Пасадзі дрэва!
Нумар - №70-72 Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край
17.04.2011

16 красавіка на Стаўбцоўшчыне, як і паўсюдна па рэспубліцы, пачаўся Тыдзень лесу.
Традыцыйна вясною лесаводы запрашаюць кожнага жыхара раёна пасадзіць дрэва і прыняць удзел ва ўборцы лесу ад захламленасці. Справа гэта патрэбная, бо разнастайнасць зелені вакол нас разам з чыстым наваколлем узбагачаюць здароўем душу.
- На сайце лясгаса можна даведацца пра аб'екты ў кожным лясніцтве, дзе запланаваны пасадкі, - адзначыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Аляксандр Шарапа. - Пасадачны матэрыял завезены з нашага пітомніка.
16 красавіка - адкрыццё Тыдня лесу і рэспубліканскі суботнік. Работнікі лясгаса будуць садзіць у гэты дзень лес, а таксама добраўпарадкаваць свае тэрыторыі разам з ветэранамі вайны і працы, членамі раённай арганізацыі БРСМ, школьнікамі і студэнтамі. Ужо паступіла заяўка на ўдзел у акцыі з боку рэспубліканскага прадпрыемства "Белдзяржпаляванне". Яго супрацоўнікі выказалі жаданне пасадзіць дрэвы ў Кляцішчанскім лясніцтве і гэтым аздобіць уладанні Налібацкага заказніка, аблюбаванага ў апошні час волатамі-зубрамі.






