Парадак ідзе ад санітарнай культуры
Нумар - №96-97 Рубрыка - Прамая лінія
24.05.2011

Рашэннем райвыканкама № 416 на Стаўбцоўшчыне з 1 красавіка па 31 мая аб'яўлены двухмесячнік па навядзенні парадку на зямлі. Адпаведныя задачы пастаўлены перад сельвыканкамамі, аб'яднаннем камунальных службаў, раённымі службамі, усімі прадпрыемствамі і садаводчымі таварыствамі. Многія пытанні вырашаюцца, але яшчэ шмат трэба зрабіць.
Пра гэта - прамая тэлефонная лінія з галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна Ігарам Кунцэвічам.
З Атцэды і іншых населеных пунктаў задавалі пытанні, як навесці парадак вакол садаводчых таварыстваў.
- Адным з пунктаў рашэння райвыканкама запісана даручэнне аб'яднанню камунальных службаў заключыць дагаворы на вываз цвёрдых бытавых адходаў з усімі садаводчымі таварыствамі. З 48-мі таварыстваў, зарэгістраваных на тэрыторыі раёна, дагавораў няма ў шасці. І перад таварыствамі пастаўлена задача па навядзенні парадку на сваіх і прылеглых тэрыторыях.
Згодзен з вамі, што нярэдка і дагавор на вываз смецця ў садаводчага таварыства, прадпрыемства або арганізацыі заключаны, і кантэйнеры для яго збору ёсць, а смецце валяецца побач, выносіцца ў лес і на прыпынкі грамадскага транспарту. Мы абагульняем усю інфармацыю і бачым, што, напрыклад, у Коласаве ў лясным масіве процьма несанкцыянаваных звалак. У Літве звалка трывала прыжылася ў дварах двухпавярховых дамоў пры ўездзе ў вёску. Што гэта, як не нізкі ўзровень санітарнай культуры насельніцтва? Нагадаю, што санслужба выдае парушальнікам прадпісанні, прадугледжана і адміністрацыйная адказнасць. З пачатку года тыя, хто праігнараваў прадпісанні санслужбы (а іх 62), аштрафаваны амаль на 18 мільёнаў рублёў. З 62-х аштрафаваных 12 - прыватныя домаўладальнікі.
- Чаму ў горадзе назіраюцца зрывы графіка вывазу смецця, у выніку чаго кантэйнеры перапоўнены, асабліва ў летні перыяд?
- Вываз смецця са стацыянарна абсталяваных кантэйнерных пляцовак, устаноўленых у горадзе, ажыццяўляецца па графіку і, як правіла, рэгулярна. У сельскіх населеных пунктах, нягледзячы на тое, што рашэннем райвыканкама для арганізацыі вывазу смецця прадугледжана выдзяленне тэхнікі сельгаспрадпрыемствамі, у перыяд масавых сельскагаспадарчых работ назіраюцца збоі. Гэта прыводзіць да ўтварэння звалак на ўскраінах вёсак, на пустырах, у лясных масівах. Штотыднёва нашымі спецыялістамі адследжваецца сітуацыя. Па фактах нясвоечасовага вывазу прыцягваюцца да адказнасці службовыя асобы.
Што датычыць прыватнага сектара. З-за недастатковай колькасці тэхнікі, яе зношанасці смецце вывозіцца адзін раз у месяц. Трэба прызнаць, што гэтага недастаткова для падтрымання парадку, асабліва ў вясенне-летні перыяд. Нядаўна ў АКС паступілі дадатковыя аўтамабілі-смеццявозы. Думаю, гэта выправіць становішча. Але праблема заключаецца і ў тым, што не ўсе домаўладальнікі заключылі дагаворы з камунальнай службай на вываз смецця. Па даных АКС, вяскоўцаў - каля 56 працэнтаў. Заключыць дагавор павінен кожны. Без дагавору домаўладальнік абслугоўвацца не будзе. Хачу заўважыць, што пакуль маруднымі тэмпамі вядзецца абсталяванне кантэйнерных пляцовак. У горадзе іх 53, на балансе АКС - 24, з іх 8 патрабуюць рамонту. Згодна з рашэннем райвыканкама рамонт пляцовак павінен быць праведзены таксама ў ходзе двухмесячніка.
- Зямельны ўчастак, на ім стаіць даўгабуд, пагаршае выгляд вуліцы і населенага пункта. Як прызваць да парадку яго ўладальніка?
- Вам трэба звярнуцца ў землеўпарадкавальную службу або ў сельскі Савет, якія выдзялялі ўчастак і павінны кантраляваць яго выкарыстанне па прызначэнні. Аналагічная праблема ёсць і адносна пустых дамоў, дзе спадчыннікі не пражываюць і парадак не наводзяць. На слыху - стан пустых дамоў, могілак. Усё гэта - работа з насельніцтвам, якую павінны актывізаваць старшыні сельскіх Саветаў, грамадскія санітарныя камісіі, старасты вёсак. Больш за ўсё пытанняў з году ў год узнікае ў Варацішчанскім, Залужскім, Хатаўскім, Заямнаўскім сельсаветах. Права складання адміністрацыйных пратаколаў па арт. 21.14 КоАП ("Парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў") маюць і старшыні сельскіх Саветаў, але чамусьці не выкарыстоўваюць яго. У асноўным абмяжоўваюцца вуснымі папярэджаннямі, якія ў большасці не даюць выніку.
- У Мікалаеўшчыне міні-палігон не падбуртаваны, смецце падступае пад самую вёску.
- На рэкультывацыі міні-палігонаў у раёне працуюць два бульдозеры. Тэхнікі недастаткова, каб абслужыць усе іх адразу. Ёсць графік рэкультывацыі міні-палігонаў да 2012 года. Выкананне яго даручана аб'яднанню камунальных службаў. Сёлета мяркуецца рэкультываваць 33 міні-палігоны, у наступным годзе - 15. Хачу сказаць, што ў раёне застануцца два буйныя палігоны для цвёрдых бытавых адходаў - у Новым Свержані і Тонаве.
- Па вуліцы бегаюць бадзяжныя сабакі. Куды звяртацца?
- Звяртайцеся ў свой сельвыканкам, а ён дасць заяўку ў камунальную службу.
- Узровень вады ў нашых калодзежах нестабільны, сумняваемся ў якасці вады з яго. Колькі каштуе зрабіць аналіз вады?
- Якасць вады знаходзіцца на пастаянным кантролі санітарнай службы. Штогод вада з грамадскіх калодзежаў даследуецца. Даныя аб яе якасці накіроўваюцца ў сельвыканкамы для інфармавання насельніцтва, даюцца прапановы па паляпшэнні якасці. Што датычыць прыватных калодзежаў, то вада з іх даследуецца па заяўным прынцыпе "адно акно". Трэба падаць заяўку, а наш спецыяліст выедзе і адбярэ пробы. Вам выдадзім заключэнне аб якасці вады. Поўны аналіз вады для прыватных асоб каштуе прыкладна 30 тысяч рублёў. Можна зрабіць выбарачна па асобных паказчыках, у прыватнасці, на наяўнасць нітратаў.
- Праблема якасці вады хвалюе жыхароў Заямнага. У ёй павышаная колькасць жалеза.
- У праект праграмы "Чыстая вада" на 2011-2015 гады ўключана будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў Заямным. Акрамя таго, у праект унесены прапановы па будаўніцтве свідравін у Новым Свержані, Дзераўной і Драздах, рэканструкцыі водазабора "Альхоўка", будаўніцтве свідравіны і сетак водаправода ў Слабадзе, пракладцы водаправодаў у Новым Свержані, Дзераўной, Драздах, Наваколасаве, Стоўбцах, Мікалаеўшчыне, Старым Свержані - Ператоках, Шашках. Ёсць планы і па рэканструкцыі ачысных збудаванняў, будаўніцтве сетак каналізацыі і станцый біялагічнай ачысткі ў Стоўбцах, Наваколасаве, Любкаўшчыне, Дзераўной, Яблынаўцы, Ніўным, Заямным.
І. П. Шабуня, Н. Я. Плотнікава, М. М. Навіцкая, Н. П. Крамко і іншыя жыхары Задвор'я выказалі свае хваляванні адносна завода гарачага цынкавання, які плануецца пабудаваць у раёне Задвор'я.
- Тэма сапраўды актуальная, але падстаў для хвалявання няма. Я пабываў на выбраным зямельным участку. Па выніках абследавання мною ў мінулым годзе было падрыхтавана заключэнне. Яно папярэдняе, па адводзе данага зямельнага ўчастка на перыяд праектавання, перадпраектных пошукаў. Канчатковае заключэнне пакуль не выдавалася, і выдача яго залежыць ад многіх фактараў. Заказчык павінен прадаставіць нам дакументы ад спецыялізаваных арганізацый з комплексам пэўных разлікаў. Яны будуць датычыць памеру санітарна-ахоўнай зоны і ацэнкі рызыкі для здароўя насельніцтва. Пакуль гэта інфармацыя нам не паступала. Згодна з законам "Аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце", мы абавязаны вам яе паведаміць.
Адказваю на вашае пытанне: сёння з упэўненасцю магу сказаць, што пляцоўка, на якой плануецца будаваць завод, не ўяўляе небяспекі для водазабора "Альхоўка", які выкарыстоўваецца для водазабеспячэння Стоўбцаў, і адпавядае патрабаванням нарматыўных дакументаў. Што датычыць ацэнкі бяспекі для рэчкі, то гэтае пытанне не да санслужбы, а да інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У бліжэйшы час пройдуць грамадскія слуханні, у іх возьмуць удзел спецыялісты і прадстаўнікі розных службаў, якія выкажуць сваё слова на падставе атрыманых заключэнняў. Будзе вывучацца грамадская думка.






