Тыдзень Стаўбцоўшчыны
Нумар - №93-95 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
20.05.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 23 шлюбы, зроблены 6 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены васямнаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Ганне Мамайцы, Міхаілу Вярбіцкаму, Біятрысе Цішковай, Руслану Колпаку, Данілу Філіповічу, Лізавеце Васільевай, Дзмітрыю Ланкевічу, Мацвею Вялічку, Аксане Цвік, Ульяне Чэмцы, Яне Амфаровіч, Мікалаю Гелейшу, Арцёму Люцеру, Паліне Лісоўскай, Аляксандру Гарачку, Дар'і Хвіцько, Івану Калевічу і Арыне Маляўцы.
Зямны шлях закончыўся для 21 чалавека.
У пажарнай часці згадалі 3 вогненныя здарэнні.
Пажар пашкодзіў дачны дом у вёсцы Буцькавічы. У Стоўбцах па завулку Гагарына пацярпелі ад агню блакіраваны хлеў і гараж, размешчаныя пад адным дахам, якія належаць двум уладальнікам. У Мікалаеўшчыне застаўся без даху дачны дом. Папярэдняя прычына няшчасця - кароткае замыканне электраправодкі.
Міліцыяй узбуджана 9 крымінальных спраў. У вёсцы Татаршчына непаўналетні забраўся ў аўтамабіль, што стаяў на падворку, і выкраў адтуль сумачку з грашыма і мабільным тэлефонам. Нецвярозая грамадзянка абрабавала дом жыхара Налібакаў. Невядомы вынес з гаража стаўбчаніна шліфавальную машыну. Раней судзімы, які некаторы час знаходзіўся ў кватэры па вул. Свярдлова ў Стоўбцах, пакінуў яе гаспадыню без двух мабільных тэлефонаў. Зламысніца прабралася ў тамбур дзвюх кватэр дома па вул. Цэнтральнай у Стоўбцах і прыхапіла скураныя боты. Злодзей пабываў у магазіне ў вёсцы Тонава, у выніку чаго з прылаўка і са складскога памяшкання зніклі тавара-матэрыяльныя каштоўнасці.
Пракуратурай раёна ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да жыхара вёскі Ніўнае, які ноччу з 5 на 6 мая падчас сваркі ў нецвярозым стане ў сваім доме выстраліў з незарэгістраванай паляўнічай зброі ў жыхара суседняй вёскі. Ад атрыманых раненняў пацярпелы памёр на месцы здарэння. Следства аб забойстве вядзе пракуратура.
Суд асудзіў да 1 года выпраўленчых работ 43-гадовага жыхара Дзераўной, які выкрадаў у аднавяскоўцаў слоікі з хатнімі закаткамі. На 70 тысяч рублёў кожны аштрафаваны жывёлавод і слесар ААТ "Вішнявецкі-агра", якія знаходзіліся на рабочым месцы ў нецвярозым стане. Судом пакараны ўдзельнікі любоўнага "трохкутніка", якія ў грамадскім месцы высвятлялі свае адносіны: жыхарка Старога Свержаня аштрафавана на 105 тысяч рублёў за хуліганства; яе саперніца, жыхарка Мінска, - на 140 тысяч рублёў за нанясенне абразы; іх малады чалавек, жыхар Стоўбцаў, які нанёс былой каханцы лёгкія цялесныя пашкоджанні, - на 350 тысяч рублёў.
ДАІ выявіла 147 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 6 п'яных і 5 бяспраўных вадзіцеляў, 8 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. 9 мая на 283-м км аўтамагістралі, непадалёку ад вёскі Заямнае, пацярпела падчас аварыі жанчына. Вадзіцель аўтамабіля "Аўдзі", які рухаўся ў бок Мінска, ажыццявіў разварот у неўстаноўленым месцы, у выніку зачапіў аўтамабіль папутнага напрамку. Апошні занесла і выкінула ў кювет.
"Хуткая" выязджала да хворых 480 разоў, у прыватнасці 16 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем.






