мобильная версия
Прамень

Перад святлом нашай памяці

Нумар - №81-83    Рубрыка - Памяць

29.04.2011

У суквецці вясны адметнае і свята Радаўніца. Адзначаецца яно на наступным тыдні пасля Вялікадня, у аўторак.

Рэлігійная ісціна сцвярджае бессмяротнасць душы. І здаўна чалавек верыў, што душы родных, блізкіх становяцца абярэгамі роду. Што менавіта ў гэты дзень яны наведваюць месца пахавання свайго цела, каб нябачна сустрэцца з жывымі.

На Радаўніцу кожная сям'я ішла памінаць сваіх родзічаў спачатку ў царкву, а потым на могілкі. А папярэдне кожная магіла старанна прыбіраецца. Вельмі добры звычай, калі аздабляецца "вечны дом" і на вясновую Радаўніцу, і на восеньскія Дзяды.

Шмат дзе захаваўся і звычай памінальнай трапезы, калі на абрусе каля магілкі выкладваецца пачастунак. Усе члены сям'і ўспамінаюць нябожчыкаў, і жывым жывое, падымаюць кілішкі. Фарбаваныя яйкі, крыху іншай стравы пакідалі "для мёртвых". Святары звычайна не ўхвальваюць падобнае язычніцтва. Ды і правілы санітарыі не ў суладдзі з пакіданнем ежы, тым больш такім цяплом.

А вось кветкі, якімі аздабляюцца магілкі, - і натуральныя, і штучныя - ствараюць сапраўдную прыгажосць. Каб хораша было не толькі ў прыбраным да Вялікадня жыллі, але і "ў горадзе нашых продкаў".

Тут людзі асабліва стараюцца. Бо менавіта кветкі з'яўляюцца сімвалічным знакам любові і павагі, нашай памяці. Ды і перад знаёмымі брыдка, калі не прынёс на магілку свежы букет.

І зразумелае было абурэнне членаў адной сям'і, калі наведаўшы магілу на гарадскіх могілках, яны ўбачылі, што ваза, куды нядаўна паставілі букет, чамусьці пустая. Хтосьці ўкраў? Выходзіць так.

Такі ўчынак невядомых зламыснікаў можа не цягне на вандалізм. На жаль, здараліся і выпадкі, пра якія мы паведамлялі і ў газеце: руйнавалі помнікі, збівалі крыжы, агароджу, здабываючы, пэўна, каляровыя металы. Камяком у горле стане выпіўка за выручаныя ад гэтага грошы. А чые душы асвецяць украдзеныя з магілкі прыгожыя кветкі?

Няхай добра будзе добрым людзям. Няхай прыйдуць да ўсведамлення нормаў чалавечага жыцця грэшнікі. А найбольш мы будзем маліцца ў светлы дзень Радаўніцы за Божую міласэрнасць да тых, каго мы ніколі не ўбачым. Толькі можа адчуем іх тонкае дыханне, будзем заўсёды памятаць дарагія воблікі.

Ф. ФЯДОТАЎ