж пачалі правядзенне неадкладных следчых і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў для ўстанаўлення асоб, вінаватых ва ўчыненні названага злачынства.
13 красавіка ў Мінску супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС і спецпадраздзялення "Алмаз" КДБ затрымалі тры падазроныя асобы, якія маюць дачыненне да выбуху на "Кастрычніцкай". Адна з гэтых асоб падазраецца ва ўчыненні тэракта не толькі 11 красавіка гэтага года, але і выбухаў 3 ліпеня 2008 года ля стэлы "Горад-герой Мінск" і выбухаў, якія мелі месца ў верасні - кастрычніку 2005 года ў Віцебску.
На даным этапе ідзе дадатковы збор, ацэнка і сістэматызацыя доказаў віны затрыманых.
Рэспубліканскі аператыўны штаб пад кіраўніцтвам Старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь вядзе ўлік пацярпеўшых грамадзян. Інфармацыю аб пацярпеўшых можна атрымаць па тэлефоне: (8-017) 233-92-68.
У сувязі з трагічнымі падзеямі, што адбыліся 11 красавіка на станцыі метро "Кастрычніцкая", Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адкрыў дабрачынны рахунак для залічэння ахвяраванняў.
Рахунак адкрыты ў аддзяленні 539 ААТ "Белінвестбанк", нумар 3642740104035 код 739.
Акрамя таго, Мінгарвыканкам 12 красавіка раніцай унёс прапанову ў Адміністрацыю Прэзідэнта разгледзець пытанне, каб частка грашовых сродкаў, заробленых у час рэспубліканскага суботніка, была накіравана на аказанне дапамогі пацярпелым і аднаўленне станцыі метро.






