мобильная версия
Прамень

І правядзе гасцей бабуля...

Нумар - №84-87    Рубрыка - Памяць

06.05.2011

Фотография 1

З ветэранам вайны Леакадзіяй Ланкевіч з вёскі Кляцішча пашчасціла пазнаёміцца некалькі гадоў таму. Жанчына шмат і цікава расказвала пра тое, як партызаніла, што давялося перажыць ёй і аднавяскоўцам, як ратавала ад смерці рубяжэвіцкіх яўрэяў і як сёння да яе едуць удзячныя нашчадкі  з розных канцоў свету...

Не зважаючы на ўзрост (ад лютага ветэрану пайшоў 84-ы год), Леакадзія Браніславаўна заўсёды праводзіць сваіх гасцей і стаіць задуменна, глядзіць услед - моліцца за іх.

Сёння яны шэпчуць малітвы і просьбы да Бога за сваю колішнюю выратавальніцу.

- Здаецца, яшчэ не так даўно ўсё было найлепшым чынам, - прызнаецца дачка Люцыяна, якая жыве разам з Леакадзіяй Браніславаўнай. - Матуля паціху тупала на сваім двары, хадзіла ў магазін, у каплічку... Бяда напаткала нечакана. Мама стаяла ў хаце пасярод пакоя, закруцілася галава, і яна ўпала. Упала няўдачна. Зламала нагу ў месцы ад калена да бядра.

Жанчына трапіла на аперацыйны стол. Каб у далейшым вярнуць ёй рух, урачы "ўжыўлялі" спецыяльную пласціну. "Аперацыя доўжылася чатыры гадзіны, - расказвае Леакадзія Ланкевіч. - Дзякую ўрачам раённай бальніцы. Яны глядзелі мяне, як сваю матулю. Лячылі не толькі маю ногу, а і вочы, бо я інвалід па зроку, аказвалі розную дапамогу".

Цяпер ветэран вайны знаходзіцца дома. "Хаця каб пайшла", - хвалюецца дачка і, каб узняць настрой матулі, гаворыць з ёю пра справы агародныя, добра знаёмыя ёй і любімыя (без яе парады што і як пасадзіць не абыходзіцца). Больш за месяц яна дапамагае нехадзячай матулі абслугоўваць сябе. Але ў  сваіх клопатах яны, на шчасце, не адзінокія.

Адчуваюць моцную падтрымку сацыяльнага работніка Марыны Плясецкай. Дамоў да іх прыходзіць тутэйшы фельчар Таццяна Бібік. Яна робіць перавязкі. Свайго ветэрана не пакідае без увагі  Налібацкі сельскі Савет. Леакадзія Браніславаўна не можа забыць, як летась у дзень 9 Мая да яе завіталі школьнікі разам са старшынёй сельвыканкама Уладзімірам Лойкам. Дзеці спявалі ваенныя песні для бабулі, расказвалі вершы... Ляснічы Кляцішчанскага лясніцтва Аркадзь Панамароў, дзе ў свой час ветэран вайны працавала, з разуменнем адгукаецца на ўсе яе просьбы. Дапамог з дровамі і паабяцаў, што, як і ў мінулыя гады, работнікі лясніцтва парэжуць іх.

У пушчанскіх ваколіцах жывуць міласэрныя і працавітыя людзі. Дзякуй ім! А шаноўнаму ветэрану вайны жадаем хутчэй вылячыцца і стаць на ногі.  

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ