Стараста – "хросная" для сястрычак
Нумар - №101-102 Рубрыка - Сям’я
31.05.2011


Чаславу Душкевіч, старасту вёскі Мархачоўшчына, можна назваць "хроснай" для маладой сям'і Забаронкаў - мамы, таты і іх дачушак Тані і Светы.
Дзякуй Богу, ужо больш за год у гэтай сям'і ўсё складваецца нармальна. У цяжкі для яе перыяд Часлава Душкевіч у ліку першых прыйшла на дапамогу, падтрымала і ўсяліла надзею. Яна знайшла для гэтага і час, і сілы, як для блізкіх людзей, хаця ўсё іх "сваяцтва" - гэта пражыванне ў адной вёсцы, на адной і той жа вуліцы. Дамы, праўда, знаходзяцца вельмі блізка - праз дарогу, адзін насупраць аднаго.
"Якая цяпер у сям'і абстаноўка?" - цікавімся адразу ў старасты, на што яна прапануе: "А зараз зойдзем і паглядзім!"
...Дома ў Забаронкаў выбягаюць дзеці - дзве шчабятлівыя сястрычкі. Бацькі на рабоце. На ферму ідуць яны з самай раніцы і вяртаюцца, як звычайна, позна. Дзяўчынкі тэлевізар глядзяць, нешта пішуць, абедзве - левай рукою (яны, як і іх тата - ляўшы). Таня вучыцца ў чацвёртым класе, Света - у першым. Якраз канікулы, таму ад урокаў можна адпачыць. Як і ад таго, што старэйшай, яна займаецца ў другую змену, раніцай не трэба спецыяльна ўставаць і адпраўляць на школьны аўтобус малодшую (мама ж і тата на рабоце!). На тварах дзяцей радасныя ўсмешкі.
Дзяўчынкі наперабой сталі пералічваць, чым дапамагаюць маме: прыбіраюць у доме, посуд мыюць, у агародзе ўпраўляюцца. Любяць пагуляць на вуліцы, бо ў доме асабліва няма дзе пасваволіць. Дом невялікі, калгасны, падзелены на дзве сям'і. Дзяўчынкі правялі ў свой пакой. Ён светлы, чысты, праўда, адначасова з'яўляецца і залай для ўсіх. Ёсць яшчэ спальня бацькоў - гэта пакойчык без акна. Цеснаватая кухня. На летніх канікулах дзяўчынкі мараць паехаць у аздараўленчы лагер "Нёман", а яшчэ - у госці да сваякоў.
Зазіраючы ў шчаслівыя вочы дзяўчынак, зусім не хочацца прыгадваць старое. Скажу толькі, што ў адносінах да гэтай сям'і прыйшлося прымяняць Дэкрэт № 18. Згодна з ім, дзеці былі часова змешчаны ў дзіцячы сацыяльны прытулак. Каб вярнуць дачок і захаваць сям'ю, бацькам была дадзена магчымасць выправіцца. Галоўнымі пунктамі ў плане рэабілітацыі сям'і было "завязаць" з алкаголем, навесці парадак у доме і т.п.
І Марына, і Алег Забаронкі вельмі любяць сваіх дачушак. Таму падобны ўльтыматум вельмі хутка "ацверазіў" іх і вярнуў на зямлю. І сапраўды, калі цвярозымі вачыма яны азірнуліся навокал, то жахнуліся ў першую чаргу ад убогасці і запушчанасці свайго жылля.
На шпалеры, фарбу і іншае патрэбны сякія-такія грошы. Дзе ўзяць іх? Галава сям'і кінуўся туды-сюды, у банк звярнуўся па крэдыт. А яго не даюць. Патлумачылі: вы і ваша жонка - абавязаныя асобы, павінны плаціць дзяржаве за ўтрыманне дзяцей. Замкнёнае кола!
Часлава Душкевіч, якая з першых дзён сачыла за развіццём падзей у гэтай сям'і і душой хварэла за выпраўленне маладых бацькоў, на гэты конт заўважае: "У настроі іх быў ужо крытычны, небяспечны момант - ім хацелася проста апусціць рукі".
Але стараста - жанчына мудрая, з жыццёвым вопытам, сама мае двух сыноў і статус бабулі, не дала ім гэтага зрабіць. "Добра думай - добра будзе" - так навучыла яе жыццё. Паехала яна да старшыні гаспадаркі і выступіла своеасаблівым паручыцелем за сям'ю Забаронкаў. Папрасіла, каб на рамонт дома ім выдзелілі грошы авансам. Потым іх па частках вылічвалі з заробку Алега. Марына ў гэты час зламала нагу, таму старасце прыйшлося дапамагчы гаспадару і ў выбары неабходных для рамонту матэрыялаў, і ў паклейцы шпалераў.
І як склалася жыццё ў абноўленым доме?
"Бачылі б вы вочы дзяцей, калі іх забіралі ў прытулак, і іх вочы як вярнуліся! Яны зайшлі ў сваю хату і... не пазналі яе", - словы сваёй "хроснай" пацвярджаюць дзяўчынкі адпаведнай мімікай. - Быў якраз Свецін дзень нараджэння. Торцік купілі, папілі чаю". Што і казаць, цвярозыя бацькі - шчаслівыя дзеці.
Дзень за днём - непрыкметна прайшоў час. Мінуў год як сям'я Забаронкаў нарадзілася другі раз. Жыве яна звычайнымі вясковымі клопатамі. Трымае карову, свіней. Разам з бацькамі і дочкі прывучаюцца да працы. За апошні час сям'я набыла сучасную пральную машыну, газавы кацёл, для гаспадара - бензапілу.
- У іх з'явілася цікавасць да жыцця, - радуецца Часлава Душкевіч за "хросную" сям'ю і выказвае спадзяванне, што з часам гаспадарка дапаможа ажыццявіць яе мару - пераехаць у больш прасторнае жыллё.
НА ЗДЫМКАХ: стараста і "хросная" сям'і Забаронкаў Часлава Душкевіч; сястрычкі-шчабятушкі.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






