Да гадавіны чарнобыльскай аварыі
Нумар - №81-83 Рубрыка - Памяць
29.04.2011
МАЛІТВА АБ СПАКОІ
У храмах Стаўбцоўскага благачыння, як і ў іншых прыходах Рускай Праваслаўнай Царквы, 26 красавіка, у дзень 25-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС былі адслужаны літургіі. Узносілася малітва аб дабрабыце, міры і спакоі на нашай зямлі, аб духоўным умацаванні ўсіх, хто пацярпеў ад тэхнагеннай катастрофы і аб супакоі душ тых ліквідатараў аварыі і іншых пацярпелых, хто адышоў.
ЧАРНОБЫЛЬ У ДУШУ ГЛЯДЗІЦЬ
У нас у раёне да 25-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшлі розныя мерапрыемствы. Мерапрыемства, арганізаванае супрацоўнікамі раённага Цэнтра культуры і ўстаноў культуры Заямнаўскага сельсавета, прайшло пад назвай "Чарнобыль - наш боль і памяць".
Перад вучнямі ДАСШ № 2 Стоўбцаў у раённым Цэнтры культуры выступілі ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай станцыі Леанід Гавака са Слабады, Хайдэр Хабушаў з Задвор'я, Іван Столяр з Вішняўца, Генадзь Гацура з Заямнага.
У фае Цэнтра культуры працавала тэматычная выстава работ вучняў устаноў адукацыі горада і выстава, падрыхтаваная бібліятэкарам Задвор'енскай сельскай бібліятэкі Ірынай Шабуня.
Работнікі культуры падрыхтавалі таксама інсцэніроўку па тэме, быў паказаны слайд-фільм і канцэрт.






