мобильная версия
Прамень

Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумар - №103-105    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

03.06.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне за тыдзень толькі адзін шлюб, а таксама адзін сямейны саюз скасаваны. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дзвюм маленькім жыхаркам Стаўбцоўшчыны: Вікторыі Любко і Ксеніі Бандаровіч.

Зямны шлях закончыўся для 8-мі чалавек.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь былі затрыманы на вадаёме непадалёку ад вёскі Падгорная двое жыхароў Дзяржынскага раёна: з дапамогай устаўной сеткі ў забароненыя тэрміны гэтымі браканьерамі здабыта 134 плоткі і 142 ракі вузкапалыя. Страты, нанесеныя прыродзе ў выніку незаконнай рыбалкі, перавысілі 10 мільёнаў рублёў. Па гэтым факце райаддзелам міліцыі ўзбуджана крымінальная справа.

Пракуратурай раёна праводзіцца праверка па факце смерці жыхароў Стоўбцаў і Заямнага. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па дзвюх крымінальных справах, разгледжаны дзве грамадзянскія справы аб прызнанні грамадзяніна недзеяздольным. У суд накіравана крымінальная справа ў адносінах да аднаго абвінавачванага. 

Суд асудзіў да штрафу ў памеры 1 мільён  50 тысяч рублёў 38-гадовага жыхара вёскі Пруды: мужчына выкраў 250 тысяч рублёў. 65-гадовы жыхар Канкаловічаў паўторна на працягу года кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, за што прыгавораны да 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў штрафу, а таксама пазбаўлены права кіравання на 5 гадоў. 45-гадовы жыхар  Гуменаўшчыны, будучы абавязанай асобай, ухіляўся ад работы: за няяўку на працу на працягу 10-ці і больш дзён ён асуджаны да выпраўленчых работ з вылічэннем з заробку 10-ці працэнтаў. Ваеннаабавязаны стаўбчанін, які адмовіўся ад праходжання дактыласкапіі і аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, пакараны штрафам на суму 1 мільён 50 тысяч рублёў. На 525 тысяч рублёў аштрафаваны жыхар Галавенчыцаў - за рэалізацыю самагону. Жыхар Вялікага Двара захоўваў на падворку ў нежылым доме паляўнічую зброю і 6 патронаў, не маючы на гэта дазволу  органаў унутраных спраў. Зброя і боепрыпасы канфіскаваны, а іх уладальнік атрымаў штраф - 420 тысяч рублёў.

 ДАІ выявіла 10 бяспраўных і 8 нецвярозых вадзіцеляў, у тым ліку двое - трактарысты ААТ "Шашкі" і "Рочавічы" - кіравалі ў такім стане дзяржтранспартам. Здарылася 14 аварый. На 272-м км аўтамагістралі пацярпеў матацыкліст, жыхар Дзяржынскага раёна, які рухаўся ў напрамку Брэста і на вялікай хуткасці "ўехаў" у папутны мікрааўтобус. Ён атрымаў цяжкія траўмы, быў дастаўлены ў раённую бальніцу, дзе праз некалькі сутак памёр.

"Хуткая" выязджала да хворых 189 разоў, у прыватнасці, 14 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Чатыры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ