Чакаюць жылля, спадзяюцца на падтрымку
Нумар - №93-95 Рубрыка - Прамая лінія
20.05.2011

Прамая тэлефонная лінія з дырэктарам УП "УКБ-Стоўбцы" Мікалаем Мармузевічам - магчымасць даведацца, якія перспектывы ў тых, хто ўжо будуе жыллё ў райцэнтры, а таксама ў тых, хто спадзяецца яго пабудаваць у будучым.
- Жыллё ў Стоўбцах узводзіцца інтэнсіўнымі тэмпамі. Але і чарга жадаючых палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ніяк не змяншаецца. Нельга будаваць больш?
- Жыллё было і застаецца вельмі запатрабаваным. У гэтым годзе мы мяркуем увесці ў строй чатыры шматпавярховыя дамы наступных жыллёва-будаўнічых кааператываў: "Стаўбчанка", "Дабранка", "Крышталь-5" і "Стоўбцы-1". У агульнай складанасці гэта будзе 260 кватэр. Кожны з названых дамоў ужо ў стадыі будаўніцтва. У найменшай ступені гатоўнасці пакуль "Стоўбцы-1": у красавіку падраднай арганізацыі, Салігорскаму домабудаўнічаму камбінату, быў пералічаны першы аванс. 80 працэнтаў гатоўнасці ў "Стаўбчанкі". Узводзіць яе наша ПМК-233, як і "Крышталь-5". У чэрвені запланавана здача "Стаўбчанкі" і "Дабранкі". Для будаўніцтва "Дабранкі" задзейнічана рамонтна-будаўнічае ўпраўленне. Будаўніцтва жылля вядзецца і ў аграгарадках. Па прэзідэнцкай праграме сёлета плануем узвесці 3 сядзібныя дамы ў Залужжы, 8 - у Шашках, 11 - у Дзераўной, па 10 - у Горках, Ніўным і Рубяжэвічах, а таксама абсталяваць інжынерную і транспартную інфраструктуру да гэтых дамоў.
Раённая жыллёвая праграма на 2011 год складае 30 тысяч м2 жылля.
- "Калінка", "Крышталь"… Жыллё будуецца не адзін год. Ці будзе ўжо канец нашым чаканням сёлета?
- "Крышталь" змяніў у ходзе будаўніцтва праект. Замест запланаванага першапачаткова маналіта - газасілікатныя сцены. У выніку, лягчэй аказалася знайсці падрадную арганізацыю. Будуе дом ПМК-233, здаць яго запланавана сёлета. Гатоўнасць дома складае сёння каля 45 працэнтаў.
Крыху іншая сітуацыя ў "Калінкі". 27 працэнтаў гатоўнасці. Па жаданні забудоўшчыкаў праект не мяняўся, застаўся маналітам. Знайшлі падрадную арганізацыю - ЗАТ "Смартэкбудінжынерынг". Тэмпы будаўніцтва высокія. Выйшлі на аб'ёмы, роўныя аднаму мільярду рублёў у месяц. Па дамоўленасці з падраднай арганізацыяй здача аб'екта мяркуецца на першы квартал 2012 года.
- Мы ўключаны ў кааператыў "Стоўбцы-3". Што нас чакае ў далейшым?
- Працягваюцца праектныя і іншыя работы па стварэнні новых кааператываў з ліку тых, хто стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Наколькі мне вядома, чарга ў Стоўбцах - каля 1,5 тысячы чалавек. Цяпер праектуецца 24-кватэрны дом для дзяцей-сірот (сацыяльны дом). Падраднай арганізацыяй гэтага аб'екта запланавана РБУ. На кааператывах "Стоўбцы-2" і "Стоўбцы-3" (падрадныя арганізацыі - ПМК-233 і РБУ) распачаты работы падрыхтоўчага перыяду, а іменна арганізацыя будпляцоўкі і земляных работ. Кааператыў "Стоўбцы-4" - у стадыі праектавання, у другой палове мая дакументацыя павінна быць перададзена на экспертызу. Займаемся праектаваннем "Стоўбцаў-5" - разглядаецца варыянт "пасадкі" дома. Калі ў 2011 годзе плануецца здаць 260 кватэр, то ў 2012 годзе - дзесьці 360.
- Калі пачнецца выдзяленне ўчасткаў для індывідуальнай забудовы?
- Ведаю, што жадаючых многа, але ў бліжэйшы час гэта пытанне вырашыцца. Створаны новы мікрараён індывідуальнай забудовы "Паўночны-2". Будзе размеркавана каля 600 участкаў. План яго дэталёвай планіроўкі цяпер праходзіць рэспубліканскую экспертызу. У новым мікрараёне будзе стварацца ўся неабходная інфраструктура: пракладка водаправода, газу, электрыфікацыя, арганізацыя праездаў.
- Шматпавярховыя дамы ўжо амаль падышлі да філіяла маторнага завода. Куды будзе расці горад далей, калі там не застанецца месца?
- Сапраўды, ёсць праблема. Магчымасці развіцця Стоўбцаў абмежаваны. Нам няма куды рухаццца далей са шматпавярховай забудовай (аптымальны варыянт для райцэнтра - пяціпавярховыя дамы). Існуючы патэнцыял абмежаваны прыкладна 1200 кватэрамі, а таксама месцам для двух дзіцячых садкоў і школы на 1020 месцаў. Горад абмежаваны з аднаго боку - філіялам маторнага завода, з другога - чыгункай, ракой Нёман. У бок Акінчыцаў, Арцюхоў рухацца няма куды. Застаецца напрамак Сцяцкоў, ДЭУ-4, але інжынерных сетак там, на жаль, няма. Гэта прычына выкліча падаражанне жыллёвага будаўніцтва.
- Калі будзе праведзена добраўпарадкаванне новага раёна індывідуальнай забудовы?
- Ідзе будаўніцтва дамоў (65 участкаў), мы развіваем там інжынерную інфраструктуру. Распрацаваны праект і зроблена вулічнае асвятленне. У стадыі завяршэння - водазабеспячэнне, працуем над газазабеспячэннем. Але гэта вулічная разводка, яна зроблена за бюджэтныя сродкі. Неабходна, каб домаўладальнікі выканалі падвод вады, газу да свайго дома. Тады можна будзе думаць і пра добраўпарадкаванне вуліц. Дакументацыя на правядзенне добраўпарадкавання знаходзіцца на экспертызе. Цяпер забудоўшчыкам трэба звярнуцца ў РЭС, райгаз, аб'яднанне камунальных службаў за атрыманнем тэхумоў на падключэнне да сетак, вырабіць праектную дакументацыю і выканаць падводы. Чым хутчэй вы гэта зробіце, тым лепш. У нас ёсць магчымасць выканаць работы па добраўпарадкаванні, але ёсць сэнс рабіць яго толькі пасля падводаў.
- Чаму не вядзецца электрыфікацыя вуліц Багушэвіча, Скарыны, завулка Цюліна і прылеглых да яго, вуліцы Заходняй у Стоўбцах? Дамы гатовыя, а з-за адсутнасці электрычнасці мы не можам засяліцца ў іх. Аналагічныя пытанні ўзніклі ў забудоўшчыкаў з вёскі Русаковічы і інш.
- Праектна-каштарысная дакументацыя па электразабеспячэнні гэтых вуліц і завулкаў выканана, але работы павінны фінансавацца за кошт Мінскэнерга. На жаль, фінансаванне на гэты год абмежавана, і на даны момант названыя аб'екты выключаны з праграмы.
Тое ж можна сказаць і адносна раёна забудовы ў Русаковічах, Кучкунах, Жукавым Барку, Хутары-Барок і Рубяжэвічах. З-за адсутнасці фінансавання мы не можам заключыць дагаворы з праектнай арганізацыяй на іх электразабеспячэнне.
- Што плануецца па добраўпарадкаванні вуліцы 17 Верасня?
- Вядуцца работы па праектаванні тратуара на гэтай вуліцы, а таксама па вуліцах Кашавога, Сянкевіча. Акрамя таго, праектуем водазабеспячэнне і добраўпарадкаванне вуліцы Савецкай. Прымаецца рашэнне аб добраўпарадкаванні завулка Сацыялістычнага. Трэба пралічыць, ці будзе дастаткова ўкладзенага там каналізацыйнага калектара з улікам развіцця новага мікрараёна горада. Калі будуць дазваляць фінансавыя магчымасці, то ў планах - вырабіць праектна-каштарысную дакументацыю на добраўпарадкаванне старых кварталаў горада: вуліцы Камарова, Чарняхоўскага, а таксама раёна за возерам. Скажу, што аб'ёмы сродкаў, якія выдзяляюць на развіццё транспартнай і інжынернай інфраструктуры ў раёне, пастаянна павялічваюцца: 3,6 мільярда рублёў - у 2009 годзе, 9 мільярдаў - у 2010 годзе, сёлета запланавана каля 19 мільярдаў рублёў.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






