Вясна Перамогі
Нумар - №88-90 Рубрыка - Памяць
13.05.2011



Дзявятага мая 2011 года. Вясна. Яркія кветкі. Прыгожая квецень садоў. Радасць мірнага жыцця, але і слёзы на вачах. Слёзы па тых, хто не вярнуўся з фронту, каго не стала ў мірныя дні. Сэрца сціскаецца, калі глядзіш на пасівелыя скроні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Вось ужо 66-я вясна Перамогі.
Шматлюдны мітынг-рэквіем на плошчы Бессмяротнасці нашага горад "Рэха памяці" адкрывае намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Затым слова бярэ старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Місько. Ён нагадвае факты ўсенароднай барацьбы, гаворыць аб уроках вайны. Уладзімір Трафімавіч шчыра віншуе ветэранаў, усіх жыхароў Стаўбцоўшчыны з вялікім святам.
Усхваляванымі былі выступленні ўдзельніцы партызанскага руху Ганны Клімаш, раённага ваеннага камісара Вячаслава Воранава. Ад імя моладзі Стаўбцоўшчыны з віншаваннямі да ветэранаў вайны і працы звярнуліся маркетолаг ААТ "БелНатурПрадукт" Вікторыя Міцкевіч, вучаніца 11 "Б" класа ДАСШ № 2 г. Стоўбцы Гражына Белановіч, а з благаславеннем да ўсіх жыхароў горада і раёна звярнуліся святар Свята-Аннінскай царквы благачынны айцец Аляксандр і святар Рымска-каталіцкага прыходу Св. Казіміра ў Стоўбцах айцец Адам.
Мінута маўчання. Рэквіем па загінуўшых. Да помніка воінам і партызанам-вызваліцелям Стаўбцоўшчыны і стэлаў мемарыяла ўскладваюцца вянкі і кветкі ад удзячных нашчадкаў.
А потым святочнае дзейства перанеслася на гарадскі стадыён "Юнацтва". Для ўсіх прысутных ладзілася канцэртная праграма "Мы песняй вітаем цябе, Перамога" і кампазіцыя "Помнім тых, хто легендай авеяны". Паралельна праходзілі і спартыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі.
А вечарам танцпляцоўка запрасіла моладзь на дыскатэку "Лунае над Стоўбцамі сцяг Перамогі". Урачыстасці прайшлі ў калектывах і гаспадарках раёна.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






