мобильная версия
Прамень

Карупцыя выкаранена?

Нумар - №106-107    Рубрыка - Ахова правапарадку

07.06.2011

Станоўчага адказу на гэта пытанне чытачы, вядома, не чакаюць. Як і не супакойваюць лічбы, што падае райаддзел міліцыі. Так, згодна са статыстыкай РАУС, злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ў 2007 годзе ў раёне было выяўлена 17, у 2008-ым - 14, у 2009 - 6, а ў 2010-ым - толькі 4. Сведчанне пра эфектыўнасць работы падраздзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі? У той жа час у Стаўбцоўскім раёне іншымі тэрытарыяльнымі праваахоўнымі службамі выкрываліся факты злачыннай дзейнасці карупцыйнай накіраванасці.

Так, летась аператыўнымі падраздзяленнямі Старадарожскага, Барысаўскага і іншых РАУС былі выяўлены факты ўчынення падлогу і атрымання незаконнага ўзнагароджання з боку службовых асоб у ААТ "Аўтаагратэхсэрвіс" у Стаўбцоўскім раёне. Хабар даваўся за выраб для зацікаўленых асоб фальшывых дакументаў аб нібыта праведзенай гэтым прадпрыемствам замене бензінавых рухавікоў аўтамабіляў на дызельныя. Крымінальная справа ў адносінах да аднаго з кіраўнікоў гэтай фірмы ва ўчыненні з 2006 па 2009 гг. 14 злачынных эпізодаў знаходзіцца на разглядзе ў судзе Стаўбцоўскага раёна.

Зарэгістраваныя ў 2010 годзе па лініі аддзялення БЭЗ злачынствы карупцыйнага характару выяўлены па заявах і паведамленнях ад грамадзян і арганізацый ці ў выніку актыўнай работы іншых падраздзяленняў РАУС.

Так, выяўлены два факты спробы даць хабар службовым асобам ДАІ за спрыяльнае вырашэнне пытання аб вызваленні ад адказнасці за ўчыненае правапарушэнне. Па адной крымінальнай справе вінаватая асоба асуджана, па іншай - праводзіцца расследаванне.

У ліпені 2010 г. была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да інжынера КСУП "Заямнаўскае" А. В. Рамэйкі па арт. 210 ч. 3 КК РБ (крадзеж маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры). Ён, з'яўляючыся службовай асобай, адказнай за дэмантаж і перавозку дрэваапрацоўчага абсталявання піларамы прадпрыемства, учыніў крадзеж гэтага абсталявання коштам больш за 15 мільёнаў рублёў і рэалізаваў яго прыватным асобам. Крымінальная справа разгледжана ў судзе Стаўбцоўскага раёна.

Пракуратурай раёна ў абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы было ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, што ствараюць умовы для злоўжывання і іншых карупцыйных правапарушэнняў. У прыватнасці, парадку прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі. Па выніках разгляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты начальнік раённай інспекцыі. Дырэктару Стаўбцоўскага ХПП, які дапусціў перадачу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей прадпрыемства без належнага афармлення, з перавышэннем паўнамоцтваў, аб'яўлена афіцыйнае папярэджанне.

Адзначаны і іншыя недахопы ў рабоце інспекцыі працы: парушэнне тэрмінаў правядзення спецыяльнага расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прадастаўлення іх вынікаў у праваахоўныя органы, пралікі ў арганізацыі нагляднай дзейнасці і выхаваўчай работы ў калектыве. Гэтыя недахопы разам з іншымі прычынамі прывялі да паслаблення дзяржаўнага нагляду ў наладжванні бяспечных умоў працы і захаванні працоўных правоў і гарантый грамадзян. Павялічылася колькасць абгрунтаваных скаргаў грамадзян на парушэнні закона ў працоўных праваадносінах, дапускаліся злоўжыванні з боку асобных інспектараў.

Праведзеныя ў другім паўгоддзі 2010 г. праверкі РАУС і пракуратурай раёна па арганізацыі работы ў Стаўбцоўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя таксама выявілі сур'ёзныя недахопы і недагляд. У тым ліку парушэнне заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

Было выяўлена правапарушэнне супраць экалагічнай бяспекі з боку службовых асоб СААТ "Белсэрвісзабеспячэнне" шляхам незаконнай высечкі больш за 240 дрэў. Страты экалогіі нанесены ў асабліва буйным памеры, што выклікае састаў злачынства, прадугледжанага арт. 277 ч. 2 КК РБ, аднак начальнік інспекцыі матэрыял для належнай прававой ацэнкі ў праваахоўныя органы не накіраваў. А абмежаваўся толькі складаннем пратакола аб адміністрацыйным прапапарушэнні ў адносінах да начальніка вытворчасці прадпрыемства.

У канцы 2010 г. у сувязі з парушэннямі заканадаўства пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак, правядзенні конкурсаў і аўкцыёнаў, што стварае ўмовы для злоўжыванняў, у райвыканкам унесена прадстаўленне аб іх ухіленні. Трывожным сігналам з'яўляецца і тое, што ў ходзе ўказанай праверкі з боку асобных службовых асоб мела месца ўхіленне ад падачы неабходных звестак і дакументаў правяраючаму па яго законным патрабаванні.

Па патрабаванні пракурора судом раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці начальнік свінатаварнага комплексу СВК "Вішнявецкі" за ўнясенне свядома лжывых запісаў у дакументы пярвічнага ўліку прыплоду і прываг па комплексе. На іх падставе сфарміраваны скажоныя даныя дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці СТК. Пабуджальным матывам было імкненне пазбегнуць крытыкі і іншых негатыўных наступстваў у сувязі з невыкананнем гаспадаркай прагнозных паказчыкаў па валавым прыбаўленні ў вазе жывёлы. Такая сітуацыя ў данай гаспадарцы наглядалася на працягу трох апошніх гадоў, што стварала ўмовы для злоўжыванняў.

Усяго пракуратурай раёна за мінулы год было праведзена 9 праверак выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, у тым ліку чатыры - у парадку разгляду зваротаў грамадзян. Па выніках праверак унесены чатыры прадстаўленні, вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці.

Удзялялася і ўдзяляецца ўвага пытанням фарміравання практыкі кампенсацыі ўрону, прычыненага ў выніку злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі або  неналежнага іх выканання. Асабліва аналізуецца дзейнасць праваахоўных і кантралюючых органаў, закліканых забяспечваць выкананне заканадаўства, выяўляць злачынствы і правапарушэнні, а таксама ажыццяўляць іх прафілактыку, у тым ліку і карупцыйных праяў.

Уладзімір ЯГАДЗІНСКІ, пракурор раёна