Баявыя дарогі Міхаіла Акуліка
Нумар - №84-87 Рубрыка - Памяць
06.05.2011

Верыў у Перамогу і набліжаў яе ўсе 1418 дзён і начэй на працоўным і ратным франтах інвалід вайны з вёскі Задвор'е Міхаіл Акулік.
У мінулым годзе, у год 65-годдзя Вялікай Перамогі, Міхаілу Акуліку якраз споўнілася 85. Абедзве гэтыя даты выглядаюць урачыста, заканчваюцца слаўнай "пяцёрачкай". А вось той сціплы і кароткі адрэзак часу паміж імі, разрыў у 20 гадоў, гэта ўзрост салдата Перамогі. У свае 18 ён прыняў першы бой. Быў паранены і цудам застаўся жыць...
Перахрысціўся і выжыў
- Украінскі горад Домна, за 60 км ад Івана-Франкоўска, запомніўся на ўсё жыццё, - прыгадвае інвалід вайны Міхаіл Акулік. Наш 683-ці полк рабіў марш-кідок. Але што тут развярнулася!.. Помню загад: "Тут павінна прарвацца 3-я танкавая дывізія". Разам са сваім узводам (12 чалавек) занялі пазіцыю на шасэ. Чакалі праціўніка, які ішоў на Карпаты. Палкавыя пушкі выставілі, каб біць па танках. Прашу ў камандзіра размясціцца крыху лявей. Калі вораг будзе ісці па шасэ, то ўсе нашы снарады адскочаць і... па нашых галовах. Ён дазволіў. У поўнач часавы выгукнуў: "Стой, хто ідзе?" Няма адказу. Ціха. І раптам - шквал агню... Я быў паранены ў нагу, кантужаны. Немцы папраставалі да Домны, дзе размяшчаўся штаб нашага палка. Мяне не заўважылі - схавала жыта ў пояс.
Ноч у беспрытомнасці... Адкрыў вочы - світанак, машыны дагараюць навокал... Скажу, што да гэтага ў Бога верыў і не верыў. Гляджу ў неба, думкі набягаюць: "Вось, паміраць трэба". Успомніў бацькоў. Я ў іх самы старэйшы з пяцярых. Самае страшнае - ніхто не будзе ведаць, дзе я застаўся ляжаць. Але такі мой лёс. І нечакана апякло - дык на гэтым жыццё не заканчваецца! Ёсць душа. Яна несмяротная. Нічога дрэннага людзям я не зрабіў, мне толькі 18, значыць, у пекла яна не пападзе. Натхніў сябе так і... перахрысціўся.
А калі выпаўз на дарогу, ехала наша "палутарка". Мяне падабралі і - у санбат. Праз два месяцы вярнуўся са шпіталю. Ніхто з тых, хто мяне ведаў, не верыў сваім вачам. Лічылі загінуўшым. Пасля гэтага выпадку мяне прызначылі камсоргам батальёна. Маўляў, выжыў, біты, смелы - падыходзіць.
А па жыцці мой Бог - гэта маё сумленне. Сумленне - вышэйшы набытак чалавека. Калі вучыўся ў Сноўскай 7-гадовай паўшэхнай школе, то нас прымушалі хадзіць у царкву. Мама мая спявала ў царкоўным хоры. У адзін момант была крамольная думка перайсці ў касцёл. Хацелася вучыцца далей, а пры паляках у Заходняй Беларусі перспектыва была ў каго? У католікаў. Але мама супыніла... У атэістычны час, калі працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, мяне нярэдка папракалі: "Чаму ваша вучаніца ў касцёле?"
Узнімаў байцоў на "ўра"
На грудзях Міхаіла Канстанцінавіча - медалі "За баявыя заслугі", "За адвагу", ордэн Айчыннай вайны І ступені... Усе ўзнагароды - палітыя ўласнаю крывёю...
У 1941-м яму ішоў 16-ы год. Згодна з указам аб стварэнні працоўных рэзерваў Міхаіла Акуліка накіравалі ў Баранавіцкую школу ФЗА. Пасля паспяховай вучобы ён атрымаў спецыяльнасць будаўніка. Тут загартаваў сябе і палітычна - уступіў у камсамол. А 1 чэрвеня 41-га яго накіравалі на Урал: спачатку на будаўніцтва Чалябінскага трактарнага завода, потым - завода ў Арэнбургу.
- У лютым 43-га мяне прызвалі ў Чырвоную Армію, - расказвае ветэран. - Пасля палкавой школы малодшых камандзіраў я стаў камандзірам стралковага ўзводу 683-га стралковага палка 151-й стралковай дывізіі. Як камсоргу стралковага батальёна прыйшлося ўзнімаць байцоў на "ўра". Ваяваць мне было цяжэй, чым радавому салдату.
Дэмабілізаваўся з вайны 4 лістапада 1945 года, у 20 гадоў, хаця пагодкі мае цягнулі службу яшчэ не адзін пасляваенны год. Такую магчымасць прадаставіў Указ Вярхоўнага Савета СССР тым, хто быў паранены, незалежна ад узросту. У мяне за ваенную біяграфію было тры раненні і яшчэ кантузія. Апошняе раненне - у лютым 45-га пры вызваленні Чэхаславакіі. Калі падлячыўся, то накіравалі ў запасны полк 4-га Украінскага фронту, у распараджэнне палітаддзела 18-й арміі. Палітаддзел 18-й арміі знакаміты тым, што ўзначальваў яго Леанід Брэжнеў. Асабіста з будучым "генсекам" я не перасякаўся.
А Івана-Франкоўск мы ўзялі, і наш полк атрымаў назву Станіслаўскага, у гонар назвы горада (да вайны Івана-Франкоўск называўся горад Станіслаў), - вяртаецца ветэран у 1944 год, паказвае юбілейны знак на святочным пінжаку - "За вызваленне Івана-Франкоўска. 30 гадоў". Як вызваліцеля горада і ганаровага госця, у 1974 годзе Міхаіла Акуліка запрасілі ў Івана-Франкоўск. Адбылася хвалюючая сустрэча з аднапалчанамі.
"Ты - салдат, справішся!"
Сёння ветэран (гісторык па адукацыі, каля 30 гадоў вучыў дзяцей гэтаму прадмету) шмат чытае розных дакументаў пра Вялікую Айчынную вайну.
- Вераломнасць нападу Германіі - гэта асноўная прычына адступленняў савецкай арміі ў першыя гады вайны, - лічыць салдат Перамогі. - Немцы разлічвалі на яе маланкавы зыход, на тое, што да зімы атрымаюць перамогу. План быў авантурны, таму што Савецкі Саюз - гэта вам не Францыя. Гэта адна шостая частка сушы на зямным шары. Які патэнцыял! І ўвесь гэты патэнцыял быў за Масквою. Калі я ехаў пасля школы ФЗА ў Чалябінск, я дзівіўся, якая прамысловая моц там сканцэнтравана! Развал дзяржавы, які здарыўся ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, я ўспрыняў як асабістае няшчасце...
Цяпер перачытваю загады Сталіна. І захапляюся тым, як ён усяляў камандзірам надзею ў перамогу. Фронт і тыл сталі адзіным. Народ працаваў па 15 гадзін у суткі. Ведаю гэта на сваім вопыце: другую чаргу газагенератарнага цэха на Чалябінскім трактарным заводзе планавалася пабудаваць за год і здаць яе ў студзені, а здалі ў жніўні і сталі выпускаць танкі...
Калі Міхаіл Акулік адваяваў і вярнуўся на радзіму, яму прапанавалі пасаду старшыні сельскага Савета. "Я малады, мне 20 гадоў", - запярэчыў ён. - "Ты - салдат, справішся!" Працаваў на многіх адказных пасадах. Быў сакратаром райкама і ЦК камсамола Беларусі, дырэктарам Засульскай, Слабадской, Трылескай, Хатаўской школ. Па прадстаўленні абкама партыі быў накіраваны ў складзе "трыццацітысячнікаў" кіраваць калгасам імя Пушкіна.
Але ў 1972 годзе ветэрана "падкасіў" інсульт. Ды ён не паддаўся хваробе, перамог і тут. Апошнія 10 гадоў працоўнай дзейнасці Міхаіл Канстанцінавіч узначальваў раённае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
На жаль, салдат Перамогі Міхаіл Акулік цяпер рэдка ўсміхаецца. Жыццё яго выдалася суровым.






