Тыдзень Стаўбцоўшчыны
Нумар - №98-100 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
29.05.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб, зроблены 12 адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены пятнаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Андрэю Красоўскаму, Сямёну Муравейку, Мілане Каваленцы, Віталю Качановічу, Паліне Янушэвіч, Мацвею Курылу, Хведару Мацкевічу, Кацярыне Ждановіч, Уладзіславу Карповічу, Софіі Кандраценцы, Дар'і Каспяровіч, Івану Грынюку, Ксеніі Чарняўскай, Івану Сабалеўскаму і Паліне Далідовіч.
Зямны шлях закончыўся для 16 чалавек.
У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. У Кулі знішчана агнём лазня вяскоўца. Пажар адбыўся з-за няправільнага ўстройства пячнога ацяплення. У Ператоках пацярпеў ад агню дом вяскоўца. Гаспадар уключыў пліту і пакінуў без нагляду каструлю.
Міліцыяй узбуджана 16 крымінальных спраў. Грамадзянін выкраў з кватэры стаўбчаніна мабільны тэлефон. Невядомы ўгнаў ад будынка аўтавакзала дамскі веласіпед. Веласіпед прапаў і з хлява жыхара Наваколасава. У Семенчыцах злачынец абрабаваў дзве хаты. Злодзей (імя яго вядома) учыніў крадзеж у магазіне ў Семенчыцах. Крадзяжы зафіксаваны таксама з дачнага дома, які будуецца ў Жаўнеркавічах, з дамоў у Найдзёнавічах, Варапаях, Серкулях, з гаспадарчых пабудоў у Асіпаўшчыне, Засуллі і Наваселлі. У Новым Свержані грамадзянін займаўся збытам наркатычнага рэчыва. Жыхар Шашкоў знайшоў у зямлянцы паблізу Наваполля боепрыпасы, якія незаконна перавёз і захоўваў у сваёй кватэры.
Пракуратурай раёна праводзяцца праверкі па факце смерці жыхароў Стоўбцаў і Новага Свержаня, а таксама па заяве грамадзяніна аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў і неабгрунтаваным прымяненні фізічнай сілы супрацоўнікамі РАУС пры затрыманні. У судзе раёна разгледжаны чатыры іскі пракурора аб спагнанні сродкаў за ўтрыманне асуджаных у месцах пазбаўлення волі, 3 грамадзянскія справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў бацькоў, якія злоўжываюць спіртным.
Суд аштрафаваў на 1 мільён 50 тысяч рублёў 19-гадовага жыхара п. Нёман. Ён згубіў дакументы, але палічыў за лепшае паведаміць у міліцыю аб іх крадзяжы. За незаконнае паляванне і адстрэл ласіхі стаўбчанін прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на 2 гады. Стаўбчанка, якая перавозіла на сваім аўтамабілі 150 літраў дызпаліва (звыш устаноўленай нормы), аштрафавана на 175 тысяч рублёў, паліва канфіскавана. За знаходжанне на рабочым месцы ў нецвярозым стане пакараны штрафам па 70 тысяч рублёў дзве жанчыны-жывёлаводы СЖК "Налібакі".
ДАІ выявіла 138 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 4 п'яныя і 6 бяспраўных вадзіцеляў, 8 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. А палове трэцяй ночы на 281-м км аўтадарогі Брэст - Мінск - мяжа РФ здарылася аварыя, у якой пацярпеў вадзіцель велікагрузнага аўтамабіля "Сканія", грамадзянін Польшчы. Па папярэдняй інфармацыі, ён заснуў за рулём і наехаў на аўтамабіль "КАМАЗ", што ехаў перад ім.
"Хуткая" выязджала да хворых 439 разоў. 24 сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.






