Слова аб раёнцы
Нумар - №91-92 Рубрыка - Калонка рэдактара
17.05.2011
Май багаты на святы. Сярод іх і Дзень друку. З 4 па 7 мая ў сталіцы праходзіла выстава друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "СМІ ў Беларусі". У данай выставе брала ўдзел і наша раённая газета "Прамень". Якое ўражанне засталося ў наведвальнікаў выставы ад знаёмства з нашай газетай, гавораць вось гэтыя радкі з пісем, якія рэдакцыя атрымала ад сваіх прыхільнікаў.
У. Філатаў, Мінск
"На ХV выставе "СМІ ў Беларусі" адбылася мая чарговая сустрэча з родным "Праменем"… З цікавасцю пазнаёміўся з навінамі са Стаўбцоўшчыны, дзе, на вялікі жаль, не даводзіцца часта бываць. Уражанне ад газеты самае прыемнае: інфармацыйная насычанасць, глыбокі змест матэрыялаў, творчы падыход аўтараў да іх напісання і формаў падачы, прыгожае, з густам зробленае мастацкае афармленне нумароў. Адным словам, "Прамень" трымае сваю марку: ёсць што пачытаць, ёсць аб чым паразважаць, ёсць чаму парадавацца… Цяпер ідзе падпіска на другое паўгоддзе, і я выпісаў "Прамень". Дзякаваць Богу, такая магчымасць для іншагародніх зараз ёсць… Жадаю калектыву рэдакцыі плёну ў працы, а чытачам - моцнага сяброўства і прыемных сустрэч з газетай".
А. Пяткевіч (прафесар), Гродна
"Вельмі шаноўная спадарыня рэдактар!
Ваша газета для мяне заўсёды цікавая. Лічу, што тут працуюць вельмі кваліфікаваныя супрацоўнікі. І асаблівы гонар "Праменя" - паслядоўна вытрыманы прынцып карыстання адной мовай - найлепшае сведчанне журналісцкага прафесіяналізму".
Прыемна, што нашым публікацыям даюць такую станоўчую адзнаку. Вялікі дзякуй!
Хто мае дачыненне да работы журналіста, той ведае - гэта справа вельмі адказная. Кожны нумар патрабуе самааддачы, самаахвярнасці. Выпусціць газету - як пабудаваць дом. Усе матэрыялы павінны быць якасныя, і кожны матэрыял павінен быць да месца. Нам невядома паняцце: я не магу. Часта, ахвяруючы сваім уласным часам, сям'ёй, імкнёмся рабіць усё для таго, каб газета была цікавай, змястоўнай, сучаснай, мела свой "твар", імідж. Штосьці нам удаецца, не бывае і без "шышак". Але на тое і цяжкасці, каб адточваць пяро і загартоўваць характар. Мы імкнёмся быць чытабельнымі, знаходзімся ў пастаянным пошуку, каб быць побач са сваім падпісчыкам. Самае галоўнае для нас - захаваць сваё месца ў сэрцах чытачоў.
І калі ў рэдакцыю прыходзяць вось такія водгукі на выпускі газет, на публікацыі, то разумеем, што мы працуем недарэмна. З'яўляюцца новыя сілы, жаданне, натхненне, каб працаваць і прыносіць задавальненне нашым чытачам. Дзякуй усім нашым аўтарам за допісы, пісьмы, якія вы прысылаеце ў рэдакцыю. Пішыце, заходзьце да нас, падказвайце адрасы для цікавых матэрыялаў. Да сустрэчы на старонках газеты "Прамень". Будзьма разам!






