Свята дома
Нумар - №84-87 Рубрыка - Памяць
06.05.2011
Песнямі і падарункамі віншавалі з Днём Перамогі старасвержанскіх ветэранаў вайны.
Пастараліся мясцовыя артысты і прафсаюзны камітэт гаспадаркі, якія аднойчы завіталі да ветэранаў дадому. Іх засталося ў Старым Свержані нямнога - Васіль Холін, Сяргей Далідовіч і Сямён Стома.
- Прыемна, і развесялілі нас крыху. Мне 88, але я яшчэ малады, - пажартаваў ва ўласцівай яму манеры Васіль Холін. - Застаўся ўдаўцом. Нікуды не хаджу з дому, здароўе не дазваляе. Лічуся інвалідам вайны - рука пакалечаная, а тут ногі разбалеліся і ўсё ўсярэдзіне. Два тыдні праляжаў у бальніцы ў Стоўбцах. Адносіліся да мяне добра і ўрачы, і медыцынскія сёстры. Быў у асобнай палаце для ветэранаў вайны. Падлечваюся ў раённай бальніцы кожны год, у шпіталь ужо не магу ехаць. Сацыяльны работнік Вольга Ермаковіч прыходзіць да мяне. Са сваімі ветэранамі кантактуем усё больш па тэлефоне...
Да ветэрана часта заглядваюць работнікі мясцовай амбулаторыі. Трэба паслухаць яго, узяць аналізы, прынесці лякарства. Не так даўно прайшоў гадавы комплексны агляд ветэранаў. Дома Васілю Ягоравічу зрабілі кардыяграму, праверылі зубы, агледзелі і іншыя спецыялісты.
Васіль Холін з'яўляецца актыўным членам раённай арганізацыі асацыяцыі інвалідаў вайны і раённага таварыства інвалідаў.
- Васіль Ягоравіч падтрымлівае з намі сувязь, мы стараемся не забываць яго, - заўважае старшыня гэтых арганізацый Міхаіл Мазур. - Выпісалі яму на паўгоддзе газеты - "Мінскую праўду" і "Друг пенсионера", спонсарскую дапамогу - насенне - прапанавалі.
Душа ветэрана не старэе!






