мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №109-110    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

10.06.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 7 шлюбаў, зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены васьмярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Ягору Канавалу, Мацвею Герасіменку, Карыне Ліпніцкай, Маі Папкоўскай, Мікіту Лябедзьку, Станіславу Рыштоўскаму, Глебу Ціхановічу і Марыі Маркачэўскай.

Зямны шлях закончыўся для 13-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі выезд на дарожнае здарэнне: непадалёку ад Ячонкі падчас руху ўспыхнуў аўтамабіль "Масквіч". На жаль, уратаваць аўто не ўдалося. Са Стоўбцаў, з вуліцы 17 Верасня паступіў сігнал аб спальванні на адным з прысядзібных участкаў смецця і ўзнікшай у сувязі з гэтым пагрозе суседнім дамам. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі на вінаватага складзены адміністрацыйны пратакол. Штраф у такіх выпадках - ад 105 тысяч да 1 мільёна 50 тысяч рублёў. У пажаранебяспечны перыяд неабходна быць асабліва асцярожнымі з агнём. Трывожыць, што ўстойлівае сухое надвор'е выклікала выпадкі загаранняў у лясных масівах.

Пракуратурай раёна праводзяцца праверкі па фактах смерці жыхароў Стоўбцаў, вёсак Вішнявец і Дразды, пасёлка Наваколасава. У судзе падтрымлівалася абвінавачванне па 3-х крымінальных справах, а таксама накіраваны ў суд 5 крымінальных спраў у адносінах да 5 асоб.

Суд прыгаварыў да 1,5 года зняволення 29-гадовага жыхара Дзераўной, які выкраў у аднавяскоўца маёмасць на агульную суму 630 тысяч рублёў. 35-гадовы жыхар Агароднікаў абмежаваны ў волі на 2 гады: мужчына абвінавачаны ў фальшывым паведамленні ў міліцыю, нібыта дырэктар аднаго з заводаў патрабаваў у яго за працаўладкаванне на пасаду грузчыка тысячу долараў ЗША. 33-гадовы жыхар Тонава ехаў у маршрутным аўтобусе Стоўбцы - Ціскаўшчына ў стане алкагольнага ап'янення і абражаў вадзіцеля, потым аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, за што арыштаваны на 10 сутак і пакараны штрафам у 140 тысяч рублёў.

ДАІ выявіла 132 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 9 бяспраўных і 7 п'яных вадзіцеляў (у тым ліку рухаўся нецвярозым на дзяржтранспарце трактарыст ААТ "Радзіма Якуба Коласа", раней ужо пазбаўлены права кіравання), 10 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. За некалькі дзён мінулага тыдня ў дарожных аварыях пацярпелі трое чалавек, у тым ліку малалетняе дзіця, а адзін - загінуў. У вёсцы Дружная выбегла з-за аўтобуса і трапіла пад аўтамабіль васьмігадовая дзяўчынка. З пераломамі касцей таза яна шпіталізавана ў хірургічнае аддзяленне бальніцы. Бацькі, беражыце сваіх дзяцей, не пакідайце іх без нагляду! Трагедыя здарылася на аўтадарозе Стоўбцы - Мікалаеўшчына - Стальбоўшчына, на пад'ездзе да Кнотаўшчыны: вадзіцель аўтамабіля "БМВ" не справіўся з кіраваннем, з'ехаў у кювет і перакуліўся. Загінуў стаўбчанін 1984 года нараджэння. Яшчэ адзін стаўбчанін атрымаў траўмы. Па абодвух названых фактах вядзецца следства.  

"Хуткая" выязджала да хворых 216 разоў, у прыватнасці, 7 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ