Тыдзень Стаўбцоўшчыны
Нумар - №70-72 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
17.04.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 5 шлюбаў, зроблены 2 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дванаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Руслане Бура, Дар'і Касцюк, Яўгенію Грышану, Вацлаву Чэмку, Марце Халявінскай, Дзмітрыю Каробку, Даніілу Астапковічу, Любові Мішук, Яўгенію Рылку, Лізавеце Гузоўскай, Ульяне Макась і Кірылу Малахоўскаму.
Зямны шлях закончыўся для 16-ці чалавек.
У пажарнай часці зафіксаваны выезд на загаранне сухой травы на падворку жыхара Новай Вёскі. Вінаваты ў яе выпальванні аштрафаваны на 350 тысяч рублёў. Нагадаем, што па кожным выпадку выпальвання травы або падпале смецця праводзіцца праверка. Пры выяўленні вінаватая асоба прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці.
Міліцыя, у тым ліку і работнікі РАУС, у сувязі з выбухам у мінскім метро 11 красавіка нясе службу ва ўзмоцненым варыянце.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы 7-га красавіка на рацэ Сула жыхар Мінска, які займаўся незаконнай лоўляй фарэлі. Гэты від рыбы, як вядома, занесены ў Чырвоную кнігу, таму страты, нанесеныя прыродзе ад здабычы адной рыбіны, склалі 210 тысяч рублёў. Адміністрацыйны матэрыял на парушальніка накіраваны ў суд, яму пагражае яшчэ і штраф ад 10 да 30 базавых велічынь.
Пракуратурай праведзена праверка, па выніках якой вынесена прадпісанне суб'екту гаспадарання аб ухіленні парушэнняў банкаўскага заканадаўства ў сувязі з невыкананнем крэдытнага дагавора і пратэрміноўкай пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў па ім. На карысць ДУП "Аўтапарк № 17" у Гаспадарчы суд заяўлены іск аб спагнанні з камерцыйнай арганізацыі доўгу па дагаворных абавязацельствах у суме больш за 67 мільёнаў рублёў. Следчым пракуратуры завершана следства ў адносінах да двух стаўбчан: з дапамогай сваёй знаходкі ў выглядзе банкаўскай карткі яны незаконна знялі ў банкамаце грошы ў суме 1 мільёна 50 тысяч рублёў; крымінальная справа накіравана ў суд раёна. На мінулым тыдні работнікамі пракуратуры падтрымлівалася ў судзе абвінавачанне па шасці крымінальных справах.
Суд прыгаварыў трох абвінавачаных, якія выкралі з аб'екта "ЖБК "Вясна" 2 вядры фарбы, ад 1 да 1,5 года выпраўленчых работ. 20-гадовы стаўбчанін наўмысна і сістэматычна збіваў сваю жонку (апошнія разы - з прымяненнем нажа), за што пазбаўлены волі на 1 год. 53-гадовая жыхарка Несцеравічаў, кіраўнік фермерскай гаспадаркі "Стоцкі фальварак", аштрафавана на 700 тысяч рублёў за непрадастаўленне ў аддзел статыстыкі справаздачнасці за мінулы год. 52-гадовая стаўбчанка, якая захоўвала дома 30 літраў брагі, пакарана штрафам у 175 тысяч рублёў.
ДАІ выявіла 174 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 8 п'яных і 7 бяспраўных вадзіцеляў, 8 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 11 дробных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў.
"Хуткая" выязджала да хворых 219 разоў, у прыватнасці 4 сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем, 2 - да хворых з дыягназам "хранічны алкагалізм". Два звароты у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.






