мобильная версия
Прамень

Вага чалавечага сэрца

Нумар - №73-74    Рубрыка - Сям’я

19.04.2011

Фотография 1

З гэтай сям'ёй мы сустрэліся ў дні, калі адбылася трагедыя ў Японіі, выкліканая разбуральным землетрасеннем. Яна  панесла жыцці дзясяткаў тысяч людзей і выклікала ядзерную катастрофу. Гэтымі абставінамі  ўскалыхнута ўся сусветная грамадскасць, якая сачыла за паведамленнямі ў прэсе аб становішчы на японскіх атамных станцыях. Наталля Макарэвіч з глыбокім спачуваннем японцам успрыняла гэту бяду, так як сама перажыла падобнае пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, адчула міласэрнасць добрых людзей і іх падтрымку.

... Калі з ваенкамата прыйшла павестка мужу з'явіцца для адпраўкі ў камандзіроўку па ліквідацыі аварыі, у сям'і было двое маленькіх дзетак - 3-х і 4-х гадоў. Віктар Ігаравіч стаяў на ўліку ў ваенкамаце як ваенны запасу войск супрацьпажарнай абароны. Якраз такія спецыялісты і былі запатрабаваны на атамнай станцыі, рэактар якой гарэў. Ці трэба гаварыць, колькі трывогі, непакою было ў душы і на сэрцы Наталлі Міхайлаўны, якая адпраўляла мужа ў такую небяспечную камандзіроўку.

Часць дыслацыравалася ў Брагіне. Быў май 1987 года, год пасля аварыі. Ужо  пабудавалі  саркафаг на чацвёртым блоку. Аднак работы па ліквідацыі вынікаў аварыі было яшчэ шмат. Салдаты тэрміновай службы працавалі ў лесе, які стаў падобны  на пустыню. Яны закопвалі ў траншэі спіленыя пашкоджаныя дрэвы. Віктар Ігаравіч быў на самім рэактары. На трэцім блоку здымалі руберойд з даху. Працягласць работы была 15 мінут у змену ў сродках аховы. Дазіметраў усім не хапала, таму давалі адзін на трох-чатырох чалавек. Акрамя таго, раскопвалі засыпаныя ў час выбуху бетонныя глыбы. Вярнуўся Віктар Ігаравіч дамоў раней, чым планавалася. Прыбыў яшчэ адзін полк, і было прынята рашэнне аб дэмабілізацыі. Пагрузілі тэхніку і вярнуліся дамоў.

Наталля Міхайлаўна ўспамінае, што радасць сустрэчы была азмрочана страшным нервовым станам мужа. Маладыя мужчыны, якім было тады па 27 гадоў, былі ў жудаснай паніцы. Паміж імі хадзілі чуткі, што жыць ім засталося нядоўга, і многіх гэта прывяло ў стан дэпрэсіі. Была вясна, і мудрая Наталля Міхайлаўна адправіла мужа да сябе на радзіму садзіць агарод, разважаючы: паміраеш ты ці не - а зямлю трэба заараць. Яе чаканні апраўдаліся. Муж вярнуўся дамоў больш спакойным, стрэс быў зняты. Аднак праблемы на гэтым не скончыліся. У яго пачаліся  галаўныя болі, якіх не здымалі ніякія медыцынскія прэпараты. І гэта працягвалася  пяць гадоў, пакуль не здарыўся з сям'ёю Макарэвічаў надзвычайны выпадак, які можна расцаніць як небывалы шанцунак.

Пляменніца Наталлі Міхайлаўны з Гомеля, дачка сястры, 12- гадовая Аксана пасля аварыі захварэла на рак шчытападобнай залозы. Па дабрачыннай паездцы разам з іншымі пацярпелымі дзецьмі яна паехала ў Англію. Аварыяй на Чарнобыльскай атамнай станцыі быў ускалыхнуты ўвесь свет. Да беларускіх дзяцей была асаблівая ўвага. Англійскае тэлебачанне зрабіла праграму, у якой змясціла інтэрв'ю з дзецьмі. У Аксаны спыталі, што яна ведае пра аварыю на атамнай станцыі. Дзяўчынка прастадушна і шчыра сказала: "Я ведаю, што мой дзядзька там працаваў і цяпер ён памірае". Перадача мела вялікі рэзананс у Англіі. Англічан вельмі ўразіла, якімі прэпаратамі лечацца абпрамененыя людзі. Да  бяды, якая дасталася нам ад аварыі ў суседняй краніне, мы былі не гатовы. Сям'і Макарэвічаў сталі прыходзіць пасылкі з Англіі з прэпаратамі і комплексам дарагіх вітамінаў для падтрымання імунітэту. Кошт дзвюх таблетак, якія прымаў Віктар Ігаравіч у дзень, раўняўся іх месячнай заработнай плаце. Прэпараты гэтыя англічанамі былі закуплены ў Японіі, якая зведала бяду ў Херасіме і Нагасакі і найбольш з усіх іншых краін была гатова аказаць дапамогу. Не пакінулі ў бядзе англічане і Аксану. Дзяўчынка была прааперыравана ў беларускай анкалагічнай бальніцы, а ўвесь курс лячэння навейшымі прэпаратамі далей праводзілі англічане. Цяпер Аксана замужам, нарадзіла дзіця, муж у яе ўрач, жыве з сям'ёй у сваім родным Гомелі. Выратавана жыццё і Віктара Ігаравіча. У гэтым няма перабольшвання, таму што нікога з маладых мужчын, з кім ён быў у камандзіроўцы на Чарнобыльскай атамнай станцыі, сёння ўжо няма. У адносінах да Віктара Макарэвіча некаторыя спрабавалі дапусціць сумненні: ці быў ён наогул у Чарнобылі? Віктар Ігаравіч паказвае карэспандэнту пасведчанне ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, нагрудны знак. Падзячнае пісьмо прыйшло і ў арганізацыю, адкуль ён быў прызваны на ваенныя зборы.

Ці трэба гаварыць, як сям'я Макарэвічаў удзячна людзям з іншай краіны, якія раздзялілі з імі  бяду, якія падарылі жыццё, і не адно. На працягу гэтых дваццаці гадоў Макарэвічы прымаюць у сябе дома сям'ю англічан, якая праявіла міласэрнасць і клопат у правядзенні лячэння. Пастаянна вядзецца перапіска, у Макарэвічаў стос пісьмаў з Англіі.

Калі ж пазнаёміць бліжэй чытача з сям'ёй Макарэвічаў, то скажам, што працуе Віктар Ігаравіч на Стаўбцоўскім мясакамбінаце, працягваючы слаўную сямейную дынастыю. 40 гадоў адпрацаваў тут бацька Ігар Уладзіміравіч, усё жыццё працавала маці Таццяна Пятроўна. Дзядзька Міхаіл Уладзіміравіч - адмысловы слесар. Ён ужо ў такім узросце, што можна было б даўно быць на заслужаным адпачынку. Аднак яго ўмельства і прафесіяналізм і цяпер запатрабаваны на прадрыемстве. Жонка дзядзькі Лідзія Серафімаўна таксама аддала сваё працоўнае жыццё камбінату. Агульны стаж работы дынастыі Макарэвічаў складае 120 гадоў - з дня заснавання камбіната. І Наталля Міхайлаўна 18 гадоў адпрацавала на  мясакамбінаце. Цяпер яна ў штаце ДЭУ-62, працуе па сваёй асноўнай спецыяльнасці. І, трэба ж, цяпер яна калега свайго сына. Пра Міхаіла варта сказаць асобна. Выпускнік стаўбцоўскай гімназіі № 1, у свой час ён закончыў Гомельскі электрамеханічны каледж. Потым паспяхова здаў уступныя экзамены ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Было прынята рашэнне аб абмене студэнтамі з Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным горным тэхнічным універсітэтам. І Міхаілу пашчасціла паехаць вучыцца ў старэйшы ўніверсітэт Расіі, заснаваны ў 1773 годзе самой імператрыцай Кацярынай. Гэта адна з самых багатых ВНУ Расійскай Федэрацыі, так як рыхтуе кадры для нафтавай, горнай прамысловасці. Міхаіл вучыўся і жыў у інтэрнаце з замежнымі студэнтамі, з якімі цяпер мае зносіны праз сетку інтэрнэт. Віктар Ігаравіч дзеліцца сваімі ўражаннямі ад наведвання ўніверсітэта, у якім, як ён сказаў, усё не абгледзіш і за цэлы дзень. Асабліва ўразіў яго музей універсітэта. Міхаіл атрымаў дыплом 232-га выпуску Санкт-Пецярбургскага горнага тэхнічнага ўніверсітэта з кваліфікацыяй "горны інжынер". Быў размеркаваны ў Мінск. І трэба ж, яго спецыяльнасць на той час была вельмі запатрабаванай. Французская фірма ажыццяўляла праект устанаўлення сістэм бяспекі на міжнароднай аўтастрадзе, таму Міхаіла з радасцю прынялі на работу ў Белдарсувязь інжынерам-электрыкам. Цяпер ён заняты ўстаноўкай сістэм відэафіксацыі на аўтастрадзе, абслугоўваннем дарожна-вымяральных станцый. Наталля Міхайлаўна працуе дыспетчарам і здымае паказанні гэтых станцый. Так што маці і сын - калегі, яны заняты адной справай.

Дружная сям'я Макарэвічаў з павагай і ўвагай адносіцца да захапленняў адзін аднаго. Напрыклад, Віктар Ігаравіч, яшчэ будучы халасцяком, захапіўся збіраннем калекцыйных мадэляў аўтамабіляў. Хоць гэта хобі і каштуе фінансавых укладанняў, Наталля Міхайлаўна падтрымлівае яго, разважаючы, што муж не ўкладвае грошы ў пустую справу, у шкодныя звычкі, таму яна яму спадкаемец. Ды і Міхаіл, дзе б ні быў, заходзіць у магазіны, каб прывезці бацьку ў падарунак новую мадэль аўтамабіля, якога пакуль яшчэ няма дома. Цана такой калекцыі большая, чым кошт рэальнага аўтамабіля.

Ад сустрэчы з гэтай сям'ёй засталіся прыемныя ўражанні. На развітанне хочацца агучыць думку Наталлі Міхайлаўны. Праходзячы каля стэнда "Яны змагаліся за Радзіму", Наталлі Макарэвіч заўсёды хочацца гэты спіс дапоўніць імёнамі тых, хто ў час страшнай бяды - ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС - таксама ахвяраваў сваім здароўем і жыццём, каб забяспечыць дабрабыт Айчыны. Хіба ліквідатары  тэхнагеннай катастрофы не абаранялі ў гэты час сваю Радзіму? На кожным прадрыемстве  таксама могуць стварыць стэнд, прысвечаны такім людзям, каб нашчадкі вывучалі гісторыю на прыкладзе канкрэтных асоб, якія жывуць і працуюць побач.

Святлана Жыбуль