Дубы запрашаюць
Нумар - №106-107 Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край
07.06.2011

Сёлета новы турысцкі сезон у Дубах быў адкрыты яшчэ ў сярэдзіне мая.
Першым выпала зрабіць гэта заўзятым турыстам - прадстаўнікам Рэспубліканскага цэнтра па турызме.
- Адпачывалі ў палатачным лагеры, спаборнічалі на беразе Нёмана. Засталіся задаволенымі і надвор'ем, і ўмовамі знаходжання, - адзначае в. а. дырэктара Мікалай Марук.
Можна сказаць, што гэта была своеасаблівая рэпетыцыя перад галоўным і вельмі адказным мерапрыемствам, якое павінна прайсці сёлета ў пачатку ліпеня на Стаўбцоўшчыне - турзлётам вучняў краін СНД. Для вырашэння арганізацыйна-падрыхтоўчых пытанняў кіраўніцтва турбазы разам з кіраўніцтвам раёна былі запрошаны прыняць удзел у рабочай нарадзе ў Міністэрстве адукацыі рэспублікі, якую праводзіў намеснік міністра Віктар Якжык. Перад стаўбчанамі пастаўлена задача добраўпарадкавання дарог, на паляне ў Дубах павінны з'явіцца дадатковыя грамадскія туалеты, сталы ды лавачкі, туды павінна падавацца электраэнергія. Неабходна прадугледзець, як будзе весціся своечасовая ўборка тэрыторыі і вываз адходаў.
Напярэдадні адкрыцця сезона адпачынку пабываў на турбазе, зрабіў агляд яе карпусоў і тэрыторыі генеральны дырэктар гасцінічнага комплексу "Арбіта" Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Анатоль Пенкрат (турбаза падпарадкуецца "Арбіце"). Ацэнка за падрыхтоўчы этап пастаўлена нядрэнная. Сёлета "Арбіта" выдзеліла турбазе трактар маркі "Беларусь-352" з нажом, шчоткай - каб было зручна падмятаць, чысціць тэрыторыю, якая займае амаль 12 гектараў. Запланавана набыць і касілку да гэтага трактара, неабходную для абкошвання больш чым 9-гектарнай плошчы ўрочышча Дубы.
Маляўнічая паляна ў Дубах карыстаецца вялікай папулярнасцю ў турыстаў і ў выхадныя дні не ведае цішыні.






