мобильная версия
Прамень

Па дарозе на Мір

Нумар - №109-110    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

10.06.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Цудоўны і практычны гарадок для адпачынку падарожніка створаны па дарозе на Мір, на мяжы Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Для гэтага пастараліся стаўбцоўскія лесаводы, а іменна работнікі Апечкаўскага, Акінчыцкага, Старынскага, Рубяжэвіцкага, Кульскога і Прудскога лясніцтваў. Гэта іх рукамі, фантазіяй за некалькі майскіх дзён ажыў куточак лесу пры шумнай аўтадарозе. Давайце і мы спынім аўто і пагуляем па ім.

Міма стромкіх бяроз ідзём за дэкаратыўны плоцік з ляшчыны. Зроблены накшталт старадаўняга тыну, ён адразу выклікае ўсмешку і настройвае на рэфлексіі. Кліча падысці, падзівіцца не зусім звычайная альпійская горка - з моху і лішайніку.

Глядзіш, і дзеці ўжо знайшлі сабе забаву. За плоцікам для іх гушкалка, па-майстэрску зробленая з бярозы, і сапраўдная поўная пясочніца. Запрашаюць аж тры альтанкі! У іх можна схавацца ад дажджу і сонца і, як нашы продкі, сесці на масіўную дубовую лаву, за дубовы стол... З вечнага матэрыялу створана прыгажосць - значыць, надоўга.

На выбар адпачываючых яшчэ адна альтанка - адкрытага тыпу. Не трэба думаць і дзе развесці касцёр, калі ёсць жаданне паласавацца на прыродзе шашлыком. Тут абсталяваны два кастрышчы. Не варта хвалявацца за абутак і, прабачце, за ногі. Пад імі - тупкія сухія дарожкі, вымашчаныя мазаікай з дубовых кольцаў, па баках умацаваныя шчэбенем. На месцы туалет, урны для смецця.

Гэты ўтульны гарадок - прыгожая "візітоўка" Стаўбцоўшчыны. "Называецца яна зонай адпачынку "Залужжа", - тлумачыць памочнік ляснічага Апечкаўскага лясніцтва Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Дзмітрый Шаціла. - Наведвальнікаў тут, асабліва гэтай летняй парой, шмат, але смецця, на шчасце, нідзе не відаць. Турысты прыбіраюць за сабою, што вельмі радуе. Хацелася б, каб так заставалася і надалей".

Чысціня ва ўтульным прыдарожным гарадку павінна падтрымлівацца, а вось густой лясной цішыні не даюць застаяцца птушкі. У гэтай добраўпарадкаванай казцы іх песня стварае асаблівую ідылію.             

Калі пад'ехалі да "Залужжа", тут стаяў аўтамабіль, яго вадзіцель здымаў дарожную стому. І мы хораша правялі тут паўгадзіны, атрымалі зарад бадзёрасці. А не паспелі ад'ехаць, сюды ўжо завярнула з шашы іншая машына... Вочы бачаць і вядуць туды, дзе прыемна спыніцца, дзе люба адпачыць!

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ