У асветніцкай рабоце – разам
Нумар - №101-102 Рубрыка - Медыцына
31.05.2011
26-27 мая прайшла агульнарэспубліканская медыцынска-асветніцкая акцыя "Разам супраць раку". У ёй прынялі ўдзел і медыцынскія работнікі нашага раёна. Урач-анколаг Наталля Шаруан звяртае ўвагу на актуальнасць акцыі:
- У раёне ў мінулым годзе выяўлена 194 выпадкі анкалагічных захворванняў, а за 4 месяцы бягучага года - 70 новых выпадкаў. Таму такая занепакоенасць і павышаная ўвага да анкалагічных праблем. Вялікае значэнне мае лад жыцця і харчаванне чалавека. Вядучае значэнне ў аздараўленні ладу жыцця прыдаецца кантролю курэння. Значна павышаецца анкалагічная захваральнасць і пры ўжыванні алкаголю. Вялікае значэнне ва ўзнікненні злаякасных пухлін надаецца дзеянню іанізуючых выпраменьванняў, ультрафіялетаваму аблучэнню, а таксама неіанізуючым электрамагнітным выпраменьванням радыё- і мікрахвалевага дыяпазону. Устаноўлена дакладная сувязь паміж катастрафічнымі падзеямі ў жыцці чалавека, узрастаннем эмацыянальнай падаўленасці неўратычнага характару ў выніку нервова-псіхічнай траўмы і ўзнікненнем такіх пухлін. Вельмі важнае значэнне мае характар харчавання чалавека. У рацыёне харчавання тлушчы не павінны перавышаць нормы. Вітаміны А, В, С, Е аказваюць на канцэраген інгібіруючае ўздзеянне, таму рацыён харчавання павінен быць багаты на прадукты расліннага паходжання.
Да ліку іншых накірункаў прафілактыкі злаякасных пухлін адносяць медыка-генетычную прафілактыку шляхам выдзялення сем'яў са спадчыннай схільнасцю да пухлінных захворванняў. Жанчынам, якія маюць абцяжараны анамнез адносна раку малочнай залозы не рэкамендуецца грудное кармленне, ужыванне кавы, прыём некаторых медыкаментаў, асабліва рэзерпіну і групы раўвальфін.
Імунабіялагічная прафілактыка праводзіцца шляхам фарміравання груп людзей з імуналагічнай недастатковасцю і арганізацыі мерапрыемстваў па яе карэкцыі з адначасовай абаронай ад магчымых канцэрагенных уздзеянняў.
Другасная прафілактыка прадстаўляе сабою раннюю дыягностыку анкалагічных захворванняў, што забяспечвае найбольш высокую эфектыўнасць іх хірургічнага і іншага лячэння. Таму вялікае значэнне набывае дыспансерызацыя, кваліфікаваная санітарна-асветніцкая работа. Рак - гэта сур'ёзнае захворванне. Каб супрацьстаяць яму, трэба захоўваць правільны рэжым харчавання, здаровы лад жыцця і, вядома, рэгулярна праводзіць самаабследаванне. Гэтыя меры дадуць магчымасць прадухіліць развіццё ракавай пухліны, а ў выпадку яе ўзнікнення - своечасова звярнуцца да ўрача.






