мобильная версия
Прамень

На сувязі — рэдакцыя

Нумар - №106-107    Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя

07.06.2011

Паступіла просьба адной са стаўбчанак: "Было б добра, каб у прамтаварным магазіне "Встреча" на прывакзальнай плошчы быў і аддзел абутку. Узнікаюць сітуацыі, калі трэба купіць пакаёвыя тапачкі, едучы ў бальніцу, ці мала якая непрадбачнасць у дарозе, калі чалавеку спатрэбілася такая пакупка. На вакзале гэта адзіны прамтаварны магазін".

Гэта пытанне мы адрасавалі дырэктару кааппрамгандлю Лідзіі Далідовіч: "У нас у горадзе два спецыялізаваныя магазіны абутку - "Чаравікі" і "Дзіцячы свет", таму ў іншых прамтаварных магазінах гэты аддзел адсутнічае. Аднак калі ёсць такая патрэба, то мы пастараемся задаволіць просьбу пакупнікоў. У бліжэйшы час у магазіне "Встреча" на прывакзальнай плошчы будзе адкрыты аддзел, дзе можна будзе набыць мужчынскі і жаночы абутак".

В. Г. Ермаковіч са Старога Свержаня звярнула ўвагу на тое, што ў сельскім магазіне гэтай вёскі трэба было б парамантаваць ганак.

Намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства па будаўніцтве Анатоль Копач адказаў, што рамонтныя работы былі спынены па аб'ектыўных прычынах. Ганак будзе адрамантаваны ў самы бліжэйшы час.

Жыхары і дачнікі Вялікай Гуменаўшчыны паведамілі, што ў вёсцы не функцыянуе водаправод. Вада была перакрыта яшчэ восенню з-за няспраўнасці калонак. Яны звярталіся да дырэктара таварыства з просьбай іх адрамантаваць, але пакуль што справа з месца не зрушылася.

За тлумачэннем сітуацыі мы звярнуліся да дырэктара ААТ "Шашкі" Андрэя Халюты. Ён паведаміў, што калонкі сапраўды патрабуюць рамонту і дзеля гэтых мэт завезены  неабходныя рэмкамплекты. На гэтым тыдні іх завязуць і пачнуцца рамонтныя работы.