Разам ствараць дастойнае будучае краіны
Нумар - №91-92 Рубрыка - Да дня інфармавання
17.05.2011

"Ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь" - такая тэма дня інфармавання насельніцтва 19 мая г. г.
21 красавіка 2011 г. на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі са штогадовым Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.
Галоўныя тэзісы Паслання закладзены ў назве - "Прадпрымальнасць, ініцыятыва і адказнасць кожнага - дастойнае будучае краіны".
Агульнымі намаганнямі беларускага народа і ўлады без узрушэнняў і сацыяльных нягод за адносна невялікі перыяд часу была пабудавана паўнацэнная незалежная дзяржава - Рэспубліка Беларусь. У краіне склалася ўласная мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця, у цэнтры якой - чалавек з яго патрэбамі і інтарэсамі. Варта адзначыць, што нягледзячы на аб'ектыўныя эканамічныя цяжкасці апошніх гадоў, з якімі сутыкалася айчынная эканоміка, дзяржаўная ўлада не адмовілася ад сацыяльных абавязацельстваў. У выніку ўдалося захаваць галоўнае - давер людзей, грамадзянскі мір і спакой у грамадстве.
У нашай краіне няма антаганістычных супярэчнасцяў у дзяржаўным грамадскім і духоўным жыцці. Рэспубліка Беларусь паслядоўна праводзіць у жыццё прынцыпы нацыянальнай палітыкі сучаснай дэмакратычнай дзяржавы. У рэспубліцы мірна суіснуюць 25 канфесій і рэлігійных напрамкаў. Актыўна развіваюцца структуры грамадзянскага грамадства. На 1 студзеня 2011 г. у Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый, 35 прафесіянальных саюзаў, 2 325 грамадскіх аб'яднанняў. У Стаўбцоўскім раёне зарэгістравана: 3 палітычныя партыі - Камуністычная партыя Беларусі, Аграрная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці; 30 раённых грамадскіх аб'яднанняў, у складзе якіх 181 пярвічная арганізацыя; 4 раённыя прафесійныя саюзы і 105 пярвічных арганізацый.
Кіраўнік дзяржавы назваў 2010 год знакавым у развіцці беларускай палітычнай сістэмы, які падвёў рысу пад цэлым перыядам у гісторыі краіны і акрэсліў новыя перспектывы. Аднак сёння ва ўмовах новых спробаў геапалітычнага перадзелу свету, жорсткай барацьбы за энергетычныя і прыродныя рэсурсы Беларусь сутыкаецца з якасна новымі выклікамі сучаснасці.
Звеннямі аднаго ланцуга назваў кіраўнік дзяржавы палітычныя пагрозы (непрыняцце вынікаў апошняй прэзідэнцкай кампаніі, спісы невыязных, эканамічныя санкцыі), раздуванне ажыятажу і панікі на валютным і спажывецкім рынках, чутак і выдумак у некаторых недзяржаўных СМІ ў сувязі з падзеямі на станцыі метро "Кастрычніцкая".
"Папярэджанне тэрарызму - гэта задача не толькі праваахоўных органаў, але і ўсяго грамадства", - заявіў Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка. З таго, што здарылася, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, нам патрэбна ўзяць сур'ёзныя ўрокі - і органам улады, і сілавым структурам, і простым людзям. Першы ўрок - пільнасць. Кожны чалавек павінен адчуваць сваю адказнасць за бяспеку і парадак у краіне.
У мінулым годзе перад эканамічным блокам краіны былі пастаўлены сур'ёзныя задачы: пераадолець наступствы сусветнага крызісу, павысіць эканамічную прыцягальнасць Беларусі, дыверсіфікаваць экспарт, больш актыўна развіваць імпартазамяшчэнне. Шмат што ў гэтым плане зроблена, але не ўсё. Пры 11-працэнтным росце ВУП павялічылася дыспрапорцыя ў знешнім гандлі. Выручка ад экспарту не пакрывае ўнутранага попыту на валюту. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на безадказныя адносіны да выкарыстання валюты, што паступае ў краіну. Яе перш за ўсё трэба накіроўваць на рэалізацыю высокаэфектыўных праектаў, якія акупляюцца, пашырэнне высокарэнтабельнай вытворчасці.
Звяртаючыся да чыноўнікаў, Прэзідэнт патрабаваў вучыцца і вучыць іншых зарабляць грошы, а не атрымліваць гатовыя рэсурсы ад дзяржавы. Важнейшымі эканамічнымі прыярытэтамі ў рабоце мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў павінны стаць: навядзенне парадку на вытворчасці, у сельскай гаспадарцы, забеспячэнне рытмічнай работы прадпрыемстваў, імпартазамяшчэнне, мадэрнізацыя вытворчасці, прадпрымальнасць, інавацыі, пашырэнне выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі і яе экспартных паставак, наладжванне выгадных знешнеэканамічных сувязяў.
Асобна Прэзідэнт краіны спыніўся на пытаннях будаўніцтва першай беларускай АЭС, падкрэсліўшы, што ў мэтазгоднасці прынятага рашэння няма ніякіх сумненняў. Ажыццяўленне данага маштабнага тэхніка-эканамічнага праекта прынясе рэспубліцы і людзям вялікія перавагі і выгоды пры забеспячэнні належнай бяспекі.
Сёння ў Беларусі 95 працэнтаў электраэнергіі выпрацоўваецца з дапамогай імпартуемага прыроднага газу, што робіць растучую эканоміку краіны занадта адчувальнай да зменаў цэн на газ і прымушае шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энергарэсурсаў, дыверсіфікаваць іх пастаўкі. Будаўніцтва сваёй АЭС дасць дзяржаве больш танную электраэнергію і, акрамя таго, магчымасць стварыць гарантаваны запас ядзернага паліва на працяглы перыяд, на працягу якога краіна не будзе падвержана ніякім кан'юнктурным зменам цэн. Пры гэтым праект, выбраны для беларускай АЭС, адпавядае самым высокім патрабаванням бяспекі. Адначасова ў нашай краіне ўдзяляецца ўвага распрацоўцы іншых альтэрнатыўных спосабаў вытворчасці электраэнергіі, у прыватнасці, ветраных энергаўстановак.
Высокія арыенціры вызначаны і для аграпрамысловага комплексу краіны. "Нам жыццёва неабходна дабіцца якаснага пераўтварэння сельскай гаспадаркі. Харчаванне на сусветным рынку даражэе і будзе даражэць. Таму важнейшая задача - узяць з гэтай сітуацыі максімальную выгаду", - падкрэсліў А. Р. Лукашэнка.
Беларускі АПК забяспечвае не толькі харчовую бяспеку краіны, але і значную частку экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі, з'яўляецца важнейшай крыніцай папаўнення валютных рэзерваў дзяржавы. Аб'ём экспарту харчавання ў 2010 годзе склаў каля 3,2 мільярда долараў. Да канца пяцігодкі гэты паказчык павінен дасягнуць не менш за 7 мільярдаў долараў. Для дасягнення пастаўленай мэты ў бліжэйшай перспектыве Беларусь павінна выйсці на ўзровень вядучых краін свету ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэта вымагае не толькі далейшае ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы АПК, але і працяг палітыкі развіцця сацыяльнай інфраструктуры на сяле, уладкаванне сельскіх тэрыторый, стварэнне там прыцягальных рабочых месцаў, развіццё малога бізнесу. Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў Ураду прыняць меры па актывізацыі сельскагаспадарчай дзейнасці ў фермерскіх і асабістых падсобных гаспадарках насельніцтва.
У ліку ключавых тэм Паслання - рэалізацыя Дырэктывы № 4, стратэгічнага курсу на развіццё эфектыўных формаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Прыватная ўласнасць і сацыяльна адказны бізнес закліканы стаць важкім, раўнапраўным складаемым беларускай эканомікі, якая працуе для агульнага дабрабыту.
Павышэнне стандартаў жыцця народа, стымуляванне нараджальнасці - прыярытэтныя накірункі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Для рашэння даных праблем неабходна перш за ўсё адкарэкціраваць жыллёвую праграму, паколькі прыкметай дабрабыту любой сям'і з'яўляецца наяўнасць у яе ўласнага добраўпарадкаванага жылля.
За апошнюю пяцігодку аб'ём жыллёвага будаўніцтва ў краіне падвоіўся. Па плошчы ўзведзенага жылля ў разліку на 1 тысячу насельніцтва наша краіна не толькі значна апярэджвае іншыя дзяржавы СНД, але і наблізілася да агульнапрынятага ў свеце арыенціра - 1 кв.м на 1 чалавека. Пры гэтым у Беларусі прымяняюцца выключна выгадныя для насельніцтва ўмовы дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля.
У Беларусі дасягнуты адзін з самых высокіх сярод дзяржаў СНД узровень пенсіённага забеспячэння. Пры гэтым мы ўваходзім у лік краін з найбольш нізкім узростам выхаду на пенсію. Па даных статыстыкі, у Беларусі на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацабароне ў сакавіку 2011 г. стаяла 2 405 000 пенсіянераў, у Стаўбцоўскім раёне - 12 974. Сярэдні памер пенсій па ўзросце ў нашым раёне на 01.05.2011 быў роўным 543 473 руб. За апошні год рэальны памер пенсій павялічыўся па раёне на 13 працэнтаў.
А. Р. Лукашэнка запэўніў, што дзяржавай будзе працягнуты курс на паступальнае павышэнне пенсій пры захаванні ўзроўню сацыяльных гарантый асобам пенсіённага ўзросту. Ён падкрэсліў, што размова не ідзе ні аб якім павышэнні пенсіённага ўзросту і абмежаванні правоў працуючых пенсіянераў і патрабаваў спыніць усялякія спекуляцыі на гэту тэму. Дзяржава павінна па-сапраўднаму клапаціцца і аб інвалідах, не толькі паляпшаць іх матэрыяльнае забеспячэнне, але і ствараць безбар'ернае асяроддзе і ўвесь комплекс іх інтэграцыі ў грамадства.
Непазбежным вынікам рэалізацыі ў краіне курсу на мадэрнізацыю вытворчасці стане выслабаненне некаторай колькасці работнікаў. Але, як сказаў Прэзідэнт, ніводзін работнік у працаздольным узросце не павінен быць "выкінуты на вуліцу". Скарочаныя кадры будуць працаўладкаваны на іншыя падыходзячыя для іх пасады за кошт увядзення новых рабочых месцаў, перамяшчэння ў іншыя арганізацыі.
Дзяржаўнай праграмай садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2011 год устаноўлены заданні па працаўладкаванні на нанова створаныя рабочыя месцы 175 тысяч чалавек, у тым ліку ў малых гарадах - 25,2 тысячы, у сельскай мясцовасці - 17 тысяч. У Стаўбцоўскім раёне будуць працаўладкаваны 540 чалавек. Акрамя таго, прадугледжана аказаць сацыяльную падтрымку 126 тысячам беспрацоўных, накіраваць на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі 25 тысяч (у тым ліку ў Стаўбцоўскім раёне 105 чалавек).
У нашай краіне з улікам наяўных фінансавых магчымасцей забяспечваецца паслядоўны рост заработнай платы, і гэты курс будзе працягнуты. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Беларусі ў студзені - сакавіку склала 1 464 тысячы рублёў. Рэальная заработная плата ў першым квартале павялічылася на 25 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У Стаўбцоўскім раёне сярэднямесячная зарплата склала 1196,8 тысячы рублёў, павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 46,1 працэнта.
Разам з тым, сістэма аплаты працы, якая склалася ў краіне, носіць фармальны, абязлічаны характар і слаба стымулюе павышэнне эфектыўнасці вытворчасці. З улікам гэтага Прэзідэнт загадаў зняць усе адміністрацыйныя бар'еры і абмежаванні па аплаце высокапрадукцыйнай і эфектыўнай працы як для прыватных, так і для дзяржаўных прадпрыемстваў: "Зарабіў, разлічыўся з бюджэтам - астатняе размяркоўвай, як лічыш патрэбным. Пры гэтым павінен захоўвацца толькі адзіны прынцып ранейшай палітыкі - недапушчэнне вялікага разрыву ў даходах паміж багатымі і беднымі. Гэта - аснова сацыяльна-палітычнай стабільнасці грамадства. Важныя задачы пастаўлены перад сферамі аховы здароўя, адукацыі, фізічнай культуры і спорту, у якіх за апошнія гады Беларусь дабілася значных поспехаў.
У Пасланні выказаны прынцыпы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, акрэслены асновы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, сказана аб ролі Парламента, СМІ.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь мае магутны ўпраўленчы апарат, які неабходна эфектыўна выкарыстаць у новых умовах, актывізаваць ініцыятыву, прадпрымальнасць, творчыя падыходы да справы. Таму адміністрацыйная дзейнасць павінна не толькі выключаць усякую бюракратычную валакіту, але і ствараць неабходныя ўмовы для хуткага і адэкватнага прыняцця важнейшых для краіны рашэнняў.
У завяршэнне звароту Прэзідэнт адзначыў: "Мы, беларусы, - старажытны і адначасова вельмі малады народ - можа, і самі не ведаем межаў сваіх магчымасцей. Разбудзіць гэтыя скрытыя крыніцы энергіі і сілы - галоўная задача аб'яўленага Года прадпрымальнасці".






