Птушыны грып не пагражае
Нумар - №101-102 Рубрыка - Прамая лінія
31.05.2011

Падчас прамой лініі з галоўным ветэрынарным урачом раёна Анатоліем Іванавічам Гусачонкам паступіла шэраг пытанняў, на якія былі дадзены змястоўныя адказы.
Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі неаднойчы чытала аб тым, што ў Расіі свінні хварэюць на афрыканскую чуму. Што робіцца ў нашым раёне для таго, каб пазбегнуць такога асабліва небяспечнага захворвання?
- У Рэспубліцы Беларусь і нашым раёне ў прыватнасці такога захворвання, як афрыканская чума свіней, не выяўлена. Усе жывёлагадоўчыя комплексы працуюць у рэжыме прадпрыемстваў закрытага тыпу. Праводзяцца розныя мерапрыемствы па прафілактыцы, а таксама, згодна з распрацаванай праграмай, штомесячна праводзіцца і маніторынг.
Ці пагражае нам птушыны грып і якая абстаноўка па гэтым захворванні ў нашай рэспубліцы і бліжэйшых краінах?
- Не турбуйцеся, у нашай краіне абстаноўка з птушыным грыпам добранадзейная. Прафілактыка па недапушчэнні гэтага захворвання пастаўлена на высокі ўзровень на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, пастаянна прымаюцца адпаведныя меры па недапушчэнні заносу інфекцыі. З пачатку года і па сённяшні час захворванне людзей на грып птушак Н5N1 зарэгістравана ў Егіпце, дзе лабараторна пацверджана 519 выпадкаў, з якіх 306 закончыліся лятальна. Адзінкавыя выпадкі зарэгістраваны ў краінах Еўропы, Азіі і Афрыкі.
Гаспадыня з Налібак задала пытанне, ці можна набыць сперму кныроў для штучнага асемянення свінаматак у прыватным сектары.
- Наша арганізацыя не займаецца пастаўкай спермы. З гэтым пытаннем трэба звярнуцца ў райплемстанцыю, але, наколькі ведаю, такая паслуга прыватнікам не аказваецца.
Паступілі чатыры тэлефанаванні ад грамадзян (апошняе з вёскі Цеснавая) наконт правядзення прафілактычных даследаванняў на лейкоз і туберкулёз буйной рагатай жывёлы ў прыватным сектары. Ці абавязкова іх праводзіць і чаму гэта паслуга платная?
- З мэтай недапушчэння перазаражэння на пашах кароў прыватнага сектара лейкозам і туберкулёзам, неабходна перад вывядзеннем жывёлы на пашу абавязкова правесці абследаванне. Зрабіць яго трэба неадкладна. Так патрабуюць распрацаваныя ветэрынарна-санітарныя правілы. Да таго ж, гэта неабходна рабіць не толькі для захавання здароўя жывёлы, а і людзей, таму што хваробы перадаюцца чалавеку праз малако.
Што тычыцца аплаты, то пры аказанні данай паслугі ветспецыялістамі сельгасарганізацыі, на тэрыторыі якой пражываюць уладальнікі жывёлы, яна выконваецца бясплатна. Пры правядзенні даных даследаванняў ветспецыялістамі раённай службы кошт правядзення аналізаў адной жывёліны складае пяць тысяч рублёў. Цана гэта складаецца з затрат на паліва, дыягностыку і г. д.
Выдача адрыўных талонаў пры разліках за аказаныя паслугі з 1 красавіка бягучага года адменена. Уведзены касавыя апараты, якія працуюць ад электрасеткі і на кожную кропку вываду жывёлы іх проста не хапае.
Жыхара Залужжа цікавіла сітуацыя ў раёне па шаленстве жывёлы.
- З пачатку года зарэгістравана тры выпадкі захворвання, сярод якіх два ў дзікай прыродзе - шалёныя лісы наведаліся ў вёскі Цвіркі і Новы Свержань, і адзін - захварэў кот у Горках. З мэтай стабілізацыі эпізаатычнай абстаноўкі ў раёне праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў супраць шаленства - да 1 чэрвеня запланавана было ахапіць імунізацыяй дамашнюю жывёлу прыватнага сектара (каты і сабакі). Праведзена імунізацыя дзікіх драпежных жывёлін на тэрыторыі 121 квадратны кіламетр ляснога масіву раёна. Перад вывадам на пашу праводзяцца прафілактычныя вакцынацыі грамадскай жывёлы ў нядобранадзейных па шаленстве пунктах. Усім уладальнікам дамашняй жывёлы неабходна строга прытрымлівацца ветэрынарна-санітарных правілаў па іх утрыманні, а іменна, штогод дастаўляць сваіх гадаванцаў у ветэрынарныя ўстановы для правядзення вакцынацыі.
Якія віды ветэрынарных паслуг аказваюцца дамашняй жывёле ў ветлячэбніцах?
- Медыкаментознае лячэнне. Прычым праводзіцца яно не толькі сабакам і катам, але таксама курам, свінням, буйной рагатай жывёле і інш. Таксама аказваецца лячэбная дапамога птушкам. З гэтай мэтай праведзена перападрыхтоўка ветспецыялістаў. Усе паслугі, якія мы прапануем, платныя, але цэны даступныя і ніжэйшыя, чым у прыватных спецыялістаў.
Званок са Стоўбцаў: "Мая дачка ў гэтым годзе заканчвае Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны на платнай аснове. Ці ёсць у яе магчымасць уладкавацца на працу ў раённую ветэрынарную станцыю?"
- На сённяшні дзень вакантных пасад ветэрынарнага ўрача ў райветстанцыі няма, але многія сельгасарганізацыі раёна з задавальненнем возьмуць маладога спецыяліста на працу. Маюць патрэбу ў такіх кадрах ААТ "Вішнявецкі-агра", "Вялікі Двор", "Аталезь-агра", "Каганец", "Рочавічы" "Радзіма Дзяржынскага" і інш. Было б жаданне, а работа па даным профілі ў раёне заўжды знойдзецца.






