мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №81-83    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

29.04.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 8 шлюбаў, зроблены 4 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены 15-ці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Валерыі Дударэвіч, Валерыі Ермаковіч, Эльдару Саітгарэеву, Юліі Зяноўцы, Дар'і Талейцы, Софіі Аляшкевіч, Цімафею Князюку, Ульяне Капытаенцы, Мікіту Барадачу, Уладзіміру Макаўчыку, Аліне Дошчачцы, Артуру Рубіну, Аляксандры Калкоўскай, Эвяліне Грыгарцэвіч і Софіі Лагуце.

Зямны шлях закончыўся для 29-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі 3 вогненныя здарэнні. У жыхара мікрараёна Акінчыцы ў выніку пажару пашкоджаны хлеў. Агонь узнік з-за кароткага замыкання электраправодкі. У Рубяжэвічах пацярпеў гараж, папярэдняя прычына яго загарання - неасцярожнае абыходжанне з агнём. Не чакала пажару і пенсіянерка з Мікалаеўшчыны, калі наводзіла парадак і паліла смецце. Ад кастра занялася сухая трава, а з яе агонь імгненна перакінуўся на гаспадарчую пабудову. Самастойна затушыць ачаг агню жанчыне не ўдалося. Дарэчы, зафіксаваны 19 выездаў пажарных, звязаных з тушэннем смецця і сухой травы. На вінаватых складзены адміністрацыйныя пратаколы. Ім пагражае штраф - да 350 тысяч рублёў.     

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выяўлены самапальны "нарыхтоўшчык" бярозавага соку, жыхар Стоўбцаў. Без дазвольных дакументаў і ў забароненым месцы (80-ты квартал Акінчыцкага лясніцтва) ён ажыццявіў падсочку 66-ці дрэў бярозы. На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол. Акрамя кампенсацыі нанесеных прыродзе страт, за парушэнне правіл нарыхтоўкі і збору бярозавага соку яму пагражае штраф у памеры да 700 тысяч рублёў. 

Суд асудзіў за разбой на 2 гады пазбаўлення волі 34-гадовага жыхара Новага Свержаня. Адпраўлены за краты на 1,5 года і 25-гадовы жыхар Навапольцаў: малады чалавек тройчы абрабоўваў дачны дом у сваёй жа вёсцы. Да 1 года выпраўленчых работ асуджаны 33-гадовы жыхар Вішняўца - за крадзеж інструментаў з падвала дома. Штрафам у 1 мільён 750 тысяч рублёў пакараны 23-гадовы стаўбчанін: выгульваючы сабаку, ён выкраў з кабіны машыніста электрычкі мабільны тэлефон і падзараднае прыстасаванне да яго. Цікава тое, што абвінавачаны таксама працуе на чыгунцы - памочнікам машыніста. Для жыхара Зарэчча (Засульскі сельсавет) набыццё паўлітроўкі са спіртам абярнулася штрафам у 105 тысяч рублёў, а для яго "дабрадзейкі", якая захоўвала ў сябе дома яшчэ 7,5 літра этылавага спірту, - 700-мі тысячамі рублёў штрафу.       

ДАІ выявіла 153 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 8 п'яных і 7 бяспраўных вадзіцеляў, 12 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. У выніку наезду транзітнай фуры на службовы аўтамабіль ДАІ, пацярпеў інспектар, які нёс дзяжурства на аўтамагістралі. Ён знаходзіцца ў бальніцы. Па папярэдняй версіі, вадзіцель фуры, грамадзянін Польшчы, заснуў за рулём.

"Хуткая" выязджала да хворых 540 разоў, у прыватнасці 30 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Шэсць зваротаў у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ