мобильная версия
Прамень

Слова пра лес

Нумар - №103-105    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

03.06.2011

Фотография 1
Фотография 2

У мірныя дні і ў часы ліхія

Кармілі, тулілі нас гмахі лясныя,

І хаты мы бралі з лясоў дзервяныя,

І мёд нам даюць верасы…

Якуб Колас

 

Нашы лясы - гэта тэма і вечная, і неабсяжная. Зрэшты, менавіта лясным стварыў Бог гэты куток. Чалавек адваёўваў жыццёвую прастору ў зялёным абшары - карчаваў дрэвы, абрабляў зямлю і засяваў палі, каб мець харчаванне. Гавораць, што чалавек - дзіця лесу. Іменна лес даў нашым продкам першы прытулак, накарміў яго пладамі, каранямі і ўсялякай жыўнасцю. З драўніны ставілі людзі  хаты, і раслі паселішчы. Праносіліся буры прыродныя, і вогнішчы войнаў. Міналі гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі. Лес заўсёды ратаваў, бараніў чалавека. А сёння нам усё часцей трэба задумвацца, што трэба ратаваць лес.

Ці ўяўляем, якое маем вялікае багацце? Каля 44-х працэнтаў Стаўбцоўшчыны займаюць лясы. Да прыкладу, у суседнім Нясвіжскім раёне лясоў ад агульнай тэрыторыі ўсяго 10 працэнтаў.

Наша старонка лясная. Абшары Налібацкай пушчы, дзе захаваліся ўчасткі старадаўняга, рэліктавага лесу, рэдкага не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. Коласаўскі заказнік, што аб'ядноўвае маляўнічыя мясціны роднага кута песняра. Прыслухайцеся да назваў нашых вёсак - Аталезь, Барок, Беламошша, Вязавец,  Дзераўная, Падлессе, Сосенка, Трылес... І яны даносяць пошум векавых бароў, мясцін, якія абжывалі нашы продкі.

Уявім сябе ў вобліку падарожніка, які з пустынных краёў, а іх таксама шмат на зямлі, трапіў у Беларусь. Хіба не зачаруе яго матава-белае святло бяроз. Не захопіць залацісты водбліск ствалоў высозных карабельных соснаў. Ці таямнічае маўчанне яловых лясоў. А магутныя дубы! Захаваліся яны ў паўднёвай частцы раёна. Берагчы трэба, каб не зніклі, не засталіся толькі на вечнай карціне Коласавай "Новай зямлі". Асіна, вольха, клён, ліпа, ясень, рабіна… У кожнага з гэтых прадстаўнікоў неацэннага царства Прыроды сваё хараство і адметнасць.

Тут гутарка была пра ўяўныя ўражанні госця, тубыльца стэпаў ды пустынь. А вось у рэальнасці да майго сябра, ураджэнца Белькаўшчыны, дачка якога жыве ў Іспаніі, прыехалі родзічы з гэтай паўднёвай краіны. Ужо чаго ў той Барселоне няма: буйны сакаўны вінаград, апельсіны растуць прама на вуліцы, просяцца ў рот. А захацелася іспанцам мець дачу ў Беларусі. "Такога лесу ў нас няма", - адназначна гавораць. І ўдакладняюць пра непаўторны, нідзе не бачны гаючы водар нашых лясоў. Пра лекавы цуд нашых суніц і чарніц. І пра захапляючае "ціхае паляванне" на грыбы.

Многім  беларусам пашчасціла пабываць за мяжой. У мяне, да слова, і праз дзесяцігоддзі свежыя ўражанні ад экскурсіі па адзінай тады Югаславіі. Мора там цудоўнае. Пальмы на вуліцах Заграба і Любляны. А за гарадамі абшары - горы ды скалы з хмызняком. Не, на поўдні падобнага лесу няма. Скажам, навагоднюю ёлку цяжка адшукаць нават на нашым поўдні - у лясах Палесся. Кожнаму сваё, а наша непаўторнае больш цэніць той, хто паблукаў па свеце.

Гэта  пра   добрае.  Ды  дзеля аб'ектыўнасці нельга не давесці і негатыўнае, што не спадабалася згаданым іспанцам. А не даспадобы прыйшлася засмечанасць лесу. Прыродныя бураломы, з якіх цяжка выбрацца. І самае прыкрае: звалкі смецця. Неахайнасць, несумленнасць, незразумелая для агледжанай, чысценькай Еўропы. Выверне нейкі нягоднік, інакш не скажаш, мала вядро, цэлы кузаў самазвала са сваім будаўнічым і іншым "пахучым" хламам. І смяецца недзе: хто мяне ў вялікім лесе затрымае, знойдзе?

Гаспадар лесу - лясгас. Шчыруе на нашых абшарах вялікая армія лесаводаў. Багатая і слаўная гісторыя Стаўбцоўскага доследнага лясгаса адлюстравана ў шматлікіх матэрыялах, якія там шаноўна захоўваюцца. Кожнаму прыгадваем, што службу лесніком больш як стагоддзе таму назад нёс бацька Якуба Коласа Міхаіл Міцкевіч. Жыццё і побыт былых  леснікоў - на вякі ў бессмяротных радках "Новай зямлі". Прыгадаем, што служыў лесніком і старэйшы брат Коласа Уладзя.

Стаўбцоўскі лясгас з, так бы мовіць, сучасным адміністрацыйным тварам утвораны ў 1939 годзе. Цікава, што ў першыя пасляваенныя гады арміяй суровых мужчын-лесаводаў кіравала жанчына - дырэктар Марыя Лёсік.

Разам з вытворчай, прамысловай дзейнасцю важная функцыя лясгаса - лесакультурныя работы. Проста кажучы, аднаўленне высечак маладым лесам. Шмат лесу садзілі і на пясчаных пустках сельгаспадарак. Шмат дзе гэтыя "штучныя" лясы радуюць  сёння і свежым падыходам, і багаццем  ягад ды грыбоў.

Важная справа лясгаса - ахова лесу. Але, як кожны разумее, за кожным дрэвам ні лесніка, ні міліцыянера не паставіш, каб злавіць за руку шкодніка-"смеццяноса". Прыгадаем, што ў часы шчыравання на лесніковай пасадзе бацькі Коласа прадаваліся білеты на права збору ягад і грыбоў. Цяпер жа, бывае, на лясных дарогах і сцежках падчас грыбнога і ягаднага сезона безліч машын. Лесу ад гэтага не карысць, а адна шкода.

50-гадовы юбілей адсвяткавала  Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, страктурная адзінка якога дзейнічае і ў нашым раёне. Задачы, як і паўнамоцтвы, у экалагічнай інспекцыі шырокія. Сказаць абагульняюча, гэта арганізацыя кантролю над выкарыстаннем прыродных рэсурсаў і выкананнем мерапрыемстваў па іх аднаўленні. Лясы, іх багаты раслінны і жывёльны свет - усё гэта павінна надзейна ахоўвацца,  зберагацца для нашчадкаў.

Наша прыродаахоўная інспекцыя, якая  таксама мае багатую гісторыю, можа складаць свой летапіс. Добры след пакінуў тут сваім шчыраваннем Іван Шагун, чалавек ініцыятыўны, неабыякавы, творчы. І ў допісах, што ён прыносіў у рэдакцыю, на жывой беларускай мове, з прыведзенымі "вострымі" фактамі, якія стараўся абнародаваць, адчувалася барацьба за чыстую экалогію Стаўбцоўшчыны, у тым ліку і нашых лясоў. Дбайна і ўмела вёў справу Дзмітрый Астрэйка, з дапамогай якога рэгулярна выпускалася праменеўская тэматычная старонка "Родны край". Працягваць бы гэтыя традыцыі…

Лес штогод новы. Шчыра сустрэне ён шматлікіх сваіх гасцей, якія неўзабаве прыйдуць у яго зялёныя святліцы, шчодра падзеліцца дарамі. З дабром ідзіце, людзі!

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Ф. БАНДАРОВІЧ