У райбальніцы
Нумар - №101-102 Рубрыка - Медыцына
31.05.2011
ТАЛЕНТЫ СЯРОД МЕДЫКАЎ
Традыцыйная ўрачыстасць у цэнтральнай раённай бальніцы, прысвечаная Дню медыцынскай сястры, сёлета была надзвычай адметнай. Сярэдні медыцынскі персанал у лячэбна-прафілактычных установах раёна прадстаўляюць 394 спецыялісты. Лепшыя з іх былі адзначаны кіраўніцтвам на святочнай урачыстасці.
Галоўная медыцынская сястра Святлана Высоцкая прапанавала сёлета зрабіць канцэрт сваімі сіламі. Колькі талентаў адкрылася на сцэне! Ад кожнага аддзялення гучалі нумары, выканананыя не толькі самімі медыцынскімі работнікамі, але і членамі іх сем'яў. Многія дзеці вучацца ў школе мастацтваў. Яны выканалі творы на музычных інструментах, хтосьці прачытаў уласныя вершы, некаторыя саліравалі. Усе прысутныя атрымалі вялікае задавальненне ад канцэрта. Было вырашана такую практыку працягваць.
ДЛЯ АПЕРАЦЫЙНАГА БЛОКА
Кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы звярнулася да прадпрыемстваў і арганізацый раёна з просьбай аказаць спонсарскую дапамогу ва ўкамплектаванні бальніцы неабходным абсталяваннем для правядзення дыягностыкі і лячэння пацыентаў. Першай на гэту просьбу адклікнулася старшыня ААТ "Высокі Двор" Вольга Луцык. З гэтага сельгаставарыства было пералічана больш за 6 мільёнаў рублёў на набыццё спецыяльных ралетаў у аперацыйны бок. Да гэтага вокны былі адкрытымі. Такі набытак палепшыў умовы нялёгкай працы хірургаў і стварыў больш спрыяльную атмасферу для саміх пацыентаў.
Кіраўніцтва райбальніцы і хірургі выказваюць вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву сельскагаспадарчага таварыства "Вялікі Двор" за такую важкую дапамогу.
НАБЫЦЬ ТАНОМЕТР
Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта "Аб прафілактыцы артэрыяльнай гіпертэнзіі" кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы падрыхтавала пісьмы кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна ўсіх форм уласнасці з рэкамендацыяй набыць апараты для вымярэння артэрыяльнага ціску. Пры гэтым медыцынская ўстанова абавязуецца правесці навучанне на базе паліклінікі тых асоб на прадпрыемствах, хто будзе назначаны вымяраць ціск.
Такое рашэнне ўзнікла невыпадкова. Паказчык пярвічнай захваральнасці на артэрыяльную гіпертэнзію ў раёне ў 2010 годзе павялічыўся на 10,5 працэнта. Адзначаецца рост сардэчна-сасудзістых захворванняў на фоне артэрыяльнай гіпертэнзіі. Доля хвароб сістэмы кровазвароту ў агульнай смяротнасці насельніцтва ў мінулым годзе склала 53 працэнты. На дыспансерным уліку ў тэрапеўтаў стаяць 4402 пацыенты з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, з іх асоб працаздольнага ўзросту - 1910 чалавек, у групе высокай і вельмі высокай рызыкі - 1769 чалавек. Таму рэкамендацыі па набыцці танометраў з'яўляюцца настойлівымі.






