мобильная версия
Прамень

Шчасце на хутары

Нумар - №84-87    Рубрыка - Памяць

06.05.2011

Фотография 1

Ветэран вайны Мікалай Лядзецкі, які ў пераможным 45-м пабываў у Берліне (пра яго ваеннае мінулае газета ўжо расказвала), па-ранейшаму трымаецца малайцом. І ў свае 85  ён працягвае разам з жонкай няспешнае, поўнае прыроднага і ўнутранага хараства, хутаранскае жыццё ў глыбіні пушчанскага лесу, удалечыні ад шумных дарог і мітуслівых людскіх клопатаў. Нарадзіўся сярод лесу і зрадніўся з ім. Некалі, калі рабіў лесніком у Старынскім лясніцтве, абыходзіў сваімі нагамі гэтыя ўладанні, як гаспадар, усцяж на многія кіламетры...

Цяпер на хутары - толькі тройка хат, апроч хаты Лядзецкіх. Адна сям'я ў іх пажылых людзей, а астатнія - моладзь, дзеці.

Зіму перазімавалі Лядзецкія някепска. На двор да іх прыходзілі алені. Было, што і ваўкі падбіраліся зусім блізка да селішча. А цяпер, вясною, прыгажосць пануе неапісальная. Усё расцвітае, водарыць, спявае на розныя галасы...

- На мядок прыязджайце, - запрашае хлебасольны гаспадар. - Пасеку, хоць невялікую, але пакінуў. Пяць сямей трымаю. А так пазводзіў гаспадарку. Засталіся куры, парася для сябе. Дзеці апрацоўваюць  агарод. У калгасе мне садзяць бульбу, сотак 20.   

Мікалай Дзмітрыевіч гаворыць нетаропка, памяркоўна, узважвае кожнае слова і нібыта слухае сваіх заўсёдных маўклівых суразмоўцаў - высозныя сосны ды елкі. На ганак выйдзе або прысядзе (як на гэтым здымку) на лавачку ў двары раніцай, удзень ці на змярканні - і яны адзавуцца, прывітаюць яго пошумам сваіх гнуткіх вершалін.

- Не крыўдую на жыццё, - апавядае ветэран пра сваё. - Дзеці, унукі прыязджаюць. Кожны тыдзень. Прадукты вязуць. Што-небудзь заказваю? Ды не... Яны ўжо самі ведаюць, што нам трэба. Жыць бы ды жыць, каб толькі здароўе не падводзіла. Хваліцца тут няма чым. Але ўрачы прыязджаюць з Карэлічаў, лякарствы выпісваюць. Нас глядзяць.   

Непрыкметна размова сягае далей асабістага жыцця. "Я ў курсе спраў, - гэта ветэран-хутаранін пра падзеі, звязаныя з выбухам у сталічным метро. - У мяне тэлевізар ідзе, радыё гаворыць. Усе навіны ведаю і вельмі перажываю".

- А як вясну сустракаеце? - змяняю я тон нашай тэлефоннай размовы.

- Настрой добры. Свежае паветра. Думкі светлыя, чыстыя... Хай ва ўсіх людзей будзе шчасце.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ