мобильная версия
Прамень

Кружыў успамінамі вальс

Нумар - №96-97    Рубрыка - Сям’я

24.05.2011

Фотография 1

У першую суботу мая Хатоўка і Лубень напоўніліся гукамі аўтамабільных сірэн. Картэж легкавых машын, прыбраных рознакаляровымі шарамі, накіраваўся да хатаўскога касцёла. Эдуард Станіслававіч і Марыя Казіміраўна Янушкевічы святкавалі ў гэты дзень залатое вяселле. Усё было як і паўвека назад - жаданыя госці, залатыя пярсцёнкі і клятва не расставацца да канца дзён сваіх. У народзе кажуць "Калі ў маі ажаніцца, то ўсё жыццё журыцца". Але  маладыя ўзялі шлюб і вось ужо пяцьдзясят гадоў ідуць разам па жыцці. Усяго хапіла за гэтыя доўгія гады - і радасці, і слёз, але яны заўжды падтрымлівалі адно аднаго на жыццёвым шляху, стараліся не засмучаць, таму і сёння годна ідуць поруч. Няма былой прыгажосці, але засталася вернасць.

Станіслаў хлопцам на вёсцы быў статным, высокім. Да арміі працаваў механізатарам на мясцовай машынна-трактарнай станцыі. Служыў спачатку на Украіне, а затым - у Маскве. Вярнуўся дадому і пайшоў на працу ў калгас. Марыя, як і большасць дзяўчат той пары, таксама завіхалася ў гаспадарцы, хадзіла на работу ў паляводчую брыгаду. Стройная, сімпатычная. Жылі маладыя непадалёку, добра ведалі адно другога. Праўда, прыглядаліся доўга і пажаніліся толькі праз чатыры гады пасля таго, як пачалі сустракацца. Эдуард Станіслававіч жартуе, маўляў, гэта бацькі доўга выбіралі сабе нявестку.

Пажаніліся Янушкевічы якраз у той час, калі пачалі арганізоўвацца калгасы. Гаспадару прыходзілася многа працаваць, каб пракарміць сям'ю, якая год ад году множылася. Сямёра дзяцей нарадзілі і выхавалі бацькі. Нялёгка прыходзілася. Марыя Казіміраўна прыгадвае, што іх дзеці не мелі і сотай долі таго, што маюць сёння ўнукі. Але выраслі яны працавітымі, паважанымі людзьмі. Муж быў пастанна заняты на рабоце, вяртаўся дадому позна і практычна не меў часу, каб удзяліць увагу сынам і дочкам. Яны раслі пад наглядам маці. Сорак гадоў - такі механізатарскі стаж у Эдуарда Станіслававіча. З іх дваццаць дзевяць аддадзена менавіта калгасу "Чырвоная зорка". За добрасумленную працу ён неаднаразова адзначаўся граматамі і прэміямі, а ў 1973 годзе атрымаў медаль "За працоўную адзнаку". Праз чатыры гады на лацкане яго пінжака засвяціўся ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. У Марыі Казіміраўны не меншыя рэгаліі: яна - шматдзетная маці і ўзнагароджана ордэнам Маці.

Жанчына кажа, што нямала гадоў пражылі, а так хутка яны праляцелі, не паспелі нават азірнуцца. Больш у жыцці сённяшніх "маладажонаў" было добрага, светлага, але дагэтуль не сціхае боль за дзяцей, якія заўчасна пайшлі з жыцця. Гэта старэйшая дачка Вольга і сын Аляксандр, які загінуў у Афганістане. Бацькі знайшлі сілы перажыць вялікае гора, але рана гэта, відаць, не загоіцца да канца іх дзён.

Эдуард Станіслававіч і Марыя Казіміраўна ўжо дваццаць гадоў на заслужаным адпачынку. Гаспадар пайшоў на пенсію па інваліднасці, а гаспадыня - па прадугледжанай дзяржавай ільгоце, як шматдзетная маці. Хапае абоім работы і дома, бо немалы кавалак зямлі і пчальнік трымаюць. Эдуард Станіслававіч вельмі любіць пчол, і хоць сіла ўжо не тая, не можа адмовіцца ад сваіх крылатых працаўніц, з якімі таксама амаль паўстагоддзя разам. Дапамагае яму ў гэтай справе і жонка. Пры пчолках весялей і здаравей. І хатнюю гаспадарку Янушкевічы трымалі заўжды вялікую, а сёння толькі парсючка для сябе ды курэй. Для апрацоўкі прысядзібнага ўчастка купілі міні-трактар, з дапамогаю якога садзяць бульбу і агародніну без асаблівых праблем.

Вясельны стол накрылі на 40 чалавек. Прыехалі дзеці з сем'ямі. Данута і Часлаў жывуць і працуюць у Мінску, Іван - у Баранавічах, а Ірына і Марына засталіся ў гаспадарцы. Віншавалі бабулю з дзядулем восем унукаў. Гаварылі цёплыя словы сябры і суседзі. А сказаць было што, бо муж і жонка Янушкевічы добразычлівыя і шчырыя людзі, нікому не адмовілі ў любой просьбе і заўсёды першымі прыходзяць на дапамогу, калі ў вяскоўцаў здараецца бяда. Госці пелі юбілярам "Сто лят". Кружыў Янушкевічаў успамінамі аб маладых гадах вясельны вальс.

Прыехалі павіншаваць залатых юбіляраў з падарункам і прыгожымі ружамі намеснік дырэктара па ідэалогіі ААТ "Дзераўное" Марына Шыманец і старшыня прафкама Галіна Карповіч. Яны дзякавалі  Эдуарду Станіслававічу і Марыі Казіміраўне за добрасумленную працу на карысць гаспадаркі, жадалі моцнага здароўя і прычакаць разам наступны сямейны юбілей.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА