Дзень добры, соты стаўбчанін!
Нумар - №103-105 Рубрыка - Сям’я
03.06.2011

Ягору Канавалу пашанцавала ўжо з першых дзён нараджэння. Напярэдадні Дня сям'і, 14 мая, ён з'явіўся на свет. А пры рэгістрацыі ў органах ЗАГС хлопчык стаў юбілейным, сотым жыхаром горада Стоўбцы з пачатку 2011 года.
На першай у сваім жыцці ўрачыстасці двухтыднёвы Ягорка таксама прысутнічаў: мірна пасопваў на руках у таты. У сям'і ён жаданае трэцяе дзіця. У Ягоркі ёсць сястрычка Дар'я і брацік Арцём. Неўзабаве ў іх павінна быць новая кватэра, таму што бацькі будуюць "трохпакаёўку" ў жыллёва-будаўнічым кааператыве "Калінка".
Тата Ягора - старшы оперупаўнаважаны выпраўленчай установы адкрытага тыпу № 41, мама - псіхолаг цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Разам з віншаваннямі і падарункам загадчык аддзела ЗАГС Ала Янкоўская ўрачыста ўручыла ім першы дакумент іхняга сына - пасведчанне аб нараджэнні. Убаку не застаўся і аддзел па справах моладзі.
- Наша акцыя носіць сімвалічную назву - "Нас двое +", - тлумачыць начальнік аддзела па справах моладзі Настасся Віслаўская і выказвае спадзяванне, што ўшаноўваць "юбілейных" нованароджаных стане новай добрай традыцыяй нашага горада.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






